Закон аб SMS-павестках ад ваенкаматаў прынялі парламентарыі ў Беларусі

Таксама па новых заканадаўчых нормах, на службу па кантракце зараз можна браць тых, хто мае судзімасць ці яшчэ адбывае пакаранне.
Sputnik
МІНСК, 28 лют – Sputnik. Палата прадстаўнікоў прыняла ў другім чытанні папраўкі ў законы па пытаннях нацыянальнай бяспекі, перадае карэспандэнт Sputnik Беларусь.
У першым чытанні дакумент быў прыняты 1 лістапада 2023 года. Ён абавязвае сотавых аператараў перадаваць ваенкаматам і абласным упраўленням КДБ тэлефонныя нумары ваеннаабавязаных. Гэта трэба, каб дасылаць SMS-павесткі, якія будуць лічыцца афіцыйным апавяшчэннем.
Ёсць і іншыя навіны. Напрыклад, павялічваецца ўзроставы парог для ваеннаабавязаных жанчын, якія лічацца ў запасе (акрамя прапаршчыкаў, мічманаў ці афіцэраў): з 45 да 48 гадоў. Узрост пастаноўкі на ўлік у ваенкамаце для юнакоў таксама павышаюць з 16 да 17 гадоў.
Таксама дакумент прадугледжвае кампенсацыю расходаў для некаторых грамадзян на праезд да ваенкамата або іншага такога органа "ў парадку і памерах, устаноўленых заканадаўствам для работнікаў, якія накіроўваюцца ў службовыя камандзіроўкі".
Яшчэ адна новая норма – працы абароннага характару. У мірны час у іх змогуць прымаць удзел грамадзяне не маладзейшыя за 16 гадоў. Яны будуць добраахвотнымі, з захаваннем месца працы, пасады і сярэдняга заробку.
Дадаецца тэрмін "апарат узмацнення". Пад ім маюцца на ўвазе грамадзяне, якіх прыцягваюць для дапамогі ваенкаматам, органам дзяржбяспекі падчас прызыву.
Змяняюцца нормы службы па кантракце. Калі чалавек не падыходзіць для яе па шэрагу патрабаванняў, яго змогуць узяць на службу "ў мэтах забеспячэння інтарэсаў абароны і нацыянальнай бяспекі па рашэнні прэзідэнта Рэспублікі Беларусь". У тым ліку можна будзе браць на службу тых, хто мае судзімасць ці яшчэ адбывае пакаранне.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Мінабароны: Захад рыхтуецца да вайны, вядзе разведку супраць Беларусі