Рарытэты, якія з’яўляюцца брэндам беларускай народнай культуры, прапанаваў Музей старажытнабеларускай культуры НАН Беларусі. Публіка, якая прыйшла паслухаць оперу "Сівая легенда", змагла не толькі ўбачыць беларускія народныя строі, але і навучыцца завязваць слуцкія паясы і наміткі, як гэта рабілі ў канцы XVII стагоддзя.
Майстар-клас па завязванні старажытнага беларускага жаночага галаўнога ўбору правяла для публікі старшы навуковы супрацоўнік цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі кандыдат мастацтвазнаўства Марыя Віннікава. Яна расказала, што намітка ўяўляе сабой белае палатно з вышыўкай, якое правязвалася пэўным спосабам.
"У намітцы любая жанчына – каралева", - падкрэсліла вучоны.
У сваю чаргу вядомы беларускі мастацтвазнаўца Барыс Лазука правёў майстар-клас па завязванні слуцкага пояса. Паводле яго слоў, слуцкі пояс – гэта атрыбут мужчынскага строю, і ткалі яго таксама толькі мужчыны.
Ён таксама паведаміў, што ў Музеі старажытнабеларускай культуры НАН Беларусі захоўваецца больш за 100 поўных камплектаў беларускіх народных строяў – гэта адна з самых вялікіх калекцый народных строяў у свеце.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"