МІНСК, 29 лют – Sputnik. Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне адобрыць праект міжнароднага дагавора з расійскім бокам аб узаемным прызнанні электроннага подпісу, адпаведны ўказ №72 ад 28 лютага апублікаваны ў чацвер на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
"Адобрыць праект пагаднення паміж урадамі Беларусі і Расіі аб парадку прызнання электроннага подпісу (электроннага лічбавага подпісу) у электронным дакуменце пры трансгранічным электронным узаемадзеянні ў якасці асновы для правядзення перагавораў", - гаворыцца ў дакуменце.
Разам з тым, сам тэкст праекта не апублікаваны, таму пакуль што невядома, якія дэталі прадугледжвае гэта пагадненне паміж дзвюма краінамі.
Таксама прэзідэнт упаўнаважыў Мінсувязі і інфарматызацыі праводзіць далейшыя перагаворы па праекце пагаднення і пры неабходнасці ўносіць у яго змяненні, але яны пры гэтым не павінны мець "прынцыповага характару". Гэтае ж ведамства зможа падпісаць дакумент, калі бакі дасягнуць дамоўленасці ў межах ухваленага прэзідэнтам праекта.
Указ набывае моц з дня яго падпісання.
План супрацоўніцтва ў сферы сувязі
У студзені бягучага года міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі і міністэрства лічбавага развіцця, сувязі і масавых камунікацый РФ узгаднілі план супрацоўніцтва ў рамках Саюзнай дзяржавы на 2024-2026 гады.
Дакумент у сталіцы Расіі завізіравалі кіраўнікі профільных ведамстваў.
У гэты ж дзень міністры абмеркавалі падрыхтоўку падпісання міжурадавага пагаднення аб узаемным прызнанні электроннага лічбавага подпісу.
Акрамя таго, Мінск і Масква зацікаўлены ў развіцці супрацоўніцтва ў галіне паштовай сувязі і каардынацыі частотных прысваенняў станцыям, якія выкарыстоўваюцца радыёслужбамі.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"