МІНСК, 14 сту – Sputnik. Беларусь павінна адстойваць свае нацыянальныя інтарэсы і жорстка рэагаваць на спробы ўмяшання ў яе ўнутраныя справы, гаворыцца ў перадвыбарнай праграме кандыдата ў прэзідэнты, лідэра Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алега Гайдукевіча.
Сёння беларускія дзяржаўныя газеты надрукавалі перадвыбарныя праграмы кандыдатаў у прэзідэнты. Яны апублікаваны ў дзвюх газетах – "Звяздзе" і "Рэспубліцы" на беларускай і рускай мовах. Кожная з праграм умясцілася на адной газетнай старонцы.
"Я перакананы, што ўсюды неабходна цвёрда і паслядоўна адстойваць нашы нацыянальныя інтарэсы. Беларусь – міралюбівая дзяржава і выступае за роўныя добрасуседскія адносіны з усімі краінамі", - гаворыцца ў перадвыбарнай праграме Гайдукевіча.
Пры гэтым палітык выступае за тое, што Беларусі трэба "жорстка рэагаваць на любыя спробы ўмяшання" ў яе ўнутраныя справы.
Гайдукевіч пазіцыянуе сябе як прыхільнік інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы, адзначаючы, што яго партыя падтрымлівае саюз з Расіяй, ЕАЭС, АДКБ, ШАС, БРІКС.
"Саюз Беларусі і Расіі ўмацоўвае нашы дзяржаўнасць і суверэнітэт", - адзначаецца ў праграме.
Частка перадвыбарнай праграмы Гайдукевіча прысвечана эканамічнай бяспецы краіны, палітык выступае за павышэнне даходаў насельніцтва, устойлівасць банкаўскай сістэмы, развіццё здаровай канкурэнцыі ў эканоміцы.
На выбары палітык таксама ідзе са сваім даўнім тэзісам – аб рэфармаванні выбарчай сістэмы.
"Я выступаю за правядзенне выбараў дэпутатаў усіх узроўняў па прапарцыянальна-мажарытарнай сістэме, а не толькі па аднамандатных акругах", - гаворыцца ў перадвыбарнай праграме палітыка.
Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць 26 студзеня, у выбарах удзельнічаюць пяць кандыдатаў, у тым ліку дзеючы прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"