МІНСК, 6 сне – Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка папрасіў свайго расійскага калегу Уладзіміра Пуціна размясціць ракетны комплекс "Орешник" на тэрыторыі рэспублікі, перадае карэспандэнт Sputnik.
Сёння ў Мінску праходзіць пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы з удзелам прэзідэнтам Беларусі і Расіі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Падчас прэс-канферэнцыі па выніках пасяджэння ВДС беларускі лідар звярнуўся да расійскага калегі з гэтай просьбай.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што нядаўні ўдар "Орешником" па цэлях ва Украіне падзейнічаў на былых партнёраў, а цяпер сапернікаў Беларусі і Расіі.
"І не палічыце гэта за нейкае нахабства, я хачу публічна папрасіць вас, каб новыя сістэмы ўзбраення, і перш за ўсё "Орешник", былі размешчаны на тэрыторыі Беларусі", - заявіў Лукашэнка пасля падпісання дакументаў, звяртаючыся да свайго расійскага калегі.
Гэта сур’ёзна супакоіла б некаторыя розумы, якія ўжо гатовы ваяваць супраць Беларусі, а таксама і супраць Расіі на тэрыторыі Беларусі, сказаў Лукашэнка.
"У нас (у Беларусі - Sputnik) ёсць пэўныя месцы, дзе мы можам размясціць гэтую зброю, з адной толькі умовай, што цэлі для гэтай зброі будуць вызначацца ваенна-палітычным кіраўніцтвам Беларусі. А пакуль вы нас навучыце карыстацца гэтай зброяй, каб расійскія спецыялісты абслугоўвалі і ажыццяўлялі пускі па пэўных цэлях баявымі зарадамі "Орешника", - сказаў Лукашэнка.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, размяшчэнне "Орешника" ў Беларусі значна ўзмацніла б абарону Саюзнай дзяржавы, і перш за ўсё тэрыторыі Беларусі.
Расійскі лідар у адказ на просьбу Лукашэнка сказаў, што "Орешник" могуць размясціць у Беларусі ўжо ў 2025 годзе. Комплексы, паводле слоў Пуціна, будуць паступаць на ўзбраенне расійскай арміі і паралельна пастаўляцца ў Беларусь.
Першае выкарыстанне "Орешника"
Украінскія ўзброеныя сілы 19 лістапада ўдарылі па аб’ектах у Курскай і Бранскай абласцях, ужыўшы дальнабойныя амерыканскія ракеты ATACMS і брытанскія Storm Shadow.
У адказ на гэта Узброеныя сілы РФ нанеслі камбінаваны ўдар па адным з аб’ектаў абаронна-прамысловага комплексу Украіны, падчас якога ўпершыню ў баявых умовах была выпрабаваная найноўшая балістычная ракетная сістэма сярэдняй далёкасці "Орешник".
Пазней прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін паведаміў, што ў Расіі пачалася серыйная вытворчасць гэтай ракетнай сістэмы.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"