МІНСК, 15 кас – Sputnik. Назіральнікі ад БДІПЧ АБСЕ назвалі беларускія выбары "неадкрытымі і недэмакратычнымі", хаця прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка аддаў даручэнне адчыніць перад імі "ўсе дзверы", заявіў генеральны сакратар СНД Сяргей Лебедзеў.
На брыфінгу, які прысвечаны будучым парламенцкім выбарам ва Узбекістане, Лебедзеў закрануў пытанне працы на электаральных кампаніях назіральнікаў ад БДІПЧ АБСЕ. У сувязі з гэтым ён узгадаў сітуацыю, якая адбылася падчас адной з выбарчых кампаній у Беларусі.
Лебедзеў не ўдакладніў, якія гэта былі выбары – парламенцкія ці прэзідэнцкія.
"Быў такі выпадак на выбарах у Беларусі, калі яны (місія БДІПЧ АБСЕ - Sputnik) давалі ацэнку, ідэнтычную нашай (СНД - Sputnik), гаварылі аб тым, што выбары праходзяць нармальна, арганізавана. І гэта сапраўды было так", - сказаў Лебедзеў.
Генеральны сакратар СНД, які, як правіла, узначальвае місію назіральнікаў ад СНД на беларускіх парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах, расказаў, што ў яго адбылася рабочая сустрэча з Лукашэнкам.
"Я напярэдадні сустракаўся з прэзідэнтам Беларусі. І ён мне сказаў: "Сяргей Мікалаевіч, мне асабіста надакучыла, што нас кожны раз паліваюць брудам, што мы не пускаем іх (заходніх назіральнікаў - Sputnik). Я выклікаў міністра ўнутраных спраў, старшыню ЦВК Беларусі, тады была Ярмошына, сказаў – адкрывайце ўсе дзверы, паказвайце ўсе дакументы, усё тое, што яны просяць. Будзьце з імі шчырымі, адкрытымі, няхай яны глядзяць усё, што яны хочуць", - распавёў Лебедзеў аб размове з кіраўніком дзяржавы.
Па яго словах, тады назіральнікі місіі СНД і назіральнікі ад АБСЕ ездзілі па выбарчых участках, неаднаразова перасякаліся, сустракаліся.
"А пасля выбараў – зноў старая песня. Выбары не дэмакратычныя, не адкрытыя, пераважае адміністрацыйны рэсурс. І іншы стандартны набор абвінавачанняў", - сказаў Лебедзеў аб тым, якую справаздачу аб беларускіх выбарах напісалі назіральнікі ад БДІПЧ АБСЕ.
Да 2020 года Беларусь заўсёды запрашала назіраць за выбарамі місію назіральнікаў ад БДІПЧ АБСЕ. Яны ажыццяўлялі назіранне нараўне з такімі міжнароднымі структурамі як СНД, ШАС, МПА СНД.
Пасля заканчэння галасавання місіі СНД, ШАС і БДІПЧ АБСЕ рабілі заявы аб тым, як прайшлі выбары. Місія БДІПЧ АБСЕ ніколі не прызнала беларускія выбары дэмакратычнымі.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"