МІНСК, 20 кра – Sputnik. Цырымонію адкрыцця парыжскіх Алімпійскіх гульняў могуць перанесці з ракі Сены на стадыён Stade de France пры ўзнікненні тэрарыстычнай пагрозы, заявіў французскі прэзідэнт Эмануэль Макрон.
"У нас ёсць план Б і нават план В. Мы іх рыхтуем паралельна. Мы будзем аналізаваць сітуацыю ў рэальным часе. Цырымонія (на Сене - Sputnik) можа быць абмежавана набярэжнай Тракадэра, а можа быць перанесена на (стадыён - Sputnik) Stade de France", - сказаў ён у эфіры радыёстанцыі RMC.
Пры гэтым ён прызнаў, што ў плане гатоўнасці грамадскага транспарту да правядзення Алімпіяды сталіца Францыі знаходзіцца "не на вышыні". Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што метро Парыжа недастаткова даступна для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, а вырашэнне гэтага пытання будзе каштаваць мільярды еўра.
Раней кіраўнік МУС Францыі Жэральд Дарманен праінфармаваў, што цырымонію адкрыцця Алімпіяды змогуць убачыць 326 тыс чалавек, а не 600 тыс, як планавалася першапачаткова. Ён таксама нагадаў, што ўпершыню ў гісторыі Гульняў іх адкрыццё адбудзецца не на стадыёне, а на рацэ. Чакаецца, што ў парадзе прымуць удзел 180 суднаў, на якіх будуць знаходзіцца 10,5 тыс атлетаў. Пры гэтым падчас цырымоніі паветраную прастору над Парыжам закрыюць у радыусе 150 км, а для гарантавання бяспекі прыцягнуць 45 тыс паліцэйскіх.
Летнія Алімпійскія гульні пройдуць у Парыжы з 26 ліпеня па 11 жніўня.
На Алімпіядзе беларускія і расійскія спартсмены будуць выступаць у нейтральным статусе, для іх Выканкамам МАК зацверджаны флаг і гімн без слоў, таксама яны не будуць дапушчаны да ўдзелу ў парадзе на цырымоніі адкрыцця АГ.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"