МІНСК, 14 ліс – Sputnik. Першыя беларуска-расійскія трамваі і электробусы, якія ўжо працуюць на маршрутах, сталі сапраўдным упрыгажаннем Ніжняга Ноўгарада і неўзабаве адправяцца ў іншыя расійскія гарады. Пра гэта Sputnik распавёў кіраўнік прадстаўніцтва Ніжагародскай вобласці ў Беларусі Андрэй Дудкін.
Трамваі пад брэндам "МиНиН" два гады выпускаюць на беларуска-расійскім прадпрыемстве, якое знаходзіцца ў горадзе Ворсма Ніжагародскай вобласці. У мінулым годзе прэзентавалі першы расійска-беларускі электробус, які стаў сумеснай распрацоўкай беларускіх і расійскіх інжынераў.
Беларуска-расійскі электробус "МиНиН"
© Photo : Представительство Нижегородской области в РБ
У Ніжнім Ноўгарадзе курсіруе больш за 60 трамваеў "МиНиН". У бягучым годзе пачалі выпускаць на маршруты першыя электробусы. Мясцовыя жыхары паспелі ацаніць новы сучасны грамадскі транспарт.
"Жыхары Ніжняга Ноўгарада ў захапленні. Акрамя таго, што новы гарадскі транспарт выконвае сваю галоўную функцыю – перавозку грамадзян у камфортных умовах, ён вельмі прыгожы і ўльтрасучасны. Гэтыя мадэлі сталі сапраўдным упрыгажаннем горада", - паведаміў Андрэй Дудкін.
Па словах субяседніка, трамваі і электробусы "МиНиН" – гэта сумесны інавацыйны праект Беларусі і Расіі. Назва таксама ўнікальная і сімвалічная. Тут у прозвішчы ніжагародскага купца, які ўзначаліў у пачатку XVII стагоддзя апалчэнне і вызваліў Русь і Маскву ад польска-літоўскіх захопнікаў, зашыфраваны назвы двух гарадоў – Мінска і Ніжняга Ноўгарада.
Беларуска-расійскі трамвай "МиНиН"
© Photo : Представительство Нижегородской области в РБ
Аснову вытворчасці на беларуска-расійскім прадпрыемстве складаюць трамваі. Неўзабаве яны могуць з’явіцца і ў іншых расійскіх гарадах. Магутнасць ніжагародскага прадпрыемства дазваляе забяспечваць запатрабаванні ў грамадскім транспарце не толькі свайго рэгіёна.
"Ёсць заяўкі і зацікаўленасць іншых рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі ў набыцці гэтага віду тэхнікі. Вядуцца перагаворы непасрэдна з заводам-вытворцам", - адзначыў Дудкін.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"