МІНСК, 22 лют – Sputnik. Місію назіральнікаў СНД на выбарах у Беларусі прадстаўляюць усе краіны Садружнасці, за выключэннем Украіны і Малдовы, паведаміў генеральны сакратар Садружнасці Сяргей Лебедзеў.
"У Беларусі акрэдытавана 235 назіральнікаў ад усіх краін СНД, за выключэннем Малдовы і Украіны", - сказаў Лебедзеў журналістам у чацвер у Мінску.
Ён таксама паведаміў, што цяпер у Беларусі працуюць ужо каля 50 назіральнікаў ад Садружнасці, кароткатэрміновыя прыедуць бліжэй да 25 лютага.
Прадстаўнічая дэлегацыя
Лебедзеў удакладніў, што доўгатэрміновыя назіральнікі ад СНД працуюць у Беларусі ўжо месяц – гэта супрацоўнікі Выканкама Садружнасці, дыпламаты краін СНД, акрэдытаваныя ў Беларусі, "людзі вопытныя".
"А ў склад асноўнай місіі кароткатэрміновых назіральнікаў увойдуць яшчэ парламентарыі краін СНД, у тым ліку вядомыя", - паведаміў ён.
Па словах генсакратара Садружнасці, перад ад’ездам з Масквы ў Мінск ён размаўляў з Канстанцінам Касачовым, які будзе ўзначальваць групу ад МПА СНД.
"Дэпутат Дзяржаўнай Думы (Канстанцін) Затулін збіраецца прыехаць, Карасін Рыгор Барысавіч, старшыня камітэта па міжнародных справах. Гэта толькі з Расіі. З іншых рэспублік СНД таксама прыедуць вядомыя і дастойныя прадстаўнікі, у тым ліку і кіраўнікі ЦВК", - сказаў Лебедзеў.
Паводле яго інфармацыі, у Мінск ужо прыбыў старшыня ЦВК Узбекістана Зайнідзін Нізамхаджаеў.
Грубых парушэнняў няма
Адказваючы на пытанні журналістаў, генеральны сакратар Садружнасці адзначыў, што назіральнікі ад СНД пакуль што не бачаць грубых парушэнняў пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў у Беларусі.
"Ідзе датэрміновае галасаванне. І ўжо па ім можна меркаваць, што ўсё ідзе планава, спакойна, добра падрыхтавана. (...) не знаходзім ніякіх грубых парушэнняў, якія перашкаджалі б свабоднаму волевыяўленню грамадзян Беларусі", - адзначыў ён.
Нагадаем, упершыню ў Беларусі 25 лютага пройдзе адзіны дзень галасавання – будуць выбраны 110 дэпутатаў ніжняй палаты беларускага парламента і больш за 12 тыс дэпутатаў мясцовага ўзроўню.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"