Рамеснікаў і ўладальнікаў аграсядзіб абавяжуць пералічваць узносы ў ФСАН

Асноўныя палажэнні новага закона аб прадпрымальніцкай дзейнасці запрацуюць з кастрычніка і закрануць дробны бізнес.
Sputnik
МІНСК, 5 мая – Sputnik. Рамеснікі, уладальнікі аграэкасядзіб і грамадзяне, якія плацяць адзіны падатак, хутка будуць абавязаны пералічваць узносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН), паведаміла журналістам намеснік кіраўніка ФСАН Кацярына Ліхачова.
"Гэта значыць вось гэтыя тры катэгорыі... Гэта новыя катэгорыі фізічных асоб, якія абавязаны будуць выплачваць узносы ў бюджэт фонду", - сказала яна.
Кацярына Ліхачова дадала, што стаўка ўзносу будзе 29% ад даходу, але не ніжэй за мінімальны заробак. Аплата – штогадовая, гэта значыць у наступным годзе за папярэдні. Норма аб тым, што згаданыя катэгорыі плацяць узносы, запрацуе з 1 кастрычніка 2024 года, але грошы пералічыць трэба не восенню, а не пазней за 1 сакавіка 2025 года. У разлік будуць браць толькі чацвёрты квартал бягучага года. Пасля будуць лічыць па цэлых гадах.
Яшчэ адзін нюанс: узносы не пералічваюцца за той час, калі чалавек фактычна не займаўся бізнесам.
Кацярына Ліхачова нагадала, што раней такія ўзносы ўжо пералічвалі ІП і плацельшчыкі падатку на прафдаход. Цяпер да іх дадаюцца новыя катэгорыі, таму што ў Беларусі прыняты адпаведны закон. Ён таксама прадпісвае частцы ІП перафармаціравацца ў юрыдычныя асобы.
Прадстаўнік ФСАН адзначыла, што новы закон захоўвае для новых катэгорый ільготы пры выплаце ўзносаў у фонд, калі чалавек атрымлівае пенсію. Гэта значыць, атрымальнікі пенсій не абавязаны ўвогуле пералічваць узносы, але могуць рабіць гэта па жаданні.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Спіскі дазволеных відаў бізнесу для ІП абяцаюць апублікаваць 15 мая