Новыя факты масавага знішчэння людзей у гады ВАВ устаноўлены ў Магілёве

Факты выяўлены ў рамках расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, якую вядзе Генпракуратура Беларусі.
Sputnik
МІНСК, 5 сне – Sputnik. Эксперты-крыміналісты ўстанавілі, што ў раней невядомых пахаваннях часоў ВАВ у Магілёве знаходзяцца астанкі больш як 300 мірных грамадзян, сярод якіх жанчыны і дзеці, паведаміла афіцыйны прадстаўнік УДКСЭ па Магілёўскай вобласці Людміла Яверкіна.
У рамках расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе вайскоўцы 52-га пошукавага спецбатальёна УС Беларусі праводзілі пошукавыя работы ў лясным масіве па вуліцы Раўчакова ў Магілёве. Тады і былі знойдзены астанкі забітых людзей.
"У пахаваннях знойдзены астанкі не менш як 304 чалавек, з іх – адно дзіця, узрост якога 6-8 гадоў, а таксама не менш як 134 жанчыны", - сказала Яверкіна.
Паводле яе слоў, даўнасць пахавання астанкаў складае больш за 70 гадоў, на некаторых чарапах забітых людзей ёсць адтуліны ад куль.
Яверкіна таксама адзначыла, што выяўленне месца масавага пахавання стала вынікам працы з архіўнымі дакументамі, пасля чаго былі пачаты пошукавыя мерапрыемствы.
Гаворачы аб тым, якія дакументы былі вывучаны, прадстаўнік УДКСЭ ўдакладніла, што гэта акты Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі, у якіх сабрана інфармацыя аб масавых забойствах мірных грамадзян у раёне Казіміраўкі, Пашкова і Палыковічаў у часы нямецкай акупацыі.
Раскопкі ў лясным масіве па вуліцы Раўчакова ў Магілёве праводзіліся на працягу двух месяцаў. Узнятыя астанкі былі дастаўлены экспертам-крыміналістам для даследавання.
З надыходам зімовага надвор’я раскопкі на месцы масавага пахавання былі прыпынены, вясной 2025 года яны будуць адноўлены.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Забівалі ў вішнёвым садзе: суд над катам Хатыні Смоўскім