КДК правярае гатоўнасць тэхнікі да пасяўной кампаніі ў Беларусі

Ужо выяўлены прыпіскі па сельскагаспадарчай тэхніцы, устаноўлены факты адсутнасці патрэбнай колькасці насення для пасяўной.
Sputnik
МІНСК, 11 сак – Sputnik. Камітэт дзяржаўнага кантролю выявіў недахопы ў ходзе праверкі гатоўнасці сельскагаспадарчых арганізацый да веснавых палявых работ, паведамілі ў КДК Беларусі.
Паводле даных ведамства, на 11 сакавіка праверкі праведзены ўжо ў 147 гаспадарках ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі.
"Праверкі паказалі, што ў некаторых раёнах мясцовыя кіраўнікі не прымаюць належных мер па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі", - паведамілі ў КДК.
Таксама ёсць пытанні па наяўнасці патрэбнай колькасці ўдабрэнняў, па забеспячэнні гаспадарак насеннем для правядзення пасяўной.
Супрацоўнікі Дзяржкантролю ўстанавілі, што ў некаторых сельгасарганізацыях недастатковымі тэмпамі вядзецца падрыхтоўка трактароў і сельскагаспадарчых машын. Былі ўстаноўлены і факты таго, што ў некаторых гаспадарках рамонт тэхнікі ўвогуле не праводзіўся з-за адсутнасці запчастак: у 24% з ліку правераных арганізацый не выконваліся графікі рамонту.

Прыпіскі і кадры

Маніторынг гатоўнасці да пасяўной выявіў і праблему дэфіцыту кадраў у вёсцы. "У шэрагу сельгасарганізацый падрыхтоўка тэхнікі да пасяўной не ажыццяўляецца з-за адсутнасці механізатараў", - сказалі ў КДК.
Акрамя таго, кантралёры ўстанавілі, што ў некаторых гаспадарках былі прыпіскі гатоўнасці тэхпарку.

"А асобныя сельгасарганізацыі не забяспечаны ў поўным аб’ёме насеннем сельскагаспадарчых культур для сяўбы запланаваных плошчаў", - падкрэслілі ў КДК.

Пры гэтым, паводле даных Мінсельгасхарча, у краіне ёсць у наяўнасці насенне яравых збожжавых і зернебабовых культур у складзе 122% да патрэбнасці рэспублікі.
"Цяпер прымаюцца меры па забеспячэнні аператыўнага завяршэння рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі ў адстаючых рэгіёнах", - сказалі ў камітэце.
Таксама на кантроль пастаўлена пытанне, якое датычыцца падрыхтоўкі да сяўбы арыгінальнага і элітнага насення збожжавых і зернебабовых культур.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Лукашэнка: у будучыні сельскае насельніцтва будзе жыць у асноўным у аграгарадках