ГОМЕЛЬ, 18 вер – Sputnik, Таццяна Федарэнка. Прапанова арганізаваць высакахуткасныя чыгуначныя зносіны паміж Гомелем і Бранскам была агучана на рэгіянальным бізнес-форуме "Гомель – Бранск", перадае карэспандэнт Sputnik.
Для ўдзелу ў мерапрыемстве на Гомельшчыну прыбыла дэлегацыя Бранскай вобласці на чале са старшынёй абласной думы Валянцінам Суботам.
Вітаючы ўдзельнікаў форуму, кіраўнік Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко адзначыў, што Бранская вобласць – найбуйнейшы эканамічны партнёр рэгіёна: сярод расійскіх суб’ектаў яна займае другое месца па экспартных пастаўках.
Іван Крупко на пасяджэнні бізнес-форуму
© Sputnik
"Сёння 185 прадпрыемстваў Гомельскай вобласці экспартуюць сваю прадукцыю ў Бранскую вобласць, 200 прадпрыемстваў – імпартуюць бранскія тавары. Аснова агульнага тавараабароту – узаемныя пастаўкі амаль тысячы таварных пазіцый, што забяспечыла яго рост да 130%. Агульны тавараабарот склаў 207 млн долараў, і стаіць задача павялічыць гэтыя паказчыкі", - сказаў Крупко.
Асноўнымі экспартнымі пазіцыямі гомельскіх прадпрыемстваў застаюцца агратэхніка, малочная прадукцыя, мінеральныя ўдабрэнні. Для прамсектара Гомельскай вобласці цікавы бранскія матэрыялы з металу і перадавыя тэхналогіі аграпрамысловага комплексу.
"Нашы аграрыі актыўна ўключыліся ў вывучэнне і прымяненне перадавога вопыту расійскіх суседзяў у бульбаводстве і вытворчасці збожжа. Асаблівую цікавасць выклікаюць тэхналогіі вырошчвання рапсу, якія даюць магчымасць атрымаць ураджайнасць больш як 60 цэнтнераў з гектара", - падкрэсліў кіраўнік Гомельскай вобласці.
Бізнес-форум "Гомель – Бранск"
© Sputnik / Татьяна Федоренко
Бакі абмеркавалі таксама супрацоўніцтва ў сферы чыгуначных перавозак. На форуме агучылі прапанову стварыць высакахуткасныя чыгуначныя зносіны паміж Гомелем і Бранскам. Паўдзельнічаць у мадэрнізацыі і арганізацыі чыгуначных шляхоў паміж рэгіёнамі мае намер адзін з найбуйнейшых у Расіі і краінах СНД вытворца абсталявання аўтаматыкі і тэлемеханікі – ТАА "Термотрон".
"Сумесна з РЧ мы працуе над новай прыладай для арганізацыі хуткаснага руху. У перспектыве гэта абсталяванне выкарыстаем на адной з анансаваных дарог "Масква – Мінск". Мы вядзем перагаворы з мінскімі кампаніямі па стварэнні сістэмы кіравання чыгуначнымі стрэлкамі і святлафорамі, якія ў перспектыве могуць быць ужыты ў Беларусі", - распавёў гендырэктар прадпрыемства Антон Абушэнка.
Бізнес-форум "Гомель – Бранск"
© Sputnik / Татьяна Федоренко
Старшыня Бранскай абласной думы падкрэсліў, што рэгіянальны форум для дзвюх абласцей-суседак стаў добрай традыцыяй, і вельмі важна ў цяперашніх умовах мець такога надзейнага партнёра, як Беларусь.
"Толькі так сёння можна выжыць, таму што калектыўны Захад настроены супраць нашых краін", - рэзюміраваў Субот.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"