МІНСК, 27 чэр – Sputnik. Чарговы ХІ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі пройдзе ў трох гарадах Віцебскай вобласці 27-28 чэрвеня.
Арганізатарамі форуму традыцыйна з’яўляюцца Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савет Федэрацыі Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі.
Тэма форуму – "Роля міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў пабудове інавацыйнай эканомікі Саюзнай дзяржавы".
Асаблівасцю мерапрыемства стане тое, што ўпершыню яно пройдзе адразу ў трох гарадах: Віцебску, Полацку і Наваполацку.
Папярэдні Х рэгіянальны форум адбыўся ў расійскім Башкортастане пад дэвізам "Вынікі і перспектывы".
У ім прынялі ўдзел каля 250 прадстаўнікоў з 47 рэгіёнаў РФ і каля 500 удзельнікаў з беларускага боку. Падчас мерапрыемстваў было падпісана звыш 100 пагадненняў на агульную суму 110 млрд расійскіх рублёў.
Графік працы форуму
У чацвер у Полацку, Наваполацку і Віцебску пройдуць секцыйныя пасяджэнні форуму, іх усяго запланавана дзевяць.
Акрамя таго, у Віцебску адбудзецца сумеснае пасяджэнне кіруючых органаў Маладзёжнага савета (парламента) пры Нацыянальным сходзе Беларусі і Палаты маладых заканадаўцаў пры Савеце Федэрацыі Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі.
Таксама пройдзе панэльная сесія кантрольных ведамстваў Беларусі і Расіі на тэму інавацый і сумеснае мерапрыемства гандлёва-прамысловых палат дзвюх краін.
Запланаваны і шэраг выставак.
У пятніцу ў Віцебску пройдзе пленарнае пасяджэнне ХI Форуму рэгіёнаў.
У гэты ж дзень адбудзецца сустрэча спікераў верхніх палат парламентаў Беларусі і Расіі з кіраўнікамі органаў дзяржаўнай улады рэгіёнаў дзвюх краін. На сустрэчы будзе абмяркоўвацца роля органаў мясцовага кіравання і самакіравання ў развіцці міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, узаемадзеянне рэгіёнаў у сферы інавацый і прамысловасці.
Будуць падпісаны пагадненні
Плануецца, што ў рамках правядзення форуму будзе падпісаны шэраг пагадненняў аб супрацоўніцтве і дзелавых кантрактаў.
Як раней паведамляла спікер верхняй палаты беларускага парламента Наталля Качанава, на Форуме рэгіёнаў будзе падпісана 165 пагадненняў і больш за 100 кантрактаў на суму 30 млрд расійскіх рублёў.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"