Нацбанк: лічбавы беларускі рубель плануецца ўвесці ў 2026 годзе

Дарожная карта Нацбанка Беларусі па ўвядзенні беларускага рубля разлічана на бліжэйшыя тры гады.
Sputnik
МІНСК, 6 лют – Sputnik. Паўнавартаснае ўкараненне платформы лічбавага беларускага рубля (ЛБР) плануецца ў 2026 годзе, паведаміў журналістам намеснік начальніка Упраўлення даследаванняў і стратэгічнага развіцця Нацбанка Беларусі Міхаіл Дземідзенка, перадае карэспандэнт Sputnik Беларусь.
"Магчыма, у далейшым будзе арганізаваны абмен наяўнага рубля на лічбавы праз банкамат... Абмен ЛБР на наяўныя і безнаяўныя рублі будзен ажыццяўляцца бесперапынна", - сказаў Дземідзенка.
Ён растлумачыў, што кожны карыстальнік зможа адкрываць толькі адзін кашалёк. Рахунак ЛБР будзе адкрывацца ў Нацбанку, але з карыстальнікамі будуць працаваць камерцыйныя банкі.
"Мы не забіраем хлеб у банкаў", - акцэнтаваў увагу Дземідзенка.
Ён дадаў, што з ЛБР адсачыць рух грошай будзе нашмат прасцей.
Дземідзенка таксама адзначыў, што лічбавыя валюты цэнтрабанкаў дэцэнтралізуюць трансгранічныя плацяжы.
"Не будзе нейкага аднаго цэнтра або цэнтраў, якія будуць кіраваць гэтымі працэсамі", - сказаў прадстаўнік Нацбанка.
Ён згодзен з тым, што з-за гэтага SWIFT, а таксама долар і еўра як міжнародныя валюты, становяцца менш актуальнымі.

Дарожная карта

Укараняць ЛБР будуць у тры этапы. У бягучым годзе плануецца распрацаваць саму платформу лічбавага рубля.
Таксама пройдзе аўдыт ЛБР, сертыфікацыя крыптаграфічных алгарытмаў і сродкаў абароны інфармацыі. У 2024 годзе падрыхтуюць змены ў заканадаўства, каб замацаваць ЛБР у "нарматыўцы".
Да канца 2025 года плануецца "абкатаць" ЛБР у плацяжах паміж юрыдычнымі асобамі і ў трансгранічных разліках. У наступным годзе Нацбанк вывучыць магчымыя варыянты афлайн-плацяжоў ЛБР.
У 2026 годзе плануецца не толькі паўнавартаснае ўкараненне платформы ЛБР, але і кросчэйн-мастоў, што неабходна для афлайн-плацяжоў.
Нацбанк не выключае, што тэрміны дарожнай карты могуць мяняцца.

Узаемадзеянне з ЕАЭС

Беларускі бок знаходзіцца ў цесным кантакце па тэме ўвядзення лічбавай валюты як з расійскімі калегамі, так і з цэнтрабанкамі іншых дзяржаў ЕАЭС, заўважыў Міхаіл Дземідзенка.
Датычна Расіі ён адзначыў, што Нацыянальны банк Беларусі ўзаемадзейнічае па пытанні ўкаранення лічбавых валют з Цэнтрабанкам РФ, і на гэты конт у Мінска ёсць план.

"Безумоўна, мы знаходзімся ў кантакце з Цэнтрабанкам Расійскай Федэрацыі. Якраз у гэтым годзе і ў наступныя гады мы плануем дастаткова сур’ёзна ўзаемадзейнічаць", - сказаў ён.

Дземідзенка дадаў, што ў цэлым такое ўзаемадзеянне ёсць з цэнтрабанкамі іншых краін ЕАЭС.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Нацбанк: лічбавы рубель у Беларусі будзе заснаваны на блокчэйн