Раніца вясною
Ціха ў полі, ціха ў лесе,
А ні шэпне вецярок,
Толькі дзесь у паднябессі
Льецца звонкі галасок.
Як бы срэбраны званочак,
Роніць ўніз за трэлем трэль,
Аж заслухаўся гаёчак,
Не парушыцца і ель.
На усходзе бляск агністы
Літым золатам дрыжыць;
Слуп высокі, прамяністы
Роўным полымем гарыць.
Тонкіх хмарак валаконцы
Сталі хораша ў радок,
Як бы ўюць яны для сонца
З тых валоканцаў вянок.
Ціха ў полі, ціха ў лесе,
Чуць балбоча ручаёк,
А высока ў паднябессі
Льецца звонкі галасок.
Вясенняя раніца
Гляньце, дзеткі, у аконца,
Ды пара ужо ўставаць…
Як прыгожа там бясконца!
Сорам, дзеткі, позна спаць.
Заглянула сонца ў вочкі,
Дзень прыйшоў –даволі сну
На свет гляньце, галубочкі,
Ўсе вітаюць там вясну.
Пчолкі выпаўзлі з калоды,
Пачалі збіраць мядок,
Шпак вартуе агароды
I вішнёвы наш садок.
Зелянее траўка ў полі,
Ў небе птушачкі пяюць…
Эх, зімы не будзе болей!
Хутка кветкі зацвітуць.
Вы зірніце у аконца,
Палюбуйцеся хаця:
Колькі волі, колькі сонца,
Колькі новага жыцця!
Ўстаньце, дзеткі, пойдзем ў поле
Спевы слухаць, кветкі рваць.
Ў хаце сумна, бы ў няволі…
Ўстаньце дзеткі, годзе спаць!
Явар і каліна
Песняй вясны лебядзінаю,
Скінуўшы зімнія чары,
Шэпчуцца явар з калінаю
Ў сумнай даліне над ярам.
Лісцікі зеленяй хваляцца
Небу панятлівай мовай:
Росамі мыюцца раніцай,
Песцяцца сонцам паўднёвым.
Захадам модлы пакорныя
З маткай-зямлёй адпраўляюць;
Тайна у ночаньку чорную
Месяца, зор выглядаюць.
Слухаюць смехаў русалчыных,
Лопату крылляў начніцы,
Ветру павеваў ап’янчаных,
Плюскату шклістай крыніцы.
Чуецца музыка дзіўная
Ў повесцях сонных імшараў…
Цешыцца явар з калінаю,
Скінуўшы зімнія чары.
Веснавая раніца
Ціха абуджаюцца
Росныя палі,
Веснавая раніца
Крочыць па зямлі…
Промнямі агністымі
Саграе зямлю,
Зерні залацістыя
Кідае ў раллю.
А як напрацуецца,
На спачын ідзе,
Ніваю красуецца
Цэлы весні дзень.
* * *
Па-над белым пухам вiшняў,
Быццам сiнi аганёк,
Б’ецца, ўецца шпаркi, лёгкi
Сінякрылы матылёк.
Навакол ўсё паветра
Ў струнах сонца залатых, –
Ён дрыжачымi крыламi
Звонiць, ледзьве чутна iх.
I лiецца хваляй песня –
Цiхi, ясны гiмн вясне.
Цi не сэрца напявае,
Навявае яго мне?
Цi не вецер гэта звонкi
Ў тонкiх зёлках шапацiць?
Або мо сухi, высокi
Ля ракi чарот шумiць?
Не паняць таго нiколi,
Не разведаць, не спазнаць:
Не даюць мне думаць зыкi,
Што ляцяць, дрыжаць, звiняць.
Песня рвецца i лiецца
На раздольны, вольны свет.
Але хто яе пачуе?
Можа толькi сам паэт.
Красавік
На лугі і ў пералескі
Красавік прынёс пралескі,
I, схіліўшы галаву,
Разбудзіў ён сон-траву:
"Ты галоўку не хіні,
У званочак зазвіні,
Каб прачнуўся зверабой
I рамонак пад вярбой,
Каб надзелі свой убор
Медуніца і чабор,
Каб хутчэй каля крыніцы
Расцвілі усе суніцы,
Каб прачнулася пчала
I чаромха расцвіла,
I шыпшына, і крушына,
I над рэчкай чарамшына,
Каб раскрыла вочкі хутка
На ўзбярэжжы незабудка,
Каб, збудзіўшыся ад сну,
Сустракалі ўсе вясну".
Вясновая кніга
Вясна ў ядвабах, аксамітах
Прыйшла на пушчы і палі,
Зімы даношаную світу
Зняла з набраклае зямлі.
Прыйшла – і рэчка заспявала,
Успыхнуў, быццам свечка, куст…
Усё як ёсць пафарбавала
Пад свой зялёна-сіні густ.
Нібы хто жаўрукоў шархоткі
Прыбіў да неба-палатна,
На дрэвах пчол руплівых сходкі
Гудуць ад золку да цямна.
Пакінуўшы далёкі вырай,
Вярнуўся ўвесь птушыны рой,
I бусел, як ТУ-104,
Прымчаў аднойчы раніцой.
Працуючы ўвесь дзень з ахвотай,
Свой дом узвёў без малатка.
Забарабаніў белым шротам
У гляк бярозавік з латка.
Блішчаць пад сонцам баразёнкі,
А цішу трактар скалануў,
Як быццам першыя старонкі
Вясновай кнігі адгарнуў.
Коцікі
Коцікі спалі
ў цесных каморках.
Ды ручаінкі
звіняць на пагорках.
Коцікі селі
на кусцік вярбовы,
грэюць на сонцы
жоўтыя бровы.
Салаўi
(У скарачэнні)
Як толькi святочны
Засвецiцца дзень,
Дзядуля з кiечкам
Па весцы iдзе.
Вялiкую кайстру
Нясе ен з сабой.
I дзецi
Яго абступаюць
Гурбой.
– Дзядуля!
Свiсткi пакажыце! –
Крычаць.
Павольна ен кайстру
Здымае з пляча.
I з кайстры таропка
Бяруць хлапчукi
Глiняныя цацкi –
Малыя свiсткi.
…Яшчэ на бярозках
Не выбiўся лiст,
А ўжо салаўіны
Разносiцца свiст…
– Ды гэта ж
Ганчар зарачанскi,
Хвядос,
Малым напаседам
Забаўкi прынес.
Не будзе цяпер iм
Спакою i сну…
Раздаў iм Хвядос
Не свiсткi,
А вясну.