Дзень Перамогі

Пайшоў у партызаны ў 14 гадоў: ваенная гісторыя аднаго разведчыка

Генадзь Уладзіміравіч Юшкевіч 1 студзеня 2024 года адзначыў 96-ы дзень нараджэння. У 14 гадоў ён трапіў у партызанскі атрад, стаўшы юным разведчыкам, вачамі і вушамі народных мсціўцаў. Яго гісторыя – у матэрыяле Sputnik.
Sputnik
Дзяцінства Генадзя Уладзіміравіча прайшло ў Мінску. Нарадзіўся ён у сям’і вядомай балерыны Лізаветы Хацкевіч і ўрача Уладзіміра Юшкевіча. Ветэран успамінае, што гады былі цяжкія і галодныя, але дома стараліся рабіць так, каб дзеці ні ў чым не мелі патрэбу.
"Раслі на цюры (халодны суп з кавалачкаў хлеба, сухароў або скарынак, пакрышаных у ваду - Sputnik), але, тым не менш, я нічым не хварэў. Добра памятаю дзіцячы сад, школу. Да 1941 года мне ўдалося скончыць шэсць класаў сярэдняй школы", - кажа ён.
У дзяцінстве Генадзь Уладзіміравіч наведваў Палац піянераў, сталярны і слясарны гурткі, вучыўся іграць на баяне, займаўся ў секцыях – ПХА (проціхімічная абарона), гурток ЮВС – "Юны Варашылаўскі стралок", дзе вучылі страляць, гурток БДСО – "Будзь гатоў да санітарнай абароны". Такім чынам, у дзіцячыя гады ён авалодаў навыкамі ваеннага часу.
Далей Sputnik прыводзіць успаміны ветэрана.

Юны разведчык

Дома ў нас была здаровая атмасфера, маці ўмела выхоўвала мяне і сястру Юлію.
У сям’і панавала дружная атмасфера, нас прывучалі з дзяцінства да парадку і дысцыпліны. Бацька быў урачом, ён часта знаходзіўся ў ад’ездзе, маці – балерынай. Пасля нараджэння дзяцей яна з балета пайшла і працавала ў розных установах. Пасля стала памочнікам народнага камісара Еўдакіі Уралавай у Міністэрстве асветы БССР. Інспектавала дзіцячыя дамы, займалася пытаннямі ўтрымання дзяцей.
З 1935 года мы сталі святкаваць Новы год, ёлку, маці на гэтае свята да нас дадому запрашала дзяцей прыкладных паводзін з дзіцячых дамоў. Мы разам праводзілі святы, дарылі адзін аднаму падарункі.
Кожны год ездзіў у піянерскія лагеры, прымаў удзел у ваеннай гульні. Памятаю ў 1941 годзе быў у піянерлагеры "Баравая" ў атрадзе "сініх" старэйшай групы. Нас паднялі ў пяць раніцы, мы павінны былі падрыхтавацца да гульні. Я быў у ліку разведчыкаў. Але раней нас прачнуліся "чырвоныя", яны недзе схавалі сцяг, які мы павінны былі адшукаць. Я яго знайшоў, і мне падарылі ў гонар гэтага кнігу "Гулівер у краіне ліліпутаў" і падпісалі: "Юнаму разведчыку ад групы "сініх". Лагер "Баравая". Потым гэтая кніжка нарабіла шмат шораху, калі ў 1941 годзе ў нас рабілі вобыск немцы. Усё не маглі зразумець, якому разведчыку гэтую кнігу падарылі.

Вайна для нас была гульнёй

Раніцай 22 чэрвеня 1941 года было цудоўнае надвор’е, неба бясхмарнае. Мы звычайна сустракаліся раніцай з сябрамі-суседзямі: Чэсікам Вольскім, Эрыкам Лісоўскім, Сашам Аляксандровічам. Пачалі забаўляцца, шумець, а потым глядзім, суседзі нейкія невясёлыя. У некаторых на вачах былі слёзы. Да нас падышоў сусед Пейсаховіч і сказаў: "Дзеці, вось вы забаўляецеся, а вайна пачалася".
Для нас вайна была чымсьці цікавым, гульнёй, і мы не маглі ўявіць яе ў сапраўдным выглядзе.
22 чэрвеня мы збіраліся пайсці на Камсамольскае возера на адкрыццё вадасховішча. Яно было выкапана ўручную – да яго стварэння было датычна ўсё насельніцтва Мінска. Але паколькі было абвешчана аб пачатку вайны, гэты паход адмянілі.

Першыя бамбардзіроўкі Мінска

На наступны дзень пачулі працу нашых зенітных гармат. З’явіліся першыя нямецкія самалёты, якія бамбілі аэрадром у Лошыцы. Мы бегалі і глядзелі, як нашы салдаты ўстанаўліваюць спараныя кулямёты, хадзіла шмат гутарак, што наша Чырвоная армія адкіне ворага і будзе біць на яго тэрыторыі.
Раптам пачулі гул з заходняга боку горада. Самалёты ляцелі на вельмі вялікай вышыні, выразным строем, а кончыкі крылаў іх былі афарбаваны ў жоўты колер.
Пачалі лічыць, але на 45-м я збіўся – здрыганулася зямля, раздаўся страшны свіст, грукат, пыл. Неўзабаве ў цэнтры горада пачаўся страшны пажар. Бамбардзіроўкі не спыняліся, немцы бамблі, бамблі і бамблі горад. Адна група ляцела, другая прылятала. Людзі беглі з цэнтра горада на яўрэйскія могілкі і хаваліся сярод магіл. Гэты дзень я ніколі не забуду.

Знаёмства з немцам

Неўзабаве ў горад прыйшлі немцы. Усе пахаваліся, а мне цікава было, я выйшаў, а мне насустрач немец з вядром ідзе. Я хацеў уцячы, але здагадаўся, што, калі пабягу, раптам ён мяне застрэліць. Стаў як укапаны, а немец стукае па вядры і кажа: "Wasser, wasser". Я яшчэ тады нямецкі не ведаў, але здагадаўся, мусіць, вада патрэбна.
Павёў на двор да суседа і паказаў помпу, ён накачаў вады і даў мне пачак цыгарэт. Думаю: раз даў цыгарэты, вайна, трэба закурыць. І вось я запаліў цыгарэту, задыміў, падыходжу да хаты. А мама ўбачыла і, даведаўшыся адкуль яны, кажа: "Ты паліш, яшчэ і варожыя!". З таго часу ад курэння мяне адвадзіла.
Хутка пачалі стварацца патрыятычныя групы на вуліцах горада. Туды ўвайшлі і нашы суседзі: Воранавы, Вольскія, мая маці. Жыццё рабілася больш жорсткім, так сталеў і я.
Маці сказала, што жыць з ёй нам стала небяспечна, бо яна працавала ў Наркамаце БССР. Сястру Юлю яна пасяліла да сваёй працаўніцы, а мяне вызначыла ў дзіцячы дом. "Там хоць будзе табе кавалачак хлеба і талерка супу", - патлумачыла маці.

Карныя акцыі

Начальнік дзіцячага дома быў фашысцкі стаўленік. У гэты час немцы пачалі лютаваць, арганізоўвалі аблавы. Адной з першых затрымалі маю маці. У дзіцячы дом трапіла яе запіска, у якой яна прасіла: "Сыночак, калі можаш, дапамажы хлебам і прынясі чаго-небудзь цёпленькага". Дырэктар дзіцячага дома ўчыніў скандал, пачаў шукаць, каму прызначалася пасланне.
Я памятаю, як пачыналіся акцыі запалохвання. 29 кастрычніка па Мінску павесілі шмат патрыётаў, бачыў, як на Камароўскім скрыжаванні павесілі траіх. Я ішоў вуліцай Цнянскай і раптам ваенныя, не нямецкія салдаты, а літоўцы, сталі зганяць людзей да слупоў. Запомнілася мне: яны былі неахайныя, у гарчычных шынялях і касках з ражкамі. Калі сабралася група людзей, да слупоў пад’ехала тэнтаваная машына. Літоўцы сталі будаваць шыбеніцы.
Машына рушыла, а з борта выцягнулі тры чалавечыя фігуры, і яны павіслі на гэтых шнурках і пачалі круціцца вакол сваёй восі. Я адразу не мог уявіць, што гэта такое. Але нейкая жанчына ўскрыкнула: "Іх жа павесілі!". Усе стаялі, ашалеўшы ад такога відовішча. Так я ўбачыў першую экзекуцыю. Нехта сказаў, што па ўсім горадзе вешаюць актывістаў і падпольшчыкаў.
Я падумаў, што, можа, і маці мая трапіць на шыбеніцу ў гэты дзень. Я пабег шукаць, і на вуліцы Карла Маркса, дзе зараз знаходзіцца Нацыянальны мастацкі музей, на суку таполі віселі тры чалавекі – двое мужчын і жанчына. Жанчына была ў такім паліто колеру кавы з малаком, валасы растрапаныя, з нагі ўпаў адзін туфель. Мне падалося, што гэта маці, я блізка не падыходзіў. Як стала вядома пазней, у гэты фатальны дзень яе не стала.
Гэтыя ўспаміны 1941 года засталіся са мной на ўсё жыццё.

Чысткі ў дзіцячым доме

У дзіцячым доме мне запомніліся хлебныя пайкі, я заўсёды выбіраў акраец, ён здаваўся больш вялікім. Рэгулярна там праходзілі інспекцыі. Запомнілася мне, як на другім паверсе ў залі збіралася камісія. Там паставілі стол, прыйшоў чыноўнік з управы, немец са свастыкай на рукаве і некалькі ўзброеных салдат у форме: з аўтаматамі, каскамі. Па адным чалавеку запрашалі ў залу і задавалі пытанні аб бацьках, хто, адкуль, дзе працаваў. Асабліва страшна было за маленькіх, яны не мелі ўяўлення, што азначаюць адказы. Хтосьці казаў, што тата працаваў у райкаме ці меў яўрэйскія карані. Такіх адразу адводзілі ўбок.
Неяк дзяўчынку запрасілі маленькую і спыталі, як клічуць яе і бацьку. А яна і адказвае: "Я – Цыля, а тату клічуць Абраша". Гэтую дзяўчынку таксама ў гэты спецыяльны загончык змясцілі, дзе сабралася шмат дзяцей, у асноўным з малодшай групы. Дзеці старэйшыя ў асноўным адказвалі: "Не ведаю, не памятаю". Пасля гэтых дзяцей пагрузілі ў машыну і павезлі. У гэты дзень ніхто з нас не дакрануўся да ежы. Кожны з нас ведаў – іх павезлі забіваць.
Заставацца ў дзіцячым доме мне было небяспечна. Таму ўначы, звязаўшы прасціны, вылез з акна другога паверха і збег.

Кралі аб'едкі і жылі ў смеццевых скрынях

Пасля дзіцячага дома я доўга бадзяўся па Мінску з групай такіх жа беспрытульнікаў. Каб не памерці з голаду, мы дзяжурылі каля мінскай фабрыкі-кухні, дзе стаялі паліцаі. Мы, дзецюкі, стаялі каля дзвярэй і глядзелі, калі хтосьці нешта пакідаў на стале, як пацукі кідаліся да гэтых столікаў і хапалі аб’едкі. Памятаю, мёрзлую бульбу, яшчэ нейкія рэшткі. Такім чынам мы харчаваліся. Нас было пяць чалавек дзяцей ва ўзросце 11-12 гадоў. Жылі мы ў смеццевай скрыні. У ёй знаходзілася дзве сценкі, за адной з іх смецце перагарала, таму было цёпла. Праз лаз залазілі ў скрыню і так грэліся.
Потым сябры маці пераправілі мяне ў 1942 годзе ў Сеніцу ў сям’ю Ярашэвічаў. Пас кароў, пасябраваў з вясковымі хлопцамі, і ў нас з’явілася ідэя пайсці ў партызаны. А дзе іх шукаць? Трэба пайсці ў бок Негарэлага, там Вялікі Станькаўскі лес, там яны павінны абавязкова быць. Так мне думалася.
Наступіла восень, а ў гэтую пару года пастушок не патрэбен. Дзед Ярашэвіч па мянушцы Лэх даў бохан хлеба, кавалачак сала і сказаў: "Ідзі з богам". Так я з боханам хлеба пайшоў у бок Станькаўскага лесу. Праўда, што яшчэ мяне выручаў гармонік, я прыстойна навучыўся на ім іграць.

Сустрэча з партызанамі

Каля вёскі Ляхавічы сустрэў мясцовага хлопца Валіка, ён запрасіў пагрэцца. І кажа: "Гляздзі, можа цябе хто за парабка возьме". Многія жыхары адмаўляліся, а адна з жанчын пагадзілася, потым я перайшоў да іншай сямъі. Працаваў, але хацеў патрапіць да партызан.
Аднойчы стаяў каля варот і чую стук колаў, едзе фурманка, а ў ёй – двое з вінтоўкамі. Я ім і кажу: "Вы партызаны?" Сказаў, што хачу трапіць да народных мсціўцаў. А мне і адказваюць: "Які ты партызан, ты яшчэ да вінтоўкі не дарос". Слова за слова, пасмяяліся, дык дайшлі да канца вёскі, там з'явіўся верхавы. Яны яго назвалі па імені – Напалеон, пазней даведаюся, што яго прозвішча Рыдзеўскі.
Ён прызначыў мне сустрэчу ў алешніку на краі вёскі. Пад’ехаў, я расказаў сваю гісторыю. Са мной грунтоўна пагаварылі і далі заданне – глядзець, да каго заходзяць паліцаі, якія навіны. Сказалі, што я стану партызанам, але буду жыць у вёсцы.
Так мінула лета 1942 года. Неяк адзін з партызан – Уладзімір Вашкевіч – сказаў мне, каб я знайшоў зброю. Як толькі гэта зраблю, мяне возьмуць у баявую групу. У той час валялася шмат ствалоў, але ў вінтоўках не было затвораў. А я ведаў, што ў аднаго хлопца ў вёсцы ёсць затвор. Змяняў свой гармонік на затвор і далучыўся да партызан. Так я трапіў у групу "Чайка" ад штаба разведкі Заходняга фронту.

Жыццё ў партызанскім атрадзе

Ядро групы закінулі (да партызан - Sputnik) на парашутах летам. Камандзірам групы быў Міхаіл Мінакоў, радыст Віктар Пуцята, разведчыца Ганна Хромава. Тры чалавекі шмат чаго зрабіць не маглі, таму яны прыцягнулі партызан і падпольшчыкаў. Так у гэтай групе аказаліся Напалеон Рыдзеўскі, Уладзімір Вашкевіч з дзяржынскага падполля, Барыс Цыпушкін і Мікалай Цапноў. Паціху група пачала разрастацца. Я знаходзіўся ў дыверсійнай групе Цыпушкіна.
Партызанскія будні праходзілі плённа: быў кур’ерам, хадзіў па адрасах, здымаў пошту, удзельнічаў у падрыве эшалона пад Дзяржынскам. Ішло баявое жыццё. У той жа час са мной увесь час займаліся: навучалі матэматыцы, арыфметыцы, рускай мове, геаграфіі, як хадзіць па азімуце, выкладалі выбухную справу. Так я спасцігаў навукі.
Пасля мне даверылі разведданыя і свежую пошту вазіць з Дзяржынскага ў Капыльскі раён. Верхам на кані штораніцы я вазіў важныя даныя. Я ніколі не забуду, як у чэрвені 1944 года выехаў са Зварыкаўскага лесу, праехаў Ляхавічы, Суднікі, Каменку, Узду, стаў пад’язджаць да размяшчэння нашай групы, і раптам як усё загрукала. Здрыганулася зямля, а далей суцэльны гул. Так пачалася аперацыя "Баграціён", праз некалькі дзён мы сустрэліся з нашымі войскамі, удзельнічалі ў вызваленні пасёлка Узда.
Пасля вызвалення Беларусі частка групы "Чайка" засталася ўстанаўліваць савецкую ўладу, а частка працягнула службу ў разведцы, сярод апошніх быў і я.
Другую частку ўспамінаў аб тым, як юны Генадзь Юшкевіч у складзе разведгрупы "Джэк" быў закінуты ва Усходнюю Прусію, чытайце на Sputnik.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Дзень Перамогі
Успаміны партызанкі: нацысты спалілі бацьку ў мяне на вачах