МІНСК, 6 лют – Sputnik. Вярхоўны суд Беларусі сёння пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Сямёна Серафімовіча, які абвінавачваецца ў генацыдзе беларускага народа.
Як паведаміў журналістам дзяржаўны абвінаваўца Аляксандр Дзямідаў, Серафімовічу прад’яўлена абвінавачанне ў забойстве больш як чатырох тысяч чалавек на акупіраванай тэрыторыі БССР.
Паводле яго слоў, Серафімовічу прад’яўлена абвінавачанне па 14 эпізодах злачыннай дзейнасці, кіраўніцтве і ўдзеле ў карных аперацыях.
Пракурор паведаміў, што падчас расследавання крымінальнай справы беларускі бок накіроўваў запыты ў Вялікабрытанію, дзе пасля 1945 года пражываў карнік Серафімовіч, але ад афіцыйных улад адказу не было.
"Дапамаглі прадстаўнікі грамадскіх структур", - сказаў пракурор, адзначыўшы, што ў матэрыялах справы ёсць дакументы аб судовым працэсе, які праходзіў у Вялікабрытаніі над Серафімовічам. Тады яму ставілі ў віну забойства толькі трох чалавек.
Дзяржабвінаваўца ўдакладніў, што ў сярэдзіне судовага працэсу Серафімовіч захварэў і памёр, такім чынам ён не быў прыцягнуты да адказнасці за злачынствы падчас Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай тэрыторыі Беларусі.
Справа аб генацыдзе беларускага народа
Раней у Беларусі ўжо асудзілі пасмяротна іншых калабарацыяністаў, якія ўдзельнічалі ў масавых забойствах. У 2024 годзе былі прызнаны вінаватымі ў генацыдзе беларускага народа кат Хатыні Уладзімір Катрук і кіраўнік 118-га карнага батальёна Канстанцін Смоўскі.
Нагадаем, у 2022 годзе быў прыняты закон "Аб генацыдзе беларускага народа". У дакуменце афіцыйна замацавана, што злачынствы па планамерным фізічным знішчэнні беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд – гэта генацыд.
Маюцца на ўвазе дзеянні нацысцкіх злачынцаў, іх памагатых, а таксама нацыяналістычных фарміраванняў. Пры гэтым пад беларускім народам разумеюцца ўсе савецкія грамадзяне, якія жылі ў БССР у гады вайны і пасля яе да 31 снежня 1951 года. За адмаўленне фактаў генацыду ў гэты перыяд належыць крымінальная адказнасць. Максімальная санкцыя – 10 гадоў пазбаўлення волі.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"