Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі

Куйвашаў: эканомікі Свярдлоўскай вобласці і Беларусі дапаўняюць адна адну

Беларусь і Свярдлоўская вобласць – даўнія і надзейныя партнёры. Узаемны тавараабарот расце ўжо чатыры гады запар.
Sputnik
Сёння супрацоўніцтва развіваецца па многіх напрамках: паспяхова рэалізуюцца сумесныя праекты вытворчасці аксіяльна-поршневых гідраўлічных помпаў, самалёта "Асвей", адпрацоўваюцца варыянты арганізацыі выпуску ліфтаў, працягваюцца кааперацыйныя пастаўкі беларускіх і свярдлоўскіх рухавікоў, сістэм пажаратушэння, гідраўлікі і іншых камплектуючых на машынабудаўнічыя прадпрыемствы рэспублікі і расійскага рэгіёна.
Дынаміку адносінам надаў і нядаўні візіт губернатара Свярдлоўскай вобласці Яўгена Куйвашава ў Мінск. Аб новых праектах і планах Яўген Уладзіміравіч расказаў у эксклюзіўным інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву Sputnik Беларусь.
– Яўген Уладзіміравіч, у панядзелак адбыўся візіт вашай дэлегацыі ў Беларусь. Падзяліцеся, калі ласка, уражаннямі аб паездцы, праведзеных сустрэчах, перагаворах? Падвядзіце кароткія вынікі.
– Сапраўды, 24 лютага адбылася мая працоўная паездка ў рэспубліку. Хачу адразу адзначыць, што Беларусь – даўні сябар і партнёр Свярдлоўскай вобласці. Нашы дэлегацыі рэгулярна сустракаюцца для правядзення перагавораў як на тэрыторыі вашай дзяржавы, так і на Урале. Заключаюцца новыя пагадненні, вядзецца вялікая работа па развіцці гандлёва-эканамічных сувязей, супрацоўніцтва ў сферах прамысловасці, медыцыны, транспарту, навукі, культуры і іншых. Візіт свярдлоўскай дэлегацыі ў Беларусь сёлета не стаў выключэннем – мы плённа папрацавалі з беларускімі калегамі над умацаваннем нашага супрацоўніцтва.
Безумоўна, ключавой падзеяй паездкі стала працоўная сустрэча з прэзідэнтам рэспублікі Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам. Мы не першы раз садзімся за стол перагавораў – сустракаліся ў 2019 і 2014 гадах. На гэты раз удалося абмеркаваць мноства праектаў, якія сумесна рэалізуюць рэспубліка і наш рэгіён у самых розных галінах. Аляксандр Рыгоравіч дакладна адзначыў, што ключавы напрамак супрацоўніцтва для нас – машынабудаванне. Гэта тэхніка і для горна-металургічнага комплексу, і для сельскай гаспадаркі. Камунальныя машыны, ліфтавае абсталяванне. Усё гэта мы актыўна закупляем у Беларусі. З навін – Аляксандр Рыгоравіч прапанаваў падтрымку ў будаўніцтве метро ў Екацярынбургу, а таксама абнаўленні транспарту для муніцыпалітэтаў вобласці. Ідэя мне падабаецца, мы ніколі не адмаўляемся ад дапамогі кампетэнтных калег. Аляксандр Рыгоравіч нават пажартаваў, што абсалютна ўсё, што нам спадабаецца ў Беларусі, ён гатоў прапанаваць Свярдлоўскай вобласці.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і губернатар Свярдлоўскай вобласці Яўген Куйвашаў
Працягам цёплай сустрэчы з Аляксандрам Рыгоравічам сталі не менш эфектыўныя перагаворы з прэм’ер-міністрам Раманам Галоўчанкам і шостае пасяджэнне Савета дзелавога супрацоўніцтва Свярдлоўскай вобласці і Беларусі. Я шчыра рад, што кіраўнікі розных уральскіх вытворчасцей змаглі дасягнуць новых дамоўленасцей з беларускімі калегамі. Да таго ж, мы зацікаўлены ў партнёрстве з Беларуссю па стварэнні вытворчасці прэпаратаў крыві ў нас на Сярэднім Урале. Гэта можа стаць прарывам для лячэння рэдкіх захворванняў. Для нашых медыкаў вельмі важны вопыт беларускіх калег па стварэнні ў горадзе Ганцавічы сучаснага прадпрыемства па перапрацоўцы плазмы крыві.
Не магу не адзначыць адкрыццё інжынірынгавага цэнтра на базе "Швабе-Мінск" – "дачкі" Уральскага оптыка-механічнага завода. Гэта вялікі праект, да рэалізацыі якога было прыкладзена нямала намаганняў.
– Вы адзначылі, што першая сустрэча з прэзідэнтам рэспублікі была ў вас яшчэ ў 2014 годзе. Раскажыце, якая дынаміка гандлёва-эканамічных адносін Беларусі і вобласці за гэтыя 10 гадоў? Якіх поспехаў удалося дасягнуць у апошні час?
– З нашай першай сустрэчы з Аляксандрам Рыгоравічам адносіны Рэспублікі Беларусь і Свярдлоўскай вобласці толькі ўмацоўваюцца, з’яўляюцца новыя вектары развіцця. У 2022 годзе падпісана абноўленае пагадненне аб супрацоўніцтве.
Беларусь на працягу апошніх гадоў традыцыйна ўваходзіць у дзясятку найбуйнейшых гандлёвых партнёраў рэгіёна сярод усіх замежных краін. Мы пастаўляем, у першую чаргу, шырокую наменклатуру металургічнай і хімічнай прадукцыі, а з Беларусі на Сярэдні Урал прыходзіць машынабудаўнічая прадукцыя.
Адзначу павышэнне статусу консульскай установы рэспублікі. Замест аддзялення пасольства, якое працавала ў Свярдлоўскай вобласці амаль чвэрць стагоддзя, у мінулым годзе адкрыта генеральнае консульства Рэспублікі Беларусь. Яшчэ ў нас працягваюць весці сваю дзейнасць ганаровы консул і прадстаўнік беларускай гандлёва-прамысловай палаты.
Дадам, на тэрыторыі рэспублікі працуюць прадстаўніцтвы многіх свярдлоўскіх кампаній, адкрываюцца сумесныя прадпрыемствы. У прыватнасці, кампанія "Пневмостроймашина" сумесна з БелАЗ рэалізуюць інвестыцыйны праект па стварэнні вытворчасці гідраўлічных помпаў у горадзе Пінску.
Гэтай кампаніяй ужо ажыццяўляюцца пастаўкі гідраўлічнага абсталявання ў адрас найбуйнейшых беларускіх вытворцаў тэхнікі – БЕЛАЗ, МАЗ, Мінскі завод колавых цягачоў, Гомсельмаш.
Губернатар Свярдлоўскай вобласці Яўген Куйвашаў і пасол Расіі ў Беларусі Барыс Грызлоў у Палацы Незалежнасці
Актыўна пашыраюцца міжпарламенцкія і міжмуніцыпальныя сувязі. У сакавіку Екацярынбург будзе прымаць Дні Мінска, падчас якіх будуць арганізаваны дзелавыя, культурныя і кірмашовыя мерапрыемствы. А на дванаццатым форуме рэгіёнаў Расіі і Беларусі, які пройдзе летам гэтага года ў Ніжнім Ноўгарадзе, плануецца заключэнне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Заканадаўчым сходам Свярдлоўскай вобласці і Брэсцкім абласным Саветам дэпутатаў.
І гэта толькі некаторыя прыклады нашага супрацоўніцтва з Беларуссю.
– Вы не раз згадалі машынабудаванне як асноўны напрамак супрацоўніцтва з Беларуссю. Вядома, што ваша вобласць багатая на карысныя выкапні. Напэўна рэгіён мае патрэбу ў рознай тэхніцы, якая выкарыстоўваецца ў гэтым сектары. Ці ёсць цікавасць да яе закупкі ў Беларусі?
– Безумоўна. Наш прамысловы комплекс налічвае больш за 12 тысяч прадпрыемстваў. Мы захоўваем лідарства ў краіне па здабычы мінеральна-сыравінных рэсурсаў. Напрыклад, доля свярдлоўскай жалезнай руды перавышае 20% ад агульнарасійскай здабычы, практычна ўвесь айчынны ванадый здабываецца ў нас у рэгіёне. І беларуская тэхніка адыгрывае вялікую ролю ў дасягненні гэтых паказчыкаў. У мінулым годзе на нашы вытворчасці было адгружана 59 адзінак тэхнікі БелАЗ. Ужо ёсць план паставак на першы квартал гэтага года – 14 адзінак тэхнікі. Пры гэтым дадам, што БелАЗ актыўна супрацоўнічае з Уральскім горным універсітэтам, рэалізуючы сумесныя гуманітарныя праекты.
– Хацелася б абмеркаваць авіяцыйную прамысловасць – гэта яшчэ адзін профіль Свярдлоўскай вобласці. У Беларусі ёсць яўная цікавасць развіваць прамкааперацыю ў гэтым напрамку. Ці ёсць у вас нейкія напрацоўкі ў гэтай сферы?
– Так, гэтае пытанне неаднаразова абмяркоўвалася падчас нашай працоўнай паездкі. Аб напрацоўках я расказаў і Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку, і Раману Аляксандравічу Галоўчанку, і Віктару Міхайлавічу Каранкевічу. У Свярдлоўскай вобласці ёсць сур’ёзныя кампетэнцыі ў авіябудаванні і вялікія планы на будучыню, якія датычацца гэтай сферы. Я кажу, у першую чаргу, аб магутнасцях Уральскага завода грамадзянскай авіяцыі. Менавіта УЗГА з’яўляецца галаўным выканаўцам вопытна-канструктарскіх работ для вытворчасці лёгкаматорнага самалёта "Асвей". Праект не стаіць на месцы, і наш завод працягвае выконваць усе абавязацельствы ў рамках пагаднення з беларускім 558-м авіяцыйным рамонтным заводам.
– Давайце пяройдзем ад авіябудавання да авіяперавозак. Як вядома, зараз наладжаны прамыя зносіны паміж Мінскам і Екацярынбургам. Якая ў сярэднім загружанасць рэйсаў у рэспубліку? Ці з’яўляецца Беларусь папулярным турыстычным напрамкам для свярдлаўчан?
– Усе расіяне, я ўпэўнен, любяць Беларусь за яе гасціннасць і добразычлівасць. Уральцы – не выключэнне. Адсутнасць моўнага бар’ера, прамыя авіязносіны, бязвізавы ўезд па расійскім пашпарце і магчымасць аплачваць паслугі і тавары картай "Мир" – усё гэта спрыяе папулярнасці Мінска і іншых гарадоў Беларусі для турыстаў са Свярдлоўскай вобласці. Так, два разы на тыдзень з Екацярынбурга ў Мінск лятае "Белавія", а яшчэ існуе мноства стыковачных рэйсаў. Такім чынам, у Беларусь мы можам лятаць хоць кожны дзень. Загрузка рэйсаў у сярэднім складае 80% за год.
Па беларускім напрамку на Урале працуюць буйныя абласныя і федэральныя тураператары. Кампаніі прапануюць праграмы на аснове рэгулярных рэйсаў, пакетныя аўтобусныя туры, наземнае і экскурсійнае абслугоўванне працягласцю ад двух дзён.
– Свярдлоўская вобласць славіцца не толькі прамысловасцю, але і дасягненнямі ў сферы культуры, навукі, адукацыі. Наколькі развіта гуманітарнае супрацоўніцтва Беларусі і рэгіёна?
– Гуманітарныя праекты адыгрываюць важную ролю ў нашым супрацоўніцтве. Свярдлоўскія і беларускія ВНУ актыўна ўзаемадзейнічаюць: рэалізуюцца сумесныя адукацыйныя праграмы, ажыццяўляецца абмен вучэбна-метадычнымі матэрыяламі. У нашых ВНУ вучацца студэнты з Беларусі.
Мне бачыцца перспектыўным паглыбленне ўзаемадзеяння ў навукова-адукацыйнай сферы і ўмацаванне кантактаў паміж ВНУ.
Сфера культуры – не менш важны аспект нашай работы з беларускімі партнёрамі. І хоць у многіх Урал асацыіруецца з дасягненнямі ў сферы прамысловасці, гэта не выключае таго, што ў Свярдлоўскай вобласці кіпіць і культурнае, і дзелавое, і інтэлектуальнае жыццё. Наш край валодае ўнікальнай гісторыяй, багатай культурнай спадчынай. З рэспублікай у нас праходзяць абменныя гастролі тэатральных калектываў.
У прыватнасці, восенню мінулага года ў Беларусі адбыліся гастролі Свярдлоўскага тэатра музычнай камедыі. А зараз Свярдлоўская вобласць рыхтуецца да маштабнай падзеі – Славянскага базару ў Віцебску. Міністэрства культуры Беларусі і аргкамітэт падтрымалі заяўку Уральскага дзяржаўнага акадэмічнага рускага народнага хору на ўдзел у сёлетнім фестывалі мастацтваў. Для нас гэта вялікі гонар.
– У гэтым годзе адзначаецца 80-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Вядома, што злучэнні, сфарміраваныя на свярдлоўскай зямлі, вызвалялі Беларусь. Ці плануюцца сумесныя мерапрыемствы па святкаванні 9 Мая?
– Гэта важная для ўсіх нас тэма, якую мы, вядома, не маглі абысці бокам. У мінулым годзе трое нашых ветэранаў, якія бралі ўдзел у вызваленні Беларусі, былі адзначаны юбілейнымі медалямі, выпушчанымі ў гонар 80-годдзя вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Я падзякаваў Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку і Савету міністраў рэспублікі за ўшаноўванне нашых ветэранаў.
Візіт свярдлоўскай дэлегацыі ў Мінск у лютым гэтага года быў прымеркаваны ў тым ліку да адкрыцця выставы копій архіўных дакументаў "Праз палон". Экспазіцыя падрыхтавана з фондаў Дзяржархіва Адміністрацыйных органаў Свярдлоўскай вобласці. Яна змяшчае дакументы, якія адлюстроўваюць гісторыю ўзаемадзеяння Урала і Беларусі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны, успаміны свярдлаўчан, якія ваявалі і ў складзе дзеючай арміі, і ў партызанскіх атрадах. Я запрашаю ўсіх жыхароў і гасцей Беларусі наведаць выставу, якая размешчана на пляцоўцы Нацыянальнай бібліятэкі.
– Якія яшчэ сумесныя мерапрыемствы запланаваны Беларуссю і Свярдлоўскай вобласцю ў 2025 годзе? Не толькі ў сферы культурнага абмену.
– Я ўжо запрасіў дэлегацыю Рэспублікі Беларусь у Екацярынбург на Міжнародную прамысловую выставу "Иннопром". У гэтым годзе яна пройдзе з 7 па 10 ліпеня. Традыцыйны ўдзел беларусаў у выставе ў значнай ступені садзейнічае развіццю дзелавых кантактаў. Нагадаю, у 2023 годзе Беларусь выступіла краінай-партнёрам "Иннопрома" і, акрамя маштабнай выставачнай экспазіцыі, прадставіла насычаную культурную праграму. Спадчынай "Иннопрома" стала адкрыццё ў Екацярынбургу першай у Расіі крамы беларускіх тавараў "Да дому".
А сёлета з’явіцца новы праект "Иннопром. Беларусь". Выстава пройдзе восенню ў Мінску. Без сумнення, гэтае мерапрыемства ўнясе адчувальны ўклад у развіццё кааперацыйных сувязей.
Таксама я запрасіў беларускую дэлегацыю ўзяць удзел у Міжнародным жаночым форуме. Ён адбудзецца ў Екацярынбургу з 30 мая па 1 чэрвеня. Мерапрыемства, якое ўжо стала традыцыйным, накіравана на ўмацаванне пазіцый жанчын у жыцці дзяржавы і развіцці грамадства.
Запэўніваю вас, наперадзе ў Свярдлоўскай вобласці і Беларусі шмат цікавых і яскравых праектаў. Мы гатовы прыкласці максімум намаганняў для іх рэалізацыі.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі
Хабіраў: Башкортастан з Беларуссю аб’ядноўвае больш, чым эканоміка