Лукашэнка: сучасная і добра аснашчаная пагранслужба створана ў Беларусі

Паводле слоў прэзідэнта, пагранічная служба краіны штодзень аператыўна рэагуе на ўсе знешнія выклікі і пагрозы.
Sputnik
МІНСК, 28 мая – Sputnik. Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка павіншаваў камандаванне, асабовы склад і ветэранаў органаў пагранічнай службы з прафесійным святам – Днём пагранічніка, паведаміла прэс-служба кіраўніка дзяржавы.
"Недатыкальнасць рубяжоў для дзяржавы – важнейшая ўмова захавання яе суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці, а іх абарона – справа гонару, патрыятычны абавязак і асаблівая адказнасць перад народам для кожнага воіна ў зялёнай фуражцы", - гаворыцца ў віншаванні.
Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі створана сучасная, мабільная, добра аснашчаная, прафесійная пагранічная служба. Яна штодзень аператыўна рэагуе на ўсе знешнія выклікі і пагрозы, вырашае задачы па ахове дзяржмяжы і забеспячэнні нацыянальнай бяспекі.
Пры гэтым беларускі лідар падкрэсліў, што напярэдадні святкавання 80-годдзя вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у краіне асабліва славяць герояў Вялікай Айчыннай вайны.
"Беражліва захоўваем памяць аб стойкасці і мужнасці пагранічнікаў, якія першымі ўсталі на шляху ворага і аддалі свае жыцці за нашу светлую будучыню. І так павінна быць заўсёды", - дадаў ён.
Разам з тым, прэзідэнт перакананы, што цяпер беларускія пагранічнікі маюць усе неабходныя веды, уменні і сродкі, каб "пры любых умовах даць жорсткі адпор парушальнікам нашай мяжы і надзейна абараніць мір на роднай зямлі".
Асаблівыя словы падзякі і пажаданні здароўя і даўгалецця Лукашэнка накіраваў ветэранам, якія свае лепшыя гады жыцця прысвяцілі абароне рубяжоў Айчыны.

Сям’я пагранічнікаў

Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка таксама служыў у пагранвойсках – з 1975 па 1977 гады.
Акрамя таго, у розны час зялёную фуражку надзявалі яго сыны – Віктар і Дзмітрый. Абодва скончылі факультэт міжнародных адносін БДУ – там ёсць ваенная кафедра.
Вядома, што Віктар Лукашэнка ўжо пасля заканчэння ВНУ меў званне лейтэнанта, аднак вырашыў пайсці ў армію. Віктар Лукашэнка служыў у падраздзяленні, якое займаецца барацьбой з нелегальнай міграцыяй і кантрабандай.
Пазней там жа праходзіў службу і сярэдні сын кіраўніка дзяржавы Дзмітрый – у 2003 годзе.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі
Беларусь і РФ адкарэкціравалі меры па ахове рубяжоў Саюзнай дзяржавы