Любоўная лірыка Аркадзя Куляшова: "Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая…"
* * *
Мне сніўся сон: ты адляцела ў вечнасць
I зоркай там зрабілася між зор.
А я, душы і цела супярэчнасць,
Жыву – не звар’яцеў і не памёр.
Штовечар сэрца ходзіць на спатканні,
Насунуўшы на вочы капялюш.
Прызнацца хоча некаму ў каханні,
Ратуючыся ад пакутных сцюж.
Але ні косам, ні сукенцы белай
Не аддае сардэчнай цеплыні,
А ўсё глядзіць з тугой незразумелай
На зорныя халодныя агні.
I ўсё яму сустрэч таемных мала,
I не хапае для вачэй святла.
Чаму, калі зямлю ты пакідала,
Яго ў свае ўладанні не ўзяла?
* * *
Парушыўшы законы прыцягнення,
Планетамі сярод другіх планет
Існуем мы з табой як выключэнне,
Мая любоў, – як свет і антысвет.
Ніколі мы адной не ходзім сцежкай,
Не дзелім хлеб і дзелім толькі соль,
Ты сустракаеш смутак мой усмешкай
I смуцішся, калі міне мой боль.
Адказваеш на мой сардэчны захад
Нязгодай, самай крыўднаю з нязгод.
Здаецца, павярніся я на захад,
Як тут жа ты павернешся на ўсход.
Аднак зямля б мая асірацела
I ўвесь сусвет ахутала б імгла,
Каб, выбухнуўшы раптам, адляцела
Ты ў невядомасць з хуткасцю святла.
* * *
Я ў лузе кветкі не сарваў ніводнай,
Ніводнай зоркі з неба не схапіў,
І, па жаданню прымаўкі народнай,
Ні разу іх каханню не дарыў.
Хай цешаць вока кветкі на палянцы,
Каб мы з табой гулялі сярод іх, –
Яны змарнеюць у гранёнай шклянцы,
Як мы без сонца сярод сцен нямых;
Да зор далёка: шляхам ехаць конным –
Не век, не два, а сто вякоў міне –
Каб іх здабыць, на караблі фатонным
Ужо ляцець не давядзецца мне.
Не вытрымае сэрца падарожжа –
Заглухне бездакорны мой матор,
Што пыл глытаў, вычыхваў бездарожжа…
Прымі яго без кветак і без зор!
Млын
З дзеўчынай развітваўся юнак,
Аддаваў яе шляхам, далінам.
– Лепш бы млынам стаць… –
Падумаў так
І зрабіўся на тым месцы млынам.
Людзі жыта носяць дзень у дзень,
А драўляны млын слухмяна меле.
Замест сэрца – б’юцца жорны ў целе,
А замест крыві –
Вады струмень…
Кажа нам паданне пра яго,
Што не можа ён з тых чараў выйсці,
Як не перамеле усяго,
Што яму належала калісьці.
Як належала яму не шмат,
Дык спадзе з яго палон драўляны,
Прыйдзе зноў ён вольны да дзяўчат,
Ні ў адну яшчэ не закаханы.
А як шмат?.. Але гадаць не след,
Бо адзін ён ведае пра тое,
Што яму належаў цэлы свет,
Як хадзіў з дзяўчынай у жытное.
Вяселле
Шчасця ўсе па дарозе вам зычылі,
Пад дугою звінелі званкі,
Млынары, па даўнейшаму звычаю,
Прыпынялі знарок ветракі.
Каб вяселле вясёла кацілася
Па зямлі, покуль воку відно,
Каб жыццё, як вятрак, не круцілася,
Каб на радасць было вам яно.
Сціх і вецер, у крылах лапочучы,
Пасыпаючы цвеценню пуць,
Разам з жытнімі хвалямі хочучы
У шчаслівыя твары зірнуць.
Нат на момант зямля прыпынілася
І на ўласнай застыла асі,
Каб запомніць: і як вам любілася,
І як лёгка вас коні вязлі.
Ўсё найлепшыя фарбы знаходзіла,
Перайначвалася на вачах.
Як раней толькі сонца ўзыходзіла,
Заліваючы промнямі шлях.
З далёкага
Калi вясною закукуе
Зязюля ў лесе ранiцой,
Ты прыгадай вясну другую,
Сустрэчы нашыя з табой.
Згадай ўсё, што сэрцу мiла,
Што сэрцу дорага было,
Забудзь, што ўсё адгаманiла,
Адкукавала, адышло.
Згадай усё, што нам жадала
Зязюля ў гучным гушчары,
Забудзь, што ў хованкi гуляла
Жаданне з намi да зары.
Забудзь, што рэху не вярнуцца
Нi да цябе, нi да мяне,
Забудзь!.. Хай сэрцы адгукнуцца
Адно другому па вясне.
Бывай…
Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая.
Чаму так горка, не магу я зразумець.
Шкада заранкі мне, што ў небе дагарае
На ўсходзе дня майго, якому ружавець.
Ці помніш першае нясмелае прызнанне?..
Над намі жаўранкам звінеў і плакаў май.
Назаўтра золкае, туманнае світанне,
Суровы позірк твой і мой нямы адчай.
Пайшла ты, любая, пад гоман жоўтых сосен,
Пайшла, маўклівая, пад хваль жытнёвых шум,
Туды, дзе гойдала зялёнае калоссе
На сцежках ростані мой адзінокі сум.
Пайшла за ціхія, далёкія прасторы
Світальнай зоркай ты, што гасне ў сіняве.
Душы пакрыўджанай гарачыя дакоры
Слязой халоднаю застылі на траве.
Пайшла, пакінуўшы мне золкі і туманы,
Палынны жаль смугой ахутаных дарог,
Каб я хвілінны боль і горыч гэтай раны
Гадамі ў сэрцы заглушыць сваім не мог.
Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся.
Бывай, смуглявая, каханая, бывай.
Стаю на ростанях былых, а з паднябесся
Самотным жаўранкам звініць і плача май.
Бывай, абуджаная ў сэрцы, дарагая.
Твой светлы вобраз панясу я па жыцці.
На ўсходзе дня майго заранка дагарае,
Каб позна вечарам на захадзе ўзысці.
* * *
Я музу параўнаў бы з роднай маці,
Ды слоў для параўнання не стае.
Адна ёсць маці, што як сонца ў хаце.
Хто можа быць радней нам за яе?
Я б музу параўнаў са сцежкай першай,
Што песню абвяла вакол сяла,
Калі б мяне, з маёю песняй пешай,
Дарогам сцежка не перадала.
Калі б дарогі гэту эстафету
З рук палявых не аддалі шляхам,
Шляхі – чыгунцы, а чыгунка – свету.
Якое музе параўнанне дам?
Яна не маці, не дарога ў свеце,
А доля, з вечнай прагаю ў вачах.
Сцяжынкі ўслед за ёй бягуць, як дзеці,
Насустрач ёй ляціць за шляхам шлях.
* * *
Падлетак я – ад пят і да валос,
Таварышка мая – лясная сцежка.
Аднойчы з ёй нас разлучыла ўсмешка
Сяброўкі новай, што паслаў мне лёс.
Я не чакаў раптоўнага з’яўлення
Трывог жаданых, прадчуваных мук, –
Упаў да ног дзяўчынкі кошык з рук,
Рассыпаўшы суніцы ад здзіўлення.
Разгублены, я шкадаваў не іх,
Не сцежку, што вілася за сасною, –
Шкада, што адыходзіў разам з ёю
Час бесклапотных пошукаў лясных.
З парой турбот наладзіўшы спатканне,
Сцяжынка знікла ў ельніку густым.
З усмешкаю над кошыкам пустым
Схілілася жывое прадчуванне.
Аб любві
Да нябёс уздымае зямля
Каласы сваіх ніў,
Каб сагрэла іх сонца,
Каб вецер іх там апыліў.
Я не знаю, калі
Палюбілася сонцу зямля,
А зямлі палюбілася сонца, –
Не ведаю я…
Толькі знаю – не меней
Налічвае год іх любоў,
Чымся сонца праменняў,
Зямля – залатых каласоў.
Маладая зямля,
Як нявеста, а сонца – жаніх.
Лета – час іх абдымкаў,
А восень – час ростані іх.
Час чаканняў – зіма,
А вясна – час чаканых сустрэч,
Час шчаслівай любві:
Слёзы – прэч, крыўды – прэч, хмары – прэч.