Месяц таму аднавіліся даследаванні археалагічнага помніка на месцы, дзе бярэ свой пачатак летапісны Менск. Пасля таго, як ахоўны пласт з саломы знялі з драўляных клецей, працягнуліся раскопкі.
Фінальны этап расчысткі клецей
© Sputnik / Виктор Толочко
Зараз клеці поўнасцю выкапаны, вядуцца фінальныя работы з дрэвам. Дарэчы, белы налёт, які першапачаткова быў прыняты за грыбок, аказаўся бяскрыўдным наступствам хімічных рэакцый ад кантакту дрэва, якое праляжала ў зямлі больш за тысячу гадоў, і паветра.
На наступным этапе работ усе клеці трэба разабраць і апрацаваць спецыяльным саставам для кансервацыі дуба. На гэта ў вучоных можа спатрэбіцца яшчэ месяц. Затым трэба зрабіць дадатковыя раскопы ў бок ракі і ў глыбіню гарадзішча.
Расчышчаныя клеці накрываюць плёнкай, каб яны не высахлі
© Sputnik / Виктор Толочко
За гэты час трэба будзе вырашыць і лёс саміх клецей, якія ва Усходняй Еўропе не маюць аналагаў, таму што нідзе не захаваліся драўляныя канструкцыі старажытнарускага перыяду. Такім помнікам можа пахваліцца толькі гарадзішча на Менцы.
Праўда, зараз рашэнне аб стварэнні музея або музеіфікацыі чыноўнікі ў міністэрстве культуры так і не прынялі. Хоць вопыт стварэння такіх музеяў у Беларусі ёсць, дастаткова ўзгадаць Бярэсце.
Адзіночны фрагмент дрэва з вала гарадзішча
© Sputnik / Виктор Толочко
Архаічная шпора
"Усе знаходкі, зробленыя сёлета на раскопках, адносяцца да Х стагоддзя. З паказальных артэфактаў можна вылучыць кавалак заклёпкі. Звычайна такія заклёпкі змацоўвалі дошкі ў ладдзях – гэта першая падобная знаходка на гэтым археалагічным комплексе", - расказаў загадчык аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі НАН Андрэй Вайцяховіч.
Кавалак заклёпкі, які знайшлі падчас раскопак на гарадзішчы на Менцы
© Sputnik / Виктор Толочко
Сярод металічных знаходак у гэтым сезоне ёсць і гузік ад кафтана. Гэта нескладаны ў вытворчасці выраб, і яго маглі нават адліць тут на месцы.
Гузік, які знайшлі падчас раскопак на гарадзішчы на Менцы
© Sputnik / Виктор Толочко
Па словах навукоўца, на гэтым тыдні падчас працы была знойдзена металічная шпора, якая ўяўляе цікавасць для даследчыкаў, таму што мае вельмі архаічную форму. Такія шпоры характэрны для VIII-IX стагоддзяў, але працягвалі бытаваць і ў Х стагоддзі.
Шпора, якую знайшлі падчас раскопак на гарадзішчы на Менцы
© Sputnik / Виктор Толочко
Цікава, што шпора апынулася ў шчыльным пласце рачнога глею, які не даў ёй ніколькі заржавець. Зараз пад пластом бруду можна ўбачыць арнамент, які пасля рэстаўрацыі паўстане ва ўсёй красе.
Эпоха вікінгаў
Андрэй Вайцяховіч звярнуў увагу, што яшчэ адным арнаментаваным артэфактам аказаўся пярсцёнак. На яго нанесены арнамент, які прынята зваць "воўчы зуб".
"Гэта самы папулярны ў Х стагоддзі арнамент. Гэта было характэрна для ўсёй Еўропы, але наогул з’яўляецца традыцыйным для Паўночнай Еўропы", - удакладніў вучоны.
Пярсцёнак, які знайшлі падчас раскопак на гарадзішчы на Менцы
© Sputnik / Виктор Толочко
Гэты факт цалкам тлумачыцца тым, што гэта была "эпоха вікінгаў" і нарманскі ўплыў на сабе адчувалі ўсе еўрапейскія краіны і народы, тэрыторыя сучаснай Беларусі не стала выключэннем.
"Мы сёлета ў клецях таксама знайшлі скандынаўскі ланцэтападобны наканечнік стралы", - дадаў кіраўнік раскопак.
Скандынаўскі ланцэтападобны наканечнік стралы
© Photo : Андрей Войтехович
Славянскае ўпрыгажэнне
У клецях была знойдзена і бронзавая багата дэкарыраваная завушніца валынцаўскага тыпу. Гэта славянская раннесярэднявечная археалагічная культура VIII-IX стагоддзяў была распаўсюджана ў міжрэччы Дняпра і Дона.
Завушніца валынцаўскага тыпу, якую знайшлі падчас раскопак на гарадзішчы на Менцы
© Photo : Андрей Войтехович
"Знайшлі фрагмент фібулы і нож у ідэальным стане і востры як брытва. Гэта баявы нож і не выкарыстоўваўся ў побыце", - звярнуў увагу Андрэй Вайцяховіч.
Баявы нож, які знайшлі падчас раскопак на гарадзішчы на Менцы
© Photo : Андрей Войтехович
Глей у клецях аказаўся ідэальным кансервантам не толькі для металічных, але і драўляных вырабаў. Фрагмент чаранка ад нейкага інструмента праз тысячу гадоў выглядае так, быццам яго зусім нядаўна зрабілі.
Фрагмент чаранка ад нейкага інструмента праз тысячу гадоў выглядае так, быццам яго зусім нядаўна зрабілі
© Photo : Андрей Войтехович
Загадчык аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі НАН у завяршэнне расказаў, што разам з калегамі з Інстытута матэрыяльнай гісторыі акадэміі навук РФ быў праведзены навуковы семінар, прысвечаны гарадзішчу на Менцы.
Навукоўцы абмяркоўвалі асаблівасці будовы драўляных клецей у вале летапіснага Менска і прыйшлі да высновы, што нешта падобнае было толькі на Рурыкавым гарадзішчы.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"