МІНСК, 16 мая – Sputnik. Беларускі лідар Аляксандр Лукашэнка прапанаваў Азербайджану садзейнічанне ў пасляваенным аднаўленні тэрыторый.
Ён адзначыў, што пасля завяршэння ваенных дзеянняў самае галоўнае і складанае – гэта аднавіць і развіваць тэрыторыі.
"Якраз настаў той цяжкі час, калі трэба адраджаць гэтыя землі, трэба вяртаць людзей. Перамаглі, перамогу ўтрымалі, зараз трэба адраджаць", - цытуе прэзідэнта агенцтва БелТА.
Паводле слоў Лукашэнкі, Азербайджан чакае вялікая работа, якая патрабуе шмат часу і працы, але Мінск гатоў дапамагчы.
"Калі мы ў нечым можам дапамагчы, удзельнічаць у гэтым... Памочнікаў у вас тут зараз хапае, але калі мы можам на сяброўскіх пачатках удзельнічаць у гэтым... Тэхніка, аграгарадкі, працоўныя месцы, пэўныя – калі яны падыходзяць, калі наша тэхніка можа тут прысутнічаць і працаваць", - сказаў беларускі лідар.
Лукашэнка падкрэсліў, што падчас перагавораў з Ільхамам Аліевым узнімаў гэтае пытанне.
"І Ільхам Гейдаравіч такі падыход падтрымаў", - звярнуў увагу Лукашэнка.
Раней на сустрэчы Аліева і Лукашэнкі ў снежні мінулага года азербайджанскі лідар прапанаваў Беларусі будаваць аб’екты ў Карабаху.
Цяпер беларускі лідар знаходзіцца ў Баку з афіцыйным візітам.
Прэзідэнт Беларусі праводзіць афіцыйныя перагаворы са сваім азербайджанскім калегам – сустрэча адбываецца ў фармаце адзін на адзін, а таксама ў пашыраным фармаце.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"