МІНСК, 11 ліп – Sputnik. Беларускі рубель можа аслабнуць да долара ЗША сёлета на 10,7%, гаворыцца ў аналітычным аглядзе Нацыянальнага банка Беларусі.
Размова ідзе аб базавым сцэнарыі развіцця падзей у 2024 годзе, пры якім гадавая інфляцыя павінна скласці 6%, а ВУП вырасце на 3,1%.
Ёсць у аглядзе і два негатыўныя сцэнарыі. Пры ўмераным шоку чакаецца падзенне ВУП на 3%, інфляцыя – 8,5%, паслабленне рубля да долара на 15%.
Сцэнарый моцнага шоку мяркуе памяншэнне ВУП на 9%, рост цэн на 10,5%, падзенне рубля да долара на 30%. Таксама ў базавым сцэнарыі мяркуецца захаванне стаўкі рэфінансавання на сённяшнім узроўні – 9,5%. Пры ўмераным шоку яна павысіцца да 12%, а пры моцным – да 13%.
Сярод патэнцыяльных пагроз для фінансавай стабільнасці краіны Нацбанк назваў, напрыклад, скарачэнне глабальнага попыту і зніжэнне цэн на энерганосьбіты. Сюды ж можна аднесці ўзмацненне фрагментацыі сусветнай эканомікі, коштавую нестабільнасць і іншае.
Пры гэтым, паводле ацэнак Нацбанка, банкаўскі сектар захоўвае пэўны запас трываласці і здольны супрацьстаяць сістэмным шокам.
"Ацэньваецца, што ў цэлым па банкаўскім сектары нарматыў дастатковасці капіталу будзе выконвацца, аднак у сцэнарыі моцнага шоку некаторым банкам можа спатрэбіцца дакапіталізацыя", - адзначылі ў рэгулятары.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"