"Блінныя паседжанкі", або Сустракаем Масленіцу з народнай кухняй

Этнограф Ларыса Мятлеўская раскрывае сакральныя таямніцы галоўнай стравы на Масленічным тыдні і прапануе прыгатаваць да народнага свята старажытныя грачанікі ды пружанскія бліны.
Sputnik
Бліны – абрадавая страва, якая гатуецца бадай да кожнага народнага свята, у тым ліку на Каляды, Купалле, Дзяды і інш. Але Масленіца сярод іх вылучаецца тым, што на багатым святочным стале бліны заўсёды галоўныя. Падчас цэлага тыдня ў гэты халодны, аднак вясёлы час, калі паціху таялі не толькі снягі, але і харчовыя прыпасы, назапашаныя з восені, было прынята ўжываць бліны!
Бліны – старажытная абрадавая страва
Існуе безліч цікавых і разнастайных рэцэптаў гэтай найстаражытнейшай стравы. Бліны ядуць халоднымі і гарачымі, тонкімі і тоўстымі, з рознымі начынкамі, са смятанай, з маслам і варэннем. Жоўценькія і круглыя яны нагадваюць цёплае вясновае сонейка! Мабыць таму продкі і верылі: каб далучыцца да жыватворнай моцы маладога сонца, трэба было есці бліны, і чым больш, тым лепш. Ды заўважалі:

"Як на масленай нядзелі
Блінцы са стала ляцелі…
".

Да таго ж у народзе існуе перакананне, што нават калі ў сне ясі бліны, то абавязкова пачуеш добрую навіну. Калі ж пабачыць падобны сон у лютым – і да варожкі не хадзі – гэта да Масленіцы! Сёлета ж вясёлы Масленічны тыдзень пачаўся 24 лютага і завершыцца 2 сакавіка.
Масленіца, Масленка, Сырніца – старажытнае свята славянскіх народаў, звязанае з культам прыроды – адраджэннем плодных сіл зямлі. Галоўная накіраванасць абраду – праводзіны зімы, набліжэнне вясны, забеспячэнне багатага ўраджаю і дабрабыту ў гаспадарцы.
"Як на масленай нядзелі блінцы са стала ляцелі…"
Калісьці падчас Масленіцы было прынята хадзіць адзін да аднаго ў госці, наведваць пажылых людзей, выяўляць павагу да бацькоў, іншых членаў сям’і, памінаць продкаў. І хоць цяпер гэта звычайны працоўны тыдзень, усё ж настрой інакшы, бо ужо ў нядзелю прынята развітвацца з зімой!
Хтосьці едзе за горад у музейныя комплексы, дзе штогод ладзяць святкаванне Масленіцы і ўрачыста спальваюць пудзіла Зімы – напечаныя бліны, рэканструкцыя зімовых забаў і ігрышч, у якіх можна прыняць удзел, добра падымаюць настрой. А камусьці лепей правесці гэтыя дні ў сямейным коле за "бліннымі паседжанкамі" – вядома, залатая апетытная горка блінцоў, якая ўрачыста ўзвышаецца ў цэнтры накрытага чыстым абрусам стала, заўсёды дорыць радасць кожнаму!
Апетытная горка святочных блінцоў

Ад грачанікаў да віленскіх бліноў

Каб год атрымаўся ўраджайным, беларусы здаўна выпякалі разнастайныя бліны: бульбяныя, грачаныя, пшанічныя, аўсяныя і г.д. Маглі нават змешваць муку розных відаў, што па веры нашых продкаў-земляробаў таксама спрыяла добраму ўраджаю ў новым годзе. Асабліва часта да пшанічнай мукі прымешвалася грачаная, і калі ў такія бліны закручвалі начынку, то яны называліся "грачанікі". На поўначы Беларусі ў гонар свята пяклі і чыста грачаныя бліны на дражджах, якія называлі "рускімі".
Акрамя бліноў пяклі і аладкі. Галоўная асаблівасць гатавання гэтых мучных вырабаў у тым, што цеста да іх павінна быць як густая смятана. Пасля таго, калі яно канчаткова падымецца, цеста, не мяшаючы, бяруць лыжкаю і акуратна выліваць на гарачую патэльню ў якой кіпіць масла ці тлушч. Смажаць аладкі з абодвух бакоў.
Цеста на сонечны блін
Падавалі бліны і аладкі са смятанай, сочывам, мёдам, а падчас Мясаеду, які адбываецца за тыдзень да Масленіцы, з заскварай (смажанае сала з цыбуляй). Ды якіх толькі не знойдзеш рэцэптаў традыцыйных бліноў у беларускіх гаспадынь!

Аладкі на дражджах старадаўнія

З чаго гатаваць:
2 шк. малака,
4-4,5 шк. пшанічнай мукі,
13 г сухіх дражджэй,
2-4 яйкі,
200 г вяршковага масла,
1 ч. л. цукру,
1 ч. л. солі.
Аладкі на Масленіцу
Як гатаваць. Размяшаць дрожджы ў малацэ, дадаць муку і усё перамяшаць. Пакінуць на гадзіну. Калі цеста паднімецца – вымясіць яго, дадаць соль, цукар, 1 ст. л. масла, ад 2 да 4 яек, вымясіць цеста і даць падысці яшчэ раз.
Пасля гэтага, не мяшаючы цеста, браць яго лыжкаю, класці на патэльню на гарачае масла. Абсмажыць з абодвух бакоў.
Падаваць са смятанай ці сочывам.

Грэцкія бліны

Гэтая страва гатуецца па посным рэцэпце.
З чаго гатаваць:
400 г пшанічнай мукі,
400 г грэцкай мукі,
10 г сухіх дражджэй,
750 г вады,
1 ч. л. цукру,
1 ч. л. солі.
Блінцы масленічныя
Як гатаваць. Замясіць цеста з пшанічнай мукі, сухіх дражджэй і абавязкова цёплай вады. Паставіць у цёплае месца. Калі цеста паднімецца, трэба яго добра вымясіць драўлянай лыжкай (можна лапаткай). Далей усыпаць соль, цукар і грэцкую муку, перамяшць і зноў пакінуць у цёплым месцы, каб падышло.
Потым добра прагрэць патэльню, нашмараваць яе маслам ці кавалкам сырой скваркі. І можна выпякаць блінцы.
Гэтакія спечаныя бліны можна ўжываць з разагрэтым мёдам. А калі ў іх ўкруціць начынку з грыбоў, тады атрымаюцца сапраўдныя грачанікі!

Бліны па-загорску

Рэцэпт гэтых бліноў прыводзіцца паводле Пружанскай кухні.
З чаго гатаваць:
1,5-2 шк. пшанічнай мукі,
1 шк. кіслага малака,
2 ст. л. тварагу,
2 ст. л. цукру,
1 яйка,
1 ч. л. соды,
алей (для смажання),
соль (да смаку).
Бліны з тварагом
Як гатаваць. У малако дадаць цукар, соду і соль на канцы нажа. Добра перамяшаць, усыпаць муку і вымесіць цеста да стану густой смятаны. Убіць у цеста яйка, дадаць 2 ст. л. тварагу, добра перамяшаць і пакінуць на 30 хв. Смажыць на алеі.
Падаваць бліны са смятанай, сочывам або мёдам.

Бліны па-віленску

З чаго гатаваць:
300 г грэцкай мукі,
1 шк. смятаны,
2 яйкі,
3 ст. л. цукровай пудры,
0,5 ч. л. соды, пагашанай воцатам,
свіны тлушч (для смажання),
соль (да смаку).
Бліны да свята
Як гатаваць. Муку перамяшаць з 0,5 ч. л. соды, пагашанай воцатам (або з 1 ч. л. пякарскага парашку), прасеяць. Перамяшаць са смятанай, яйкамі і цукрам, пасаліць і добра перамяшаць.
Разагрэтую патэльню нашмараваць свіным ці ялавічным тлушчам (або кавалкам сырога сала) і пячы бліны.

Бліны пшанічныя

З чаго гатаваць:
4 шк. мукі,
1,5 шк. малака,
30 г дражджэй,
2 яйкі,
2 ст. л. алею,
вада,
1 ст. л. цукру,
соль (да смаку).
Гаспадыні запрашаюць на масленічныя бліны
Як гатаваць. Дрожджы развесці ў цёплай вадзе. Усыпаць муку і развесці трыма шклянкамі вады, пакінуць цеста на ноч.
Раніцай закіпяціць малако і адразу ж уліць яго ў цеста, дадаць яйкі, соль, цукар, алей, добра перамяшаць і даць падысці 30 хв. Пячы на алеі.
Падаваць са смятанай.
Смачных блінкоў ды вясёлай Масленкі!
Чытайце таксама:
Беларускія звычаі і традыцыі святкавання Масленіцы
Масленічны тыдзень пачаўся ў праваслаўных
Масленічныя гульні моладзі, або Самы час для вяселляў