Губернатар Ленінградскай вобласці Аляксандр Драздзенка – часты госць у Беларусі. У 2022-2023 гадах такіх візітаў было некалькі. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на адной з сустрэч з Драздзенкам у Палацы Незалежнасці заявіў, што супрацоўніцтва Мінска з Ленінградскай вобласцю Расіі можа быць прыкладам узаемадзеяння.
Губернатар падчас візітаў у Беларусь наведвае не толькі Мінск, але і рэгіёны, дзе таксама праходзяць перагаворы аб развіцці двухбаковага супрацоўніцтва.
У вялікім інтэрв’ю Sputnik губернатар Ленінградскай вобласці Аляксандр Драздзенка распавёў аб планах у галіне будаўніцтва, адукацыі, медыцыны, турызму, а таксама раскрыў "тайны" партоў расійскай Балтыкі.
– Аляксандр Юр’евіч, ва ўмовах санкцый калектыўнага Захаду ў дачыненні да Расіі і Беларусі прэзідэнты дзвюх краін паставілі задачу актыўна развіваць тавараабарот у рамках Саюзнай дзяржавы. Вядучая роля ў гэтым адводзіцца ключавым рэгіёнам Расіі, сярод якіх месца лідара займае Ленінградская вобласць. Які сёння тавараабарот Беларусі з Ленінградскай вобласцю? На якія лічбы плануецца выйсці да канца 2024 года?
– Я абсалютна згодзен, што для Ленінградскай вобласці Рэспубліка Беларусь з'яўляецца стратэгічным партнёрам, і гэта бачна па лічбах тавараабароту. Ленінградская вобласць працуе са 130 краінамі свету, а Беларусь уваходзіць у першую пяцёрку. Па выніках 2023 года, але гэта яшчэ не канчатковая лічба – яна можа быць і вышэй – тавараабарот склаў 934 мільёны долараў.
Пры гэтым Ленінградская вобласць паставіла ў Беларусь тавараў амаль на 400 мільёнаў долараў ЗША, а атрымала з Беларусі тавараў больш чым на 500 мільёнаў.
Задача наша, а яна пастаўлена прэзідэнтамі, і яе ніхто не адмяняў – у 2024 годзе выйсці на тавараабарот не менш за 1 млрд долараў. Перспектывы ў нас для гэтага ёсць: мы толькі за мінулы год выраслі больш як на 100 млн, на 74 новыя пазіцыі, па супрацоўніцтве. А галоўнае – год толькі пачаўся, а ў нас ужо пайшлі сустрэчныя кантакты, сустрэчныя рашэнні, і мы абсалютна ўпэўнены, што тавараабарот у 1 млрд дасягальны.
– Лічба сапраўды сур’ёзная. На ваш погляд, за кошт якіх пазіцый можна выйсці на дадзеную лічбу, і якія напрамкі вы лічыце найбольш перспектыўнымі?
– Мы прааналізавалі, па якіх пазіцыях найбольш моцна расцём і дзе ў нас самыя добрыя перспектывы. Першае: у нас у два разы павялічыліся аб’ёмы паставак адзення ўсіх відаў і абутку з Беларусі. Такая лічба проста так не з’яўляецца. Гэта значыць, што ўзрастае попыт на беларускую прадукцыю. І я паглядзеў, чаму. Я прайшоўся па гандлёвых цэнтрах і вызначыў – вельмі добрае спалучэнне цаны і якасці.
Другое: мы адкрываем для сябе новыя напрамкі ў такіх традыцыйных ужо тэмах, як аграпрамысловы комплекс і сельскую гаспадарку. Мы з 2023 года пачалі актыўна супрацоўнічаць па ветэрынарных прэпаратах. І тут мы бачым, як растуць лічбы па пастаўках з Беларусі ў Ленінградскую вобласць усяго таго, што звязана з ветэрынарыяй.
Мы нядрэнна сталі працаваць па машынабудаванні. Напрыклад, сёння мы абмяркоўвалі тэму паставак мэблі і стварэння аналага IKEA у Расіі не толькі з найбуйнейшымі прадпрыемствамі РФ, якія працавалі на IKEA, але і беларускімі кампаніямі. Сёння я азнаёміўся з беларускімі кампаніямі, іх прадукцыяй. Вось яна, жывая прадукцыя.
Аказваецца, IKEA тая ж, што была адкрыта ў Ленінградскай вобласці (вытворчасць IKEA была ў Ціхвінскім раёне - Sputnik) і ўсё, што мы там бачылі цікавага, гэта рабілі беларускія кампаніі. І сёння трэба проста гэтыя сувязі аднавіць і аднавіць аб’ёмы паставак прадукцыі.
Мы заўсёды арыентаваліся на пастаўкі прадуктаў харчавання з Беларусі, бо яны экалагічна чыстыя і смачныя. А самае галоўнае – вы ўвесь час развіваецеся, у вас увесь час з’яўляецца нешта новае і цікавае.
І што мяне не можа не цешыць – у Ленінградскай вобласці і Беларусі з’явілася "вуліца з двухбаковым рухам". Мы, нарэшце, сваю прадукцыю – ленінградскую прадукцыю аграпрама – сталі пастаўляць у Беларусь. Гэта, перш за ўсё, нашы ёгурты для дзіцячага харчавання з высокім утрыманнем бялку кампаніі "Галактика", гэта наша прадукцыя малочнай перапрацоўкі ад кампаніі "Молочная культура" – таксама брэнд экалагічна чыстай прадукцыі. І гэта вельмі важна, што мы сталі пастаўляць прадукты адзін аднаму.
І што яшчэ для мяне важна, калі мы гаворым аб прадуктах харчавання. Адна справа рабіць масавыя пастаўкі ў вялікія сеткавыя крамы. Але ў нас у Ламаносаўскім раёне, у квартале новабудоўляў – пасёлку Наваселле з’явілася першая крама "Мінскі малочны". Сетку гэтых крам мы плануем рабіць у Ленінградскай вобласці, бо практыка паказала, што гэтая крама вельмі запатрабавана, людзям падабаецца, яны купляюць і ацэньваюць станоўча.
Беларускія малочныя прадукты, архіўнае фота
© Sputnik / Евгений Биятов
Новы напрамак працы – гэта замена тэхнікі, звязанай з лесапрамысловым комплексам, якую мы традыцыйна атрымлівалі з еўрапейскіх краін, з той жа Скандынавіі. Сёння мы працуем па замяшчэнні яе менавіта беларускай тэхнікай. Напрыклад, кампанія "Амкадор" становіцца нашым асноўным партнёрам і па дарожнай тэхніцы, і па тэхніцы для лясной гаспадаркі.
З’явіўся новы напрамак, дзе мы вельмі нядрэнна працуем з беларускім бокам, гэта электрычныя машыны, электрычнае абсталяванне – усё, што звязана з энергетыкай. На тэрыторыі Ленінградскай вобласці ёсць некалькі прадпрыемстваў, якія вырабляюць прадукцыю, запатрабаваную беларусамі, і мы гэтую прадукцыю пастаўляем. Ну і, вядома, мы глядзім на новыя напрамкі – там, дзе нам перакрываюць кісларод санкцыямі, мы глядзім на тое, што можам з вамі сумесна рабіць, каб не зніжаць аб’ёмы вытворчасці.
Напрыклад, зараз добра пачалі працаваць у сферы вытворчасці рыбы. Не толькі таварнай рыбы, але і малькоў, камбікорму. Таму што корм для рыбы мы таксама традыцыйна закуплялі за межамі Расіі.
Яшчэ асобная тэма, на якую б я звярнуў увагу, і якая ўздымалася падчас маёй сустрэчы з прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі Уладзімірам Уладзіміравічам Пуціным, – гэта расійскі праект "Чистая вода". Мы тут ужо маем нядрэнныя кантакты з беларускім бокам. Купляем модульныя водаачышчальныя збудаванні, іх ставім у невялікіх пасёлках, вёсках, яны вырабляюцца беларускімі партнёрамі з улікам зыходнай вады ў канкрэтных водных крыніцах.
Пабудавана ўжо больш за 30 станцый, стаіць задача пабудаваць яшчэ сто, сёлета работа працягваецца.
У гэтым жа годзе мы рыхтуем візіт дэлегацыі ў Мінск і яшчэ ў некалькі гарадоў Беларусі па пытанні вытворчасці модульных і высокаэфектыўных кацельняў на розных відах паліва. Бо Ленінградская вобласць плануе мадэрнізацыю цеплавой гаспадаркі.
Акрамя таго, мы з беларусамі пачалі супрацоўнічаць па пастаўках модульных станцый па ачыстцы сцёкаў. Гэта значыць, у пытаннях экалогіі мы працуем вельмі сур’ёзна і, дарэчы, пераймаем беларускі вопыт, звязаны з перапрацоўкай адходаў. Наша дэлегацыя была ў Брэсце, мы глядзелі завод па глыбокай перапрацоўцы цвёрдых камунальных адходаў. Гэта таксама тэма, якую мы будзем у сябе развіваць.
Падкрэслю – ліній па супрацоўніцтве ў Ленінградскай вобласці і Беларусі вельмі шмат.
– Вы намецілі вялікую колькасць праектаў, а ці можна казаць аб стварэнні сумесных прадпрыемстваў або на тэрыторыі Беларусі, або на тэрыторыі Ленінградскай вобласці, у рамках той жа праграмы імпартазамяшчэння?
– Мы ўжо працуем па некалькіх напрамках, якія датычацца сумесных прадпрыемстваў. Напэўна, самы знакавы праект, які мы падтрымалі і які будзе рэалізоўвацца, – гэта будаўніцтва ў Гатчыне завода кампаніі "Амкадор", як раз вытворчасць спецыялізаванай тэхнікі, якая запатрабавана не толькі ў Санкт-Пецярбургу і Ленінградскай вобласці, а ў цэлым на Паўночным Захадзе Расіі.
У нас ужо ёсць сумесныя прадпрыемствы па мэблевай вытворчасці. Прычым мы працуем сумесна і ў выглядзе сустрэчных паставак, і ў выглядзе вытворчасці на месцы.
Нам трэба адкрываць добрыя дылерскія цэнтры па рамонце беларускай тэхнікі – яе ўсё больш і больш становіцца і на Паўночным Захадзе, і ў Санкт-Пецярбургу, і ў Ленінградскай вобласці. І нам, відаць, трэба адчыняць вытворчасці, якія на месцы будуць вырабляць запчасткі, камплектуючыя.
У Беларусі ўжо працуе дастаткова працяглы час цэнтр па пратэзаванні, рэабілітацыі, сацыялізацыі інвалідаў, і для нас гэта тэма актуальная сёння. Я звярнуў увагу, што вельмі шмат камплектуючых, напрыклад, пастаўляецца расійскім бокам, і ў той жа час расійскія кампаніі выкарыстоўваюць беларускія камплектуючыя. Таму ніш для сумесных вытворчасцей шмат, але мы не павінны ствараць сумесныя вытворчасці дзеля стварэння сумесных вытворчасцей.
Мне здаецца, што нам трэба больш устанаўліваць кааперацыйных сувязей, таму што адлегласці – невялікія.
– Аляксандр Юр’евіч, вы згадалі Беларускі пратэзна-артапедычны аднаўленчы цэнтр, у якім пабывалі на днях. Ці можна казаць пра вынікі, можа быць, нейкія дагаворы будуць заключаныя?
– Для нас было вельмі важна паглядзець, як арганізавана праца гэтага цэнтра, таму што мы менавіта да такой арганізацыі і імкнемся. Мы хочам стварыць адзіную пляцоўку, дзе аказваліся б адначасова паслугі і па пратэзаванні, і па рэабілітацыі, і па медыка-псіхалагічнай дапамозе, і па навучанні, і па наступным працаўладкаванні, па перанавучанні інвалідаў. І мы ўбачылі, што ў вас гэта працуе. Так, мы разумеем, што ёсць нашы, расійскія нюансы, якія мы павінны ўлічыць, але ў цэлым схема працуе.
Мы паглядзелі, як арганізавана сама вытворчасць па вырабе пратэзаў, і не толькі пратэзаў, а ўсяго абсталявання, якое вырабляецца на месцы для рэабілітацыі.
Нам, напрыклад, спадабалася вытворчасць інвалідных калясак – вельмі эфектыўная. Спадабалася вытворчасць спецыяльных прадметаў, абсталявання для дзяцей, якія пакутуюць ад розных прыроджаных захворванняў – гэта не набытая інваліднасць, а менавіта прыроджаная. Спадабалася, як арганізаваны прыём, як працуюць з людзьмі, як іх суправаджаюць.
Таму, вядома, мы будзем прымяняць гэты вопыт у Ленінградскай вобласці і разлічваем на дапамогу беларускага боку ў навучанні нашых спецыялістаў.
Пытанне пратэзавання, майстроў па пратэзаванні – вельмі складанае. І, дарэчы, беларускі бок нам таксама гэта пацвердзіў, што кадравая праблема – адна з самых сур’ёзных. Таму навучанне кадраў, стажыроўка, дапамога ў арганізацыі непасрэдна працоўнага месца на вытворчасці – гэта той мінімум, які мы дакладна будзем пераймаць і па якім будзем працаваць.
Пагадненне за адзін дзень не падпішаш – мы прыехалі паглядзець тыя напрамкі, па якіх дакладна будзем супрацоўнічаць. Таму найбліжэйшым часам такое пагадненне будзе падрыхтавана.
– Ленінградская вобласць актыўна забудоўваецца, узводзяцца жыллё, школы і іншыя сацыяльныя аб’екты. Ці плануецца прыцягненне вопытных беларускіх будаўнікоў для ўзвядзення аб’ектаў?
– У нас ужо ёсць першы добры сумесны сацыяльны праект у Ленінградскай вобласці – школа па індывідуальным праекце. Яна будуецца па наступнай схеме: беларускія будаўнікі прыцягваюць абаротныя сродкі самастойна, пад гарантыю – як толькі школа будзе пабудавана, мы за 100% зробленых затрат па абумоўленым на старце кошту гэтую школу выкупляем.
Мы ўжо знаходзімся на высокай стадыі рэалізацыі праекта: выкананы фундаментныя работы. Задача беларускага інвестара, каб 1 верасня 2025 года школа была здадзена "пад ключ" і пачала працаваць.
Мы гатовы прыцягваць беларускіх будаўнікоў пад іншыя сацыяльныя праекты, якія рэалізуем, тым больш, што Ленінградская вобласць вельмі шмат будуе такіх аб’ектаў. Толькі школ за год будуем ад 8 да 12. Плюс у нас яшчэ ідзе праграма рэнавацыі і рэканструкцыі старых школ.
Перад Ленінградскай вобласцю стаіць вялікая задача па будаўніцтве медыцынскіх аб’ектаў. Гэта і амбулаторыі, і фельчарска-акушэрскія пункты, і паліклінікі, таму мы гатовы працаваць з беларускімі будаўнікамі. Тым больш, што якасць работ беларускіх будаўнікоў вельмі добрая. І для нас вельмі важна спалучэнне "цана – якасць".
– Вы падрабязна распавялі аб спецыяльнай тэхніцы, якая сітуацыя з грамадскім транспартам або камунальнай тэхнікай, якія вырабляюць беларускія прадпрыемствы?
– Вы ведаеце, што мы працуем з заводам МАЗ па пастаўцы беларускіх аўтобусаў. Мы хацелі б больш актыўна працаваць, у большым аб’ёме, і такія перспектывы ёсць. У Ленінградскай вобласці ў гэтым годзе пачынаецца транспартная рэформа, яна будзе вельмі сур’ёзна закранаць аўтобусныя маршруты, аўтобусныя перавозкі, і адна з задач, якая стаіць перад нашымі партнёрамі – кампаніямі-перавозчыкамі, гэта абнаўленне рухомага саставу, перавод часткі рухомага саставу там, дзе гэта магчыма, на газаматорнае паліва, на больш экалагічна чысты транспарт.
Акрамя гэтага, нам важна магчымасць выкарыстання, асабліва ў гарадскім асяроддзі нізкападлогавых аўтобусаў, выкарыстанне сучасных сістэм навігацыі і многага іншага. Таму мы разлічваем, што аўтобусы з Беларусі будуць у нас запатрабаваны.
Што да камунальнай тэхнікі, то наш камітэт па дарожнай гаспадарцы і "Ленавтодор", мясцовыя адміністрацыі, кіраўнікі кампаніі актыўна працуюць па малой дарожнай тэхніцы, асабліва той, якая запатрабавана пры ўборцы тратуараў, дваровых тэрыторый.
Ленінградская вобласць, з улікам санкцыйнага націску, моцна арыентуецца на беларускі рынак.
Напрыклад, па сельгастэхніцы, беларускія кампаніі – нашы партнёры нумар адзін. У Ленінградскай вобласці сёння ідзе планавая замена сельгастэхнікі – мы працуем або з найбуйнейшымі расійскімі, або з беларускімі кампаніямі.
Самае галоўнае, нам удалося вырашыць пытанне субсідый, і тут дзякуй ураду Расійскай Федэрацыі. Сёння кампенсуем праз субсідыі да 35% затрат нашым прадпрыемствам на куплю трактароў. А па камбайнах сёння – наогул да 40%. Дзякуючы гэтаму цікавасць да беларускай тэхнікі павялічылася.
– Сёння суседзі Беларусі, я маю на ўвазе прыбалтыйскія краіны і Польшчу, яны фактычна закрылі межы Еўрасаюза для паставак і транзіту беларускіх тавараў. Таму дыверсіфікавалася лагістыка, у тым ліку на парты Расійскай Федэрацыі, перш за ўсё на Ленінградскую вобласць. На сённяшні дзень на колькі вялікія аб’ёмы беларускіх тавараў і праз якія парты ідуць?
– Напэўна, з самых сур’ёзных выклікаў апошніх гадоў што для Расіі, што для Беларусі – гэта быў выклік па змене лагістычных ланцужкоў, эканамічных сувязей і паставак тавараў як на імпарт, так і на экспарт. Таму што нас сталі абмяжоўваць, а куды-небудзьі наогул не ўпускаць, зачыняцца.
Але, напэўна, мы ўсё ж такі адрозніваемся тым, што чым цвярдзей умовы, тым актыўней мы вучымся пераадольваць цяжкасці.
Магу прывесці прыклад па партовых комплексах Ленінградскай вобласці: на Балтыцы нашы партовыя магутнасці сёння складаюць 63%, і далей яны будуць расці. І ўсе чакалі, што ў нас упадуць аб’ёмы перавалкі грузаў як звонку, так і ў Расію ў нашых партах. Але гэтага не здарылася. Мы расцём: мы раслі і ў мінулы, і ў пазамінулыя гады, і ў нас ёсць перспектывы росту на бліжэйшыя некалькі гадоў.
На бліжэйшыя пяць гадоў мы прагназіруем павелічэнне грузаабароту па чыгунцы ў напрамку нашых партоў плюс на 70 млн тон. Калі браць працяглую перспектыву, то да 150-180 млн тон. Гэта значыць, мы становімся найбуйнейшым хабам на Балтыцы.
Так, мы перасталі працаваць на еўрапейскія краіны, але сёння вялізны аб’ём грузаў ідзе ў азіяцкія, афрыканскія краіны, у Цэнтральную і Паўднёвую Амерыку, і абароты растуць. Хоць мы захавалі і частку адгрузак на еўрапейскі рынак, але ён сёння несупастаўны з тым, што было да санкцыйнай вайны, распачатай Захадам. Разлічвалі яны на адзін эфект, а атрымаўся эфект зусім іншы, супрацьлеглы.
– Вы адзначылі, што рэгіён развіваецца, развіваецца вытворчасць, сумесная вытворчасць, кааперацыйныя сувязі. Ці зацікаўлена Ленінградская вобласць у беларускіх IT-спецыялістах?
– Мы безумоўна зацікаўлены. У Ленінградскай вобласці вельмі ёмісты рынак працы, мы ўвесь час адчуваем недахоп спецыялістаў ва ўсіх напрамках – пачынаючы ад спецыялістаў простых будаўнічых спецыяльнасцей, "сініх каўнерыкаў", так і "белых каўнерыкаў". Прычым запатрабаванасць па ўсіх напрамках. А з улікам таго, што сёння ў Ленінградскай вобласці будуюцца сучасныя, нават не ў краіне, а ў свеце прадпрыемствы, мы разумеем, што нам патрэбны спецыялісты, якія будуць там працаваць.
Я вам назаву адну лічбу, яна і для нас унікальная: партфель інвестыцый у Ленінградскую вобласць на бліжэйшыя 5-7 гадоў – 6,2 трлн расійскіх рублёў. За апошнія 10 гадоў (а ў нас былі адны з самых высокіх у краіне і ўвогуле ў свеце тэмпы прыросту інвестыцый), мы атрымалі інвестыцый 4,9 трлн рублёў. Гэта сучасныя газахімічныя, энергетычныя прадпрыемствы, машынабудаванне.
І, канешне, нам патрэбны спецыялісты. Іншая справа, што мы павінны беражліва ставіцца адзін да аднаго ў змаганні за прафесійныя кадры. У нас сёння актыўны попыт на медыцыну, мы развіваем медыцыну, і нам адкрыта не хапае ўрачоў.
Па айцішніках прасцей, і не заўсёды айцішніку нават трэба пераязджаць у іншую краіну ці ў іншы рэгіён. І мы тут гатовы – даваць працу айцішнікам у нашых кампаніях, асабліва там, дзе высокатэхналагічныя вытворчасці. Магчыма заключаць на нейкі тэрмін кантракт, каб спецыяліст працаваў у нас.
Мы павінны разумець, што мы з вамі асуджаны на развіццё. Інакш нам не выжыць. Мы павінны павялічваць навукаёмістыя вытворчасці, высокатэхналагічныя вытворчасці, любую вытворчасць мы павінны павялічваць, каб быць самадастатковымі і самастойнымі.
Вядома, рынак працы, асабліва маладых спецыялістаў, і "сініх", і "белых каўнерыкаў" будзе запатрабаваны. Гэта як тэма па лагістыцы: мы ж знайшлі з вамі кааперацыю па адгрузцы беларускай прадукцыі праз расійскія партовыя комплексы, у прыватнасці Пецярбургскі і Ленінградскі. Мне здаецца, што сапраўды гэтак жа і па вышэйшай, і па сярэдняй спецыяльнай адукацыі мы павінны, напэўна, на ўзроўні нашых галіновых міністэрстваў сесці і паглядзець, дзе і якіх спецыялістаў будзем рыхтаваць.
І чаму б частцы расійскіх студэнтаў не навучацца ў Беларусі, а частцы беларускіх – у Расіі. Але гарантавана з наступным працаўладкаваннем на сваіх тэрыторыях, таму што нам для будучыні вельмі важна якасць адукацыі.
– Ленінградская вобласць – унікальны рэгіён для турыстаў. Як вы бачыце перспектывы па развіццю ўзаемнага турызму?
– Турыстычныя сувязі вельмі актыўна развіваюцца. У мяне вельмі шмат знаёмых, сяброў, якія з задавальненнем прыязджаюць і адпачываць, і аздараўляцца ў Беларусь. Я ведаю многіх, хто жыве ў Беларусі, – яны прыязджаюць з задавальненнем у Ленінградскую вобласць. Нам, вядома, трэба больш сістэматызаваць гэтыя патокі і больш адзін аднаго рэкламаваць. Я нават, прыязджаючы кожны раз да вас у госці, атрымліваю для сябе нешта новае ў пазнавальным плане, і ўсё стаўлю сабе "засечкі", што трэба абавязкова прыехаць і адпачыць, але час пакуль што не дазваляе.
Гэтак жа сама і беларусы, калі прыязджаюць да нас, у той ці іншы горад Ленінградскай вобласці, гавораць, як там прыгожа, цікава, і што трэба яшчэ раз прыехаць. На самай справе Ленінградская вобласць уваходзіць у пяцёрку найболей турыстычна прывабных рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. За мінулы год нас наведала больш за 6 млн турыстаў пры тым, што ў Ленінградскай вобласці пражывае крыху больш за 2 млн чалавек.
У нас, як і ў Пецярбургу, ёсць гістарычны, культурны і пазнавальны турызм. І мы з Пецярбургам мяняемся турыстычнымі патокамі. Але ў нас ёсць і прыродны турызм, і актыўны адпачынак, і паломніцкі турызм. На тэрыторыі Ленінградскай вобласці знаходзіцца адна з самых шанаваных праваслаўных ікон – Ціхвінскай Божай Маці.
У нас ёсць вельмі цікавыя напрамкі, якія звязаны з аздараўленнем і адпачынкам. А самае галоўнае – у нас ёсць розныя турыстычныя маршруты. Яны нядаўна з’явіліся, але гэтыя маршруты вельмі цікавыя.
Напрыклад, ад крэпасці да крэпасці, калі можна ад Івангорада праз Капорхе, праз Арэшак, Карэлу трапіць у Выбаргскі замак. Або ў нас ёсць маршрут "Серебряное ожерелье", які звязвае некалькі рэгіёнаў Паўночнага Захаду. Ёсць маршрут, які прысвечаны шляху Аляксандра Неўскага. Я сам мару па ім прайсці. Гэты маршрут у нас адпрацаваны і на месцы начной стаянкі, дзе Неўскі маліўся перад боем, з’явіўся ўнікальны помнік. У нас не менш цікавыя маршруты, звязаныя з Пятром I, з Паўночнай вайной.
Вельмі важна, што і ў Ленінградскай вобласці, і ў Беларусі ёсць турыстычныя маршруты, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной, з подзвігам савецкага народа, які перамог фашызм цаной неверагодных ахвяр. І гэтыя маршруты можна ўвязаць.
Падчас мінулага візіту ў Беларусь я быў у комплексе Хатынь, ужо пасля яго рэстаўрацыі. Я выйшаў адтуль узрушаны.
Фрагмент мемарыяла ў памяць аб мірных жыхарах СССР – ахвярах нацысцкага генацыду ў гады Вялікай Айчыннай вайны
© Sputnik / Pavel Bednyakov
/ Зусім нядаўна прэзідэнты нашых краін адкрылі мемарыяльны комплекс, прысвечаны ўсім мірным жыхарам, якія загінулі ад рук нацыстаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. І комплекс Хатынь, і новы мемарыял, які з’явіўся ў Ленінградскай вобласці, можна аб’яднаць у адзіны турыстычны маршрут.
Паўтаруся, ёсць гістарычныя, гераічныя маршруты, але ёсць і пазнавальныя, ёсць маршруты для дзяцей. Тое самае ў Беларусі.
Таму я стаўлю задачу сваім профільным камітэтам – выбудоўваць прамыя сувязі, каб у нас былі прамыя турыстычныя напрамкі.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"