МІНСК, 23 сак – Sputnik. Беларуска Марына Васілеўская, першая ў гісторыі рэспублікі касманаўтка, адправілася на Міжнародную касмічную станцыю (МКС), перадае Sputnik.
Беларуска ўвайшла ў міжнародны экіпаж з трох чалавек, якім кіруе герой Расіі, ураджэнец Беларусі Алег Навіцкі. У якасці бортінжынера на станцыю паляцела амерыканская жанчына-астранаўт Трэйсі Дайсан.
Марына Васілеўская нарадзілася 14 верасня 1990 года. Скончыла мінскую сярэднюю школу №151. У 2017–2022 гадах працавала сцюардэсай у авіякампаніі "Белавія". У 2022-м яна была адабрана сярод больш як трох тысяч прэтэндэнтак на ўдзел у касмічным палёце.
Усяго на канец 2022 года было шэсць кандыдатак. У выніку з іх выбралі Васілеўскую і яе дублёра – дзіцячага хірурга Анастасію Лянкову.
Плануецца, што Васілеўская і Навіцкі прабудуць на МКС нядоўга – усяго 12 сутак. Яны вернуцца з арбіты на караблі "Союз МС-24" разам з Лорел О’Хара (ЗША), а Дайсан застанецца на МКС да верасня.
У Васілеўскай на арбіце запланаваны сеанс сувязі са школьнікамі і студэнтамі. Таксама яна павінна рэалізаваць пяць навуковых праектаў. У тым ліку ёй трэба зняць пэўныя ўчасткі беларускай тэрыторыі, каб у Нацыянальнай акадэміі навук маглі супаставіць здымкі са станцыі, са спадарожніка дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, з самалёта, беспілотніка і наземную інфармацыю.
Іншы праект звязаны з вывучэннем бактэрый, іх уплыву ў космасе на людзей, матэрыялы, оптыку і радыёэлектроніку. Васілеўскай трэба будзе правесці доследы з лактаферынам і іншыя навуковыя эксперыменты.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"