МІНСК, 24 сту – Sputnik. Правядзенне экзітполу не парушае тайну волевыяўлення выбаршчыкаў на выбарах, пра гэта заявіў старшыня ЦВК Беларусі Ігар Карпенка.
Ён удакладніў, што Цэнтрвыбаркам адносіцца да правядзення экзітполу пазітыўна і ўзгадніў яго правядзенне. Дазвол на правядзенне апытання атрымаў Беларускі камітэт маладзёжных арганізацый (БКМА).
"Гэта не парушае тайну волевыяўлення, таму што вынікі экзітполу будуць агучаны ўжо пасля правядзення асноўнага дня галасавання. Таму яны ніякім чынам не ўплываюць на меркаванні людзей, якія ідуць галасаваць", - прыводзіць словы Карпенкі агенцтва БелТА.
БКМА 26 студзеня апытае грамадзян, якія выходзяць з выбарчых участкаў, па методыцы экзітпол. Апытанне пройдзе больш як на 300 участках –у буйных гарадах і сельскай мясцовасці.
Для яго плануецца задзейнічаць каля тысячы інтэрв’юераў. У іх будзе адметная атрыбутыка: брэндаваныя сінія камізэлькі, сумка і планшэтка з лагатыпам БКМА. Таксама кожны інтэрв’юер павінен мець адпаведны бэйдж і пасведчанне, якое пацвярджае асобу.
Выбары-2025
З 21 студзеня на выбарах прэзідэнта Беларусі пачалося датэрміновае галасаванне, яно працягнецца да 25 студзеня ўключна. Асноўны дзень галасавання – 26 студзеня.
На вышэйшую дзяржаўную пасаду балаціруюцца пяць кандыдатаў. Гэта дзеючы прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі дэпутат Алег Гайдукевіч, самавылучэнец Ганна Канапацкая, лідар Камуністычнай партыі Сяргей Сыранкоў і старшыня Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Аляксандр Хіжняк.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"