Галоўчанка: фізічныя асобы змогуць увозіць тавары з Літвы

Меры ў адказ беларускага ўрада на літоўскія санкцыі не азначаюць забароны на ўвоз тавараў для асабістага карыстання.
Sputnik
МІНСК, 15 сак – Sputnik. Нядаўняе рашэнне ўлад Беларусі аб забароне ўвозу пэўных тавараў з Літвы не датычыцца фізічных асоб, заявіў журналістам прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка, перадае карэспандэнт Sputnik.
"Той, хто не можа абысціся без літоўскай шакаладкі... Ён не папакутуе", - сказаў ён.
Кіраўнік урада таксама адзначыў, што як такі ўвоз тавараў з Літвы не забараняецца. Прадукцыю нельга будзе везці менавіта праз беларуска-літоўскі ўчастак мяжы, але можна праз Латвію ці Польшчу.

Страчаная рэальнасць

Галоўчанка звярнуў увагу: літоўскі бок ужо заявіў, што Беларусь уводзіць санкцыі ў дачыненні да ўласнага народа.
"Гэта сведчыць у першую чаргу аб тым, як гэта ні сумна, што людзі наогул не разумеюць, пра што яны гавораць. Мы гэта, на жаль, усё часцей назіраем у выказваннях заходніх палітыкаў", - адзначыў беларускі прэм’ер.
На яго думку, у палітыкаў Захаду, у тым ліку з суседніх краін, "рэальнасць успрымання падзей страчана".

Што забаранілі

Па рашэнні беларускага ўрада з Літвы будзе нельга ўвозіць: воды, піва, віны, сусла вінаграднае, вермуты, напоі іншыя зброджаныя, спірт этылавы, воцат, шыны і пакрышкі пнеўматычныя рызінавыя, а таксама адзенне і іншыя вырабы, якія былі ва ўжыванні. Тычыцца гэта і б/у запчастак для транспартных сродкаў.
Прэм’ер-міністр растлумачыў, што размова ідзе аб дзвюх пастановах урада. Адна з іх датычыцца непасрэдна прадукцыі, якая паходзіць з Літвы – гэта ў асноўным харчаванне. Раней Беларусь імпартавала з суседняй краіны такіх тавараў прыкладна на 5-6 млн долараў за год, што з’яўляецца невялікім аб’ёмам.
"Я ўпэўнен, гэта (першая пастанова - Sputnik) ніяк не адаб’ецца на эканоміцы, на спажывецкім рынку", - сказаў прэм’ер.
На думку прэм’ера, больш важная другая пастанова. Яна абмяжоўвае пастаўкі з Літвы прамысловых партый тавараў. У мінулым годзе аб’ём гэтага імпарту склаў каля 150 млн долараў (60 тыс тон).

Што зменіцца

Галоўчанка падкрэсліў, што Мінск не рабіў першым недружалюбныя крокі. Менавіта па рашэнні Вільнюса на мяжы Літвы і Беларусі замест шасці пунктаў пропуску зараз працуюць толькі два.
"Усё звузілася ў два такія бутэлечныя рыльцы", - канстатаваў кіраўнік урада.
Гэта ўплывае і на тых, хто едзе ў асабістых мэтах, і на камерцыйных перавозчыкаў, бо выраслі чэргі фур.
Зараз, пасля мер у адказ, як мяркуе прэм’ер, нагрузка на гэтыя два пункты знізіцца, і там будзе лягчэй перасякаць мяжу з тымі таварамі, якія сапраўды патрэбныя Беларусі. Пры гэтым Галоўчанка не ўдакладніў, што гэта за тавары.
"Ускосна пацерпіць літоўскі бізнес. Не сакрэт, што многія літоўскія лагістычныя, размеркавальныя цэнтры спецыялізаваліся на акумуліраванні вялікіх таварных партый", - звярнуў увагу прэм’ер.
Кіраўнік урада яшчэ раз падкрэсліў, што Мінск увёў менавіта меры ў адказ. Пакуль яны будуць дзейнічаць да кастрычніка 2024 года. Пры гэтым ён не выключыў, што іх могуць не прадоўжыць, а Беларусь адкрыта да дыялогу.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Калючая загарода Еўрасаюза
Чэргі растуць: на мяжы з Літвой становіцца ўсё больш машын