* * *
А сонца цябе прасмаліла,
Ты пахнеш чаборам, сасной.
А тут яшчэ спее маліна
На ціхай палянцы лясной.
Забудзь падрабязнасці быта,
Будзёншчыны потны рэжым.
Нырнём у лясоў першабытнасць,
А можа, ў дзяцінства збяжым.
Ах, словы, высокія словы,
Ва ўзнёсласці – фальшу налёт.
А ёй бы пад ветрам сасновым
Пазбавіцца вечных турбот;
Ад кухні заўжды цеснаватай,
Адкуль толькі сцены відны,
Сябе я адчуў вінаватым,
І горка ад гэтай віны…
Асеннія будні нахлынуць,
Ты ў кухні цішком запяеш:
Успомняць чабор і маліну
Пабляклыя вусны твае.
* * *
Адплывае белы цеплаход
За абруч блакітны небакраю,
На прасторы хваляў і прыгод.
Я гляджу услед…
І забываю.
Бо на той на палубе няма
Ні сяброў,
Ні нечых мілых ножак.
Хай там будзе сонца ці туман,
Цеплаход мяне больш не трывожыць.
Так і цуды нейкіх авеню
І сады ружовыя Сарэнта
Ў памяці падчас пераганю,
Быццам бы старую кіналенту.
А было:
Старэнькі грузавік,
Абшарпаны і заліты граззю,
На якім мой сябра-франтавік
Ад’язджаў, –
Навек мяне уразіў.
* * *
Асеннімі дажджамі заліло
Апошнія чаканні і спатканні,
Пажоўклых клёнаў ціхае святло,
Скупога сонца роснае дыханне.
І пачала зямля крыху цвярдзець,
То сцюжа – пераможца ў паядынку
Раскідвае зары світальнай медзь
У лужынах барвовыя ільдзінкі.
А потым навалілася на дол
Вялікая і белая бясконцасць.
І заблудзіўся кожны мінскі дом
У пошуках растрачанага сонца.
А твар зямлі заснежанай не мёртвы:
Ён зменлівы, як пошум баравы.
Там, у барах, аж да вясны ў сумётах
Схавалі свае трубы журавы.
Яны іх знойдуць і яшчэ зайграюць,
Склікаючы дзяцей, ліству, блакіт.
І па ўсім краі аж да небакраю
Маланкамі набухнуць аблакі.
* * *
Бывала: вяртаешся з лесу ў маленстве,
А сонца зайшло, і туман па нізінах.
І раптам здаецца, што сцішаны лес той
Суровым паглядам глядзіць табе ў спіну.
І страх азірнуцца, але азірнуся,
Затоена ўсё, ды нікога не бачу.
Дадому спалоханы трошкі вярнуўся,
Але не прызнаюся і не заплачу…
Цяпер за сталом у бяссонныя ночы
Мяне ахінае часамі трывога.
І спіну свідруюць суровыя вочы,
А як азірнуся – нікога, нікога.
* * *
Вось яшчэ малое намаганне,
І дакладна ўсё успомню я…
Недзе ў Бухары ці Намангане
Ты ішла, харошая мая.
У такой вясёлкавай спаднічцы,
А на кофце трыццаць тры касы.
Пэўна, я на сто гадоў спазніўся,
Не сустрэў раней такой красы.
На яе глядзець было няёмка,
Толькі немагчыма не глядзець.
Са спякотнай казкі незнаёмка
Некуды спяшалася паспець.
Як фазан, прашастала імкліва,
Пазаві – я следам паспяшу…
А мой друг Тураб глядзеў раўніва
На маю славянскую душу.
* * *
Грызе усіх нас нецярплівасць:
Хутчэй бы той чаканы век,
Дзе б жыў,
рабіў і быў шчаслівы
Сумленны кожны чалавек.
Здаецца,
вырвалі карэнне,
Няма ў мінулае шляхоў.
Ды бачым зноўку паўтарэнне
Усіх запыленых грахоў:
Злабы і зайздрасці успышкі,
Нахабнасць лютую хапуг,
І самагонныя адрыжкі,
І кар’ерызму рабскі дух.
Усё змяняецца з узростам,
А нейкі кут яшчэ глухі…
Ах, як няпроста,
як няпроста
Адскрэбці плямы і грахі.
І з пакалення ў пакаленне
Яно пакутліва ідзе –
Да працы добрай прылучэнне,
Ачалавечванне людзей.
* * *
Даволі вам, дзеці,
Па лагеры бегаць, даволі!
І спаць вам не дам у спакоі.
Апоўначы выведу вас
Я сягоння на поле,
На цёмнае поле начное.
Там позняе лета,
Там соннае жыта
І зорныя ліўні.
Бяздонне сусвету
Бывае такое глыбокае
Толькі у жніўні.
Пра космас прывычна
І бачыць, і чуць вам
Ледзь-ледзь не з пялёнак.
І сон ваш касмічны,
І ў сэрцы –
Гагарын, Клімук, Кавалёнак.
Для кожнага з вас
Над бацькоўскай зямлёю
Шчаслівая зорка згарае.
Цаніце свой час
І гэты сусвет,
Што без дна, без канца і без краю.
Жыццё вас запоўніць
Вучобай, і працай,
І шчырым каханнем,
Бо сэрцы запоўняць
І зоркавы лівень,
І цёплага жыта дыханне.
* * *
Ізноўку гром на лес, на голы,
І хмурацца сябры мае:
У сэрцы нейкі даўні голас
Сігнал трывожны падае.
Нябёсы грозяць нам патопам,
Грамы раз’юшаныя б’юць.
Галіны прыпяцкіх прытокаў
Сябе ў маланках пазнаюць.
Ды верыцца: не пакалеча
Сады, палі дачасны гром.
А бесклапотная малеча
Шумліва цешыцца дажджом.
Размыты цёплыя дарожкі,
Далёка ў лесе гром асеў.
І асцярожна басаножкі
Дзяўчына босая нясе.
* * *
На Брэстчыне карыбскі ураган,
Паводка бангладэшская увосень.
Дажджы зімой.
Снягоў няма.
Туман.
На бронетранспарцёрах сена звозім.
Калі б тут не сапраўдная бяда,
Дык можна б пастаяць і падзівіцца.
Але вада,
Страшэнная вада,
Нялёгка часам да людзей прабіцца.
Жывой вады руйнуючы удар,
Мы зубы сцялі, не клянём нікога.
Плывуць стагі па небу паміж хмар
І не знаходзяць сонца залатога.
Дае прырода зноў урокі нам:
Не верце цішыні, салодкім снам,
Бяда і радасць ходзяць побач вечна,
Людзей ратуе толькі чалавечнасць.
* * *
Жнівеньская ноч як звар’яцела,
Развязала чорныя мяхі.
Сотні тысяч зорак пераспелых
Сыплюцца на мокрыя імхі.
Галаву і сэрца мне працяла
Млечным Шляхам.
Край сасновы мой
Сёння ноччу нейкім стаў працягам
Зорнай таямніцы векавой.
Балбатня пра атамы – пустое,
Бо у прыгажосці – свой закон.
Толькі гэта неба залатое
Назаўжды ўзяло мяне ў палон.
Загадайце, хлопцы і дзяўчаты,
Спраўдзіцца усё ў жыцці у вас…
Зоркі, не пагасніце дачасна,
Я люблю вас,
Я кахаю вас.