МІНСК, 25 сак – Sputnik. Міністр энергетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч і кіраўнік МЗС Венгрыі Петэр Сіярта абмеркавалі супрацоўніцтва ў атамнай энергетыцы, паведаміла прэс-служба Мінэнерга.
Міністры правялі перагаворы ў Сочы, дзе зараз праходзіць міжнародны атамны форум "Атомэкспо".
Бакі разгледзелі шэраг надзённых пытанняў – абмен вопытам у пытаннях будаўніцтва і эксплуатацыі АЭС, падрыхтоўкі адпаведных спецыялістаў, абыходжання з радыеактыўнымі адходамі і адпрацаваным ядзерным палівам.
"Размова таксама ішла аб магчымасцях прыцягнення беларускіх спецыялістаў да рэалізацыі праекта АЭС "Пакш-2" у Венгрыі", - гаворыцца ў паведамленні Мінэнерга ў Telegram.
Кіраўнік венгерскага МЗС таксама адзначыў высокі ўзровень рэалізацыі праекта па будаўніцтве АЭС у Беларусі. Паводле яго слоў, Будапешт зацікаўлены ў вывучэнні беларускага вопыту і кампетэнцый у атамнай сферы.
У канцы жніўня 2022 года Венгрыя выдала "Росатому" ліцэнзію на будаўніцтва энергаблокаў АЭС "Пакш-2". А ў маі 2023-га Еўракамісія адобрыла папраўкі да пагадненняў аб будаванні станцыі і фінансаванні праекта.
Як паведамляў раней генеральны дырэктар "Росатома" Аляксей Ліхачоў, пачатак будаўніцтва АЭС "Пакш-2" чакаецца ў канцы 2024 – пачатку 2025 года.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"