Святочная праграма пачалася з мітынгу каля брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан у парку Жылібера. Яшчэ адной яркай падзеяй дня стаў патрыятычны аўтапрабег "Дарогамі славы", падчас якога дзесяткі машын праехаліся ад Кургана славы да плошчы Тызенгаўза праз цэнтральныя вуліцы Гродна.
Традыцыйна ў дзень вызвалення горада адкрываюцца важныя аб’екты. Так, свае дзверы расчыніў гарадскі турыстычны інфармацыйны цэнтр, галоўная задача якога – дапамагаць гасцям горада ў пошуку галоўных турыстычных аб’ектаў. Ён размясціўся недалёка ад чыгуначнага вакзала па вуліцы Ажэшкі.
У час цырымоніі адкрыцця начальнік упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Максім Малахоўскі адзначыў, што ў Гродне з кожным годам павялічваецца прыток турыстаў. Прыязджаюць госці з іншых гарадоў Беларусі, а таксама з далёкага і блізкага замежжа. Асабліва адзначаецца цікавасць да Гродна з боку расійскіх турыстаў.
"Гродна быў недаацэнены на турыстычным рынку Расійскай Федэрацыі. Апошні год- паўтара жыхары Гродна могуць бачыць турыстычныя аўтобусы з расійскімі нумарамі, чаго раней не было. Калі расійскія госці прыязджаюць сюды, яны ў вялікім захапленні. Для іх наш горад – навінка. Тут цікавая архітэктура, тут можна ўбачыць тое, чаго няма ў Брэсце ці Мінску, якія ўжо знаёмыя расійскім турыстам", - падкрэсліў спецыяліст.
Паводле яго слоў, найбліжэйшым часам Гродна будзе цікава наведваць не толькі летам, але і ў зімовы час. Ужо сёлета плануюцца цікавыя для турыстаў мерапрыемствы і сюрпрызы.
Таксама ў Гродне ўрачыста адкрылі адно з папулярных у турыстаў месцаў – аглядную пляцоўку на даху былога ўнівермага, якая больш за год была закрыта для наведванняў.
На вуліцах абласнога цэнтра на розных пляцоўках на працягу дня праходзяць міні-канцэрты і выступленні. Можна паслухаць папулярныя песні, выступленне духавога аркестра.
Самым незвычайным мерапрыемствам у вячэрняй праграме стане вальс бронетранспарцёраў на плошчы Леніна. Канцэртная праграма ў горадзе працягнецца да позняга вечара.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"