Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі

Беларусь і РФ абмеркавалі працу міждзяржцэнтра па кіраванні рызыкамі

Міждзяржаўны цэнтр быў створаны год таму, яго функцыянаванне разгледжана на калегіі Мытнага камітэта Саюзнай дзяржавы ў беларускай сталіцы.
Sputnik
МІНСК, 5 сак – Sputnik. Вынікі працы расійска-беларускага Міждзяржаўнага цэнтра былі падведзены напярэдадні на пасяджэнні калегіі Мытнага камітэта Саюзнай дзяржавы, паведамілі ў прэс-службе Федэральнай мытнай службы Расіі.
Мерапрыемства прайшло ў Мінску пад старшынствам кіраўніка ФМС РФ Руслана Давыдава, удакладнілі там.

"Галоўнай тэмай для абмеркавання сталі пытанні функцыянавання створанага год таму Міждзяржаўнага цэнтра для каардынацыі працы па кіраванні рызыкамі, а таксама для рэалізацыі аналітычных функцый і маніторынгу ажыццяўлення мытных аперацый Мытнага камітэта Саюзнай дзяржавы", - праінфармавалі ў прэс-службе.

Паводле яе інфармацыі, адкрываючы пасяджэнне, Руслан Давыдаў, адзначыў пазітыўную дынаміку супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў мытнай сферы і высока ацаніў работу міждзяржцэнтра. Ён адзначыў, што стварэнне міждзяржцэнтра – адзін з важнейшых вынікаў сумеснай работы мытных органаў краін-саюзніц за апошнія гады.
"Гэта адзіны галіновы орган Саюзнай дзяржавы, які працуе на пастаяннай аснове", - падкрэсліў кіраўнік расійскага ведамства.
Ён звярнуў увагу на тое, што міждзяржцэнтр фарміруе агульнасаюзныя профілі рызык, што надзвычай важна з пункту гледжання ўніфікацыі двухбаковага ўзаемадзеяння ў рамках кантролю мытнага кошту.
Першыя этапы пройдзены, наступная задача – хутчэй прымаць і запускаць новыя профілі рызыкі, сказаў Давыдаў.
У галіне кіравання рызыкамі міждзяржцэнтрам ужо было накіравана на разгляд 79 праектаў агульнасаюзных профіляў рызыкі, з якіх 21 зацверджаны, а 56 знаходзяцца ў стадыі разгляду. У гэтай працы ёсць і фіскальныя вынікі: Расіяй і Беларуссю сумесна даналічана больш за 23 млн расійскіх рублёў, а па выяўленых парушэннях узбуджана 85 адміністрацыйных і 3 крымінальныя справы.
Як падкрэслілі ў прэс-службе ФМС, важным напрамкам дзейнасці міждзяржцэнтра з’яўляецца каардынацыя дзейнасці мабільных груп РФ і Беларусі – да гэтага часу праведзена 31 скаардынаванае мерапрыемства.

"Па выніках сумеснай працы выяўлена 255 парушэнняў, у якіх бачыліся прыкметы двух крымінальных злачынстваў і 253 адміністрацыйных правапарушэнняў. Выяўлена больш за 3,5 тыс тон тавараў, якія перавозіліся з парушэннямі, коштам 600 млн расійскіх рублёў. Накладзена штрафаў на суму 16,4 млн расійскіх рублёў", - адзначаецца ў паведамленні прэс-службы ведамства РФ.

Там заявілі, што сёлета намаганні міждзяржцэнтра будуць сканцэнтраваны на ўдасканаленні працэсаў інфармацыйнага абмену з ФМС Расіі і ДМК Беларусі. У фокусе ўвагі і паляпшэнне работы сістэмы кіравання рызыкамі ў мэтах фарміравання адзінага стандарту мыткантролю ў Саюзнай дзяржаве і стварэння роўных умоў для ўдзельнікаў ЗЭД дзвюх краін.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Мытная служба Беларусі сутыкаецца з сур’ёзнымі выклікамі – Лукашэнка