МІНСК, 11 мая – Sputnik. Беларускі аўтамабільны завод пачаў выпрабаванні кар’ернага самазвала БЕЛАЗ-75477, паведамляецца на сайце прадпрыемства.
Як тлумачыць вытворца, гэтая машына малой грузападымальнасці абсталявана дызельным рухавіком "альтэрнатыўнага вытворцы", які не называецца. Магутнасць рухавіка – 404 кВт (550 конскіх сіл). Таксама ў самазвала гідрамеханічная трансмісія.
"Навінка стала чацвёртай мадэллю серыі самазвалаў грузападымальнасцю 42-45 тон, створанай на нашым прадпрыемстве на аснове шматгадовага вопыту канструявання надзейнай і простай у эксплуатацыі тэхнікі", - адзначаюць у БелАЗ.
У завода ўжо ёсць самазвалы малой грузападымальнасці з гідрамеханічнай трансмісіяй. Што да мадэлей 42-45 тон, то ў БелАЗ тры серыйныя мадэлі. Ёсць і чатыры мадыфікацыі на 30 тон, адна – на 32 тоны, тры – на 45 тон. Самыя буйныя машыны гэта серыя 7571 (дзве мадыфікацыі, грузападымальнасцю 450 тон).
Раней БелАЗ ужо паведамляў, што на фоне санкцый будзе выкарыстоўваць альтэрнатыўныя рухавікі. Напрыклад, у пачатку 2023 года стала вядома, што новы агрэгат для беларускага завода распрацавала і паставіла расійскае ПАТ "Калужский двигатель".
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"