МІНСК, 26 сак – Sputnik. Беларускі лідар Аляксандр Лукашэнка агучыў падрабязнасці ўзаемадзеяння з расійскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным і на ўзроўні спецслужбаў пры затрыманні асоб, якія ў канцы мінулага тыдня ўчынілі ў "Крокус Сити Холл" тэракт.
Лукашэнка пазітыўна ацаніў сумесную працу з расійскім бокам. На яго думку, аперацыя па затрыманні тэрарыстаў была арганізавана і выканана вельмі грунтоўна.
"Узаемадзеянне беларусаў і расіян дарагога варта", - сказаў прэзідэнт, яго словы прыводзіць БелТА.
Акрамя таго, Лукашэнка паведаміў, што ў Беларусі адразу ж пасля здарэння ў Падмаскоўі былі прыняты асаблівыя меры бяспекі, а спецслужбы дзейнічалі па загадзя вызначаным алгарытме. Менавіта таму, мяркуе кіраўнік дзяржавы, тэрарысты не вырашылі ехаць на тэрыторыю Беларусі, а накіраваліся ў бок Украіны.
Беларусь была "на замку"
Больш за тое, прэзідэнт катэгарычна не згодзен з версіяй некаторых СМІ, што тэрарысты хацелі схавацца ў Беларусі, праехаўшы праз Бранскую вобласць.
"Яны не маглі пайсці ў Беларусь. Іх куратары (у нас ёсць падазрэнні па некаторых, гэта я Пуціну патэлефаную, скажу свае падазрэнні) – яны разумелі, што ў Беларусь заходзіць нельга", - заявіў ён.
Справа ў тым, што адразу пасля тэракта ў краіне былі задзейнічаны сілы МУС, выстаўлены пасты на дарогах, у тым ліку з Расяяй, прыцягваліся сілы КДБ, Дзяржпагранкамітэта, некаторыя часці вайскоўцаў. Менавіта з гэтай прычыны, паводле меркавання Лукашэнкі, тэрарысты ніяк не маглі зайсці ў Беларусь.
"Таму яны адвярнуліся і пайшлі на ўчастак украінска-расійскай мяжы", - дадаў беларускі лідар.
Лукашэнка таксама расказаў, што, калі яму і прэзідэнту Расіі паступіла інфармацыя ад спецслужбаў, што аўтамабіль з тэрарыстамі едзе ў бок Бранска, была дасягнута дамоўленасць, што беларускі бок блакіруе свой участак напрамку верагоднага руху злачынцаў, а расійскі бок – свой.
"Мы сазвоньваліся. Я ў яго (Пуціна - Sputnik) пытаю: "Яшчэ нешта трэба?" – "Не. Усё нармальна". – Ён у мяне пытаецца: "Дапаможаш закрыць?" – "Дапамагу. Усё робім". Ідзе такі дыялог", - распавёў прэзідэнт.
Дадатковыя меры
Што датычыцца неабходнасці ўвядзення ў краіне дадатковых мер бяспекі, Лукашэнка растлумачыў, што цяпер у Беларусі пры арганізацыі масавых мерапрыемстваў з удзелам вялікай колькасці людзей у цэлым ужо робіцца ўсё неабходнае для гарантавання бяспекі.
"Мы выстаўляем туды міліцыю, АМАП, трэба – ваеннаслужачымі ўзмацняем. Усе ўзброены", - падкрэсліў ён.
Прэзідэнт лічыць, што такой сістэмы гарантавання бяспекі і трэба прытрымлівацца. Таксама важным аспектам з’яўляецца відэаназіранне, дадаў кіраўнік дзяржавы.
Тэракт у "Крокус Сити Холл"
Тэрарысты вечарам у пятніцу адкрылі агонь па наведвальніках канцэртнай залы "Крокус Сити Холл" у падмаскоўным Краснагорску, якія чакалі пачатку канцэрта групы "Пикник". Потым будынак загарэўся.
Паводле апошніх звестак, у выніку тэракта загінулі 139 чалавек. Працэдура апазнавання цел вядзецца кругласутачна. Больш за 100 чалавек застаюцца ў бальніцах, многія знаходзяцца ў цяжкім стане.
Суд у Маскве арыштаваў васьмярых абвінавачаных па справе аб тэракце да 22 мая. Ім пагражае пажыццёвы тэрмін.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"