МІНСК, 22 кас – Sputnik. Расія і Беларусь працягваюць тэхнічную дапрацоўку і сінхранізацыю нацыянальных сістэм па абмене інфармацыяй аб дазволах на ўезд для грамадзян трэціх краін, заявіў пасол РФ у Мінску Барыс Грызлоў.
Гэта робіцца для пачатку рэалізацыі пагаднення аб узаемным прызнанні віз. У ім прадугледжваецца, што абедзве краіны будуць узаемна прызнаваць візы і іншыя дакументы, якія даюць права на ўезд і знаходжанне іншаземцаў на тэрыторыі Беларусі і Расіі, а таксама адзнакі аб перасячэнні знешняй мяжы Саюзнай дзяржавы.
"Каб запусціць гэты працэс, трэба наладзіць міжведамасны абмен звесткамі аб выдадзеных і ануляваных дазволах на ўезд і знаходжанне, а таксама аб фактах перасячэння мяжы", - распавёў пасол у інтэрв’ю агенцтву РІА Навіны.
Грызлоў падкрэсліў, што работа ідзе і профільныя ведамствы дзвюх краін актыўна ўключаны ў гэты працэс. Цяпер Мінлічбы Расіі і МУС Беларусі прадаўжаюць тэхнічную дапрацоўку і сінхранізацыю нацыянальных сістэм для абмену такога роду звесткамі. У прыярытэце – забеспячэнне празрыстасці і бяспекі.
"Калі для гэтага спатрэбіцца крыху больш часу, чым планавалася першапачаткова, то, на мой погляд, лепш крыху пачакаць, але зрабіць усё максімальна якасна", - канстатаваў расійскі дыпламат.
Саюзны міні-шэнген
Міжурадавае пагадненне аб узаемным прызнанні віз было падпісана ў Мінску ў чэрвені 2020 года. Закон аб ратыфікацыі міжурадавага беларуска-расійскага пагаднення набыў моц у лютым 2023 года. Пасля гэтага бакі прыступілі да выканання норм дакумента.
Асноўная яго мэта – стварэнне прававой базы для ўрэгулявання парадку перасячэння расійска-беларускай мяжы іншаземцамі і асобамі без грамадзянства.
Па дзеючых правілах, яны не могуць перасякаць сухапутны ўчастак мяжы, бо там адсутнічаюць пункты пропуску, прызначаныя для міжнародных зносін.
Згодна з дакументам, рэжым узаемнага прызнання віз будзе распаўсюджвацца і на тых грамадзян, якія маюць дазвол на часовае пражыванне, пасведчанне на права жыхарства або запрашэнне на наведванне нейкага маштабнага спартыўнага мерапрыемства.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"