МІНСК, 4 чэр – Sputnik. Сумеснае камюніке аб устанаўленні дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Каралеўствам Эсваціні падпісана ў Афрыцы, паведаміла Sputnik прэс-служба МЗС Беларусі.
Урачыстая цырымонія прайшла ў Прэторыі, сталіцы ПАР. Подпісы ў дакуменце паставілі пасол Беларусі ў ПАР Ігар Белы і Высокі камісар Пасольства Эсваціні ў ПАР Ліндзіве Кунене.
Як лічаць у беларускім МЗС, гэта адкрыла магчымасці для развіцця ўсяго комплексу адносін паміж дзвюма краінамі. Гэта і палітычны дыялог, і гандаль, і адукацыя, і ахова здароўя, а таксама іншыя сферы.
"Работа па асобных напрамках супрацоўніцтва дзвюх краін ужо вядзецца. Ёсць узаемная зацікаўленасць у фарміраванні дагаворна-прававой базы беларуска-эсвацінскіх адносін", - гаворыцца ў паведамленні МЗС.
Знешнепалітычнае ведамства лічыць актуальным развіццё адносін з афрыканскімі дзяржавамі. На фоне "неакаланіяльных падыходаў асобных міжнародных гульцоў" усё больш кіраўнікоў дзяржаў Афрыкі бачаць перспектывы ў супрацоўніцтве з Мінскам.
Што за краіна
Эсваціні – гэта невялікая дзяржава, якая не мае выхаду да сусветнага акіяна. З усіх бакоў яна акружана тэрыторыямі ПАР і Мазамбіка. Сваю цяперашнюю назву краіна атрымала зусім нядаўна – у 2018 годзе. Да гэтага яе называлі Свазілендам.
Краіна ўтворана ў XIX стагоддзі, але доўгі час залежала ад Брытанскай імперыі. Поўную незалежнасць атрымала ў 1968 годзе.
Цяпер эканоміка Эсваціні ў значнай ступені залежыць ад буйнога суседа – ПАР. Асноўная прадукцыя краіны – прадукты харчавання, тэкстыль. Таксама ёсць запасы карысных выкапняў, у тым ліку алмазы, золата і жалезная руда.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"