МІНСК, 27 мая – Sputnik. Сярэдні кошт адной пуцёўкі ў дзіцячы аздараўленчы лагер Беларусі складзе 600 беларускіх рублёў, паведаміў намеснік кіраўніка беларускага ўрада Ігар Петрышэнка.
Паводле яго слоў, дзяржава ўдзяляе вялікую ўвагу не толькі працэсу навучання, але і аздараўленню дзяцей у перыяд летніх канікул. Так, сёлета на гэтыя мэты з бюджэту выдзяляецца 64 млн беларускіх рублёў.
"Сярэдні кошт пуцёўкі на 15 дзён – 600 беларускіх рублёў, з іх 248 рублёў дзяржава кампенсуе. Гэта вялікі ўклад, праява клопату аб здароўі дзяцей", - адзначыў віцэ-прэм’ер, відэа з яго каментарыем апублікавана ў Telegram-канале ўрада.
Петрышэнка праінфармаваў, што ў бягучым годзе з’явіцца 100 новых аб’ектаў для арганізацыі дзіцячага аздараўлення. Так, будзе 4,5 тысячы лагераў дзённага знаходжання і 1,5 тысячы – аздараўленчых лагераў з кругласутачным знаходжаннем дзяцей.
"Мы плануем сёлета аздаравіць на 4 тысячы дзяцей больш, усяго павінны адпачыць 393 тысячы нашых рабят. Мы плануем таксама аздаравіць больш за 10,5 тысяч нашых дзяцей-сірот і 4,5 тысячы дзяцей-інвалідаў", - адзначыў ён.
Што тычыцца працягласці змен у лагерах, Петрышэнка нагадаў, што быў падпісаны ўказ прэзідэнта, паводле якога перыяд знаходжання ў аздараўленчых лагерах зменшаны з 18 да 15 дзён.
"Зэканомленыя дні дадуць магчымасць нам арганізаваць у многіх аздараўленчых лагерах шостую змену, каб як можна больш хлопчыкаў і дзяўчынак нам ахапіць", - растлумачыў віцэ-прэм’ер.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"