МІНСК, 4 кас – Sputnik. Пераможцаў восьмага фестывалю дакументальнага кіно краін СНД "Еўразія.DOC" і маладзёжнага конкурсу "Еўразія.DOC: 4 хвіліны" ўшаноўвалі на сцэне кінатэатра "Беларусь" у Мінску, перадае карэспандэнт Sputnik.
Урачыстая цырымонія закрыцця форуму адбылася ў пятніцу, 4 кастрычніка. Усяго сёлета ў аргкамітэт фестывалю "Еўразія.DOC" паступілі 324 дакументальныя фільмы з 16 краін, з іх 32 увайшлі ў шорт-ліст. Паказы гэтых работ адбыліся ў Мінску і Смаленску.
Спецыяльны прыз міністэрства інфармацыі Беларусі атрымаў фільм Андрэя Якаўлева "Забыть латышского снайпера".
"Гэта фільм пра памяць, якую хочуць адабраць у нас – беларусаў і рускіх", - сказаў міністр інфармацыі Марат Маркаў.
Кіраўнік ведамства таксама адзначыў, што гэтыя фільмы заслугоўваюць таго, каб іх паказвалі не толькі ў кінатэатрах, але і на расійскіх і беларускіх тэлеканалах.
Акрамя гэтага, спецыяльны прыз старшыні журы фестывалю Віталя Траццякова атрымаў дакументальны фільм "Некаквсе" Алесі Карэпанавай (Расія).
"Рэзка вырасла якасць работ, якія прадстаўлены ў фінальным спіску. Фестываль зрабіў вялікі крок наперад", - падкрэсліў Траццякоў.
У сваю чаргу старшы саветнік пасольства Расійскай Федэрацыі ў Беларусі Аляксей Маскалёў адзначыў, што кінафестываль "Еўразія.DOC" з’яўляецца важнай міжнароднай падзеяй і прадстаўнічым творчым форумам, які аб’ядноўвае на сваёй пляцоўцы мноства таленавітых творцаў са сферы дакументальнага кінематографа.
"Карціны, якія прадстаўлены імі ў рамках конкурснай праграмы, адлюстроўваюць у першую чаргу іх асабісты энтузіязм, імкненне расказаць шырокай замежнай аўдыторыі аб сваіх родных краінах і тэмах, якія сёння больш за ўсё хвалююць іх суайчыннікаў", - падкрэсліў Маскалёў.
Пераможцамі фестывалю "Еўразія.DOC" сталі тры дакументальныя фільмы: два расійскія – "Беслан. Три дня навсегда" і "Невечная мерзлота", а таксама фільм журналіста тэлеканала АНТ Анатоля Занковіча "Гаспар на связь не вышел".
Гран-пры фестывалю атрымала работа іранскага аўтара Амірхасейна Асіванда "Футболист", якая расказвае пра двух братоў з правінцыі Ірана, якія мараць стаць вядомымі футбалістамі.
"Еўразія.DOC: 4 хвіліны"
У рамках фестывалю таксама адбыўся маладзёжны конкурс "Еўразія.DOC: 4 хвіліны". У ім прынялі ўдзел 57 пачынаючых дакументалістаў. У шорт-ліст журы адабрала 8 работ, сярод якіх фільм журналіста Sputnik Беларусь Кацярыны Вераб’ёвай.
Лепшымі ж "кароткаметражкамі" прызналі "С Пушкиным так не поступают!" (Расія), а таксама работы беларускіх аўтараў: "Яна Судар с даром из Дарево" Кацярыны Шахаўцовай і "Не все равно" Паліны Макей.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"