Шастакоў: Куба – значны знешнепалітычны партнёр Беларусі

Кубінскі і беларускі бакі падпісалі дакумент па выніках чарговага пасяджэння камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве і дамовіліся аб супрацоўніцтве па канкрэтных напрамках.
Sputnik
МІНСК, 12 чэр – Sputnik. Мінск і Гавана прытрымліваюцца адзіных поглядаў на светаўладкаванне і імкнуцца да пабудовы справядлівага светапарадку, заявіў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Яўген Шастакоў па выніках перагавораў з кубінскім бокам.
"...На працягу многіх гадоў нашы краіны звязваюць традыцыйна сяброўскія адносіны, заснаваныя на прынцыпах узаемнай павагі, разумення і падтрымкі... Куба з’яўляецца значным для Беларусі знешнепалітычным партнёрам на міжнароднай арэне і адным з важнейшых саюзнікаў у Заходнім паўшар’і", - адзначыў намеснік міністра.
Паводле яго слоў, у бакоў вельмі насычаны парадак дня. Краіны актыўна абменьваюцца галіновымі і ўрадавымі дэлегацыямі.
12 чэрвеня ў Мінску разам з урадавай дэлегацыяй Кубы беларускі бок правёў пасяджэнне камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Па яго выніках былі падпісаны розныя дакументы, у тым ліку аб пастаўцы трактароў МТЗ на Кубу і аб стварэнні сумеснага прадпрыемства ў сферы біятэхналогій.
Яўген Шастакоў звярнуў увагу, што бакі ўстанавілі новую планку тавараабароту – 15 млн долараў для кожнага з бакоў на працягу 5 гадоў. Гэта прадугледжана падпісаным Пратаколам да міжурадавага Пагаднення аб узаемных пастаўках.
"Гэта вельмі амбіцыйная задача, асабліва калі прыняць да ўвагі, што за 10 гадоў работы ў рамках гэтага механізма абмен таварамі ажыццяўляўся на меншую суму", - звярнуў увагу намеснік міністра.

Трактары і малако

Намеснік кіраўніка МЗС Беларусі паведаміў, што Мінск і Гавана абмеркавалі пастаўкі беларускіх прадуктаў харчавання на Кубу. У першую чаргу размова ішла пра сухое малако. Плануецца, што кожны год будзе фіксаваны аб’ём такога экспарту.
У планах і стварэнне на Кубе прадпрыемства па зборцы трактароў, сумеснай вытворчасці натуральнамалочнай прадукцыі з беларускай сыравіны.

Фармацэўтыка

Шастакоў падкрэсліў, што бакі сур’ёзна разгледзелі супрацоўніцтва ў ахове здароўя: ад рэгістрацыі прэпаратаў да выпуску сумеснай прадукцыі.
"Паспяховае ўзаемадзеянне ў гэтай галіне магло б паскорыць пранікненне беларускіх лекаў на рынкі краін Лацінскай Амерыкі і садзейнічаць замацаванню кубінскіх лекавых прэпаратаў на рынках краін ЕАЭС", - лічыць дыпламат.

Націск ЗША

Чарговы раз у МЗС Беларусі негатыўна ацанілі эканамічную, гандлёвую і фінансавую блакаду, якую ўвялі ЗША супраць Кубы.
Яўген Шастакоў нагадаў, што са студзеня 2021 года Штаты несправядліва і неабгрунтавана ўключылі Кубу ў спісак краін, якія спансіруюць міжнародны тэрарызм.
"ЗША, відавочна, спрабуюць узмацніць націск на Кубу, прымусіць кубінцаў адмовіцца ад сваёй самастойнасці", - лічыць намеснік міністра.
Ён зрабіў акцэнт на тым, што Куба – не спонсар, а ахвяра тэрарызму.
"Выказваем сваю падтрымку кубінскаму народу і рашуча патрабуем выключэння Кубы са спіска краін-спонсараў міжнароднага тэрарызму", - заключыў намеснік кіраўніка знешнепалітычнага ведамства.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Галоўчанка: Беларусь і Куба сумесна супрацьстаяць санкцыям