МІНСК, 9 кра – Sputnik. Работа па ўкараненні ў ЕАЭС адзінага справядлівага тарыфу на паслугі мабільнай сувязі ідзе, казаць аб канкрэтных тэрмінах пакуль рана, паведаміў міністр па канкурэнцыі і антыманапольным рэгуляванні Еўразійскай эканамічнай камісіі Максім Ермаловіч, перадае карэспандэнт Sputnik.
Ён нагадаў, што Беларусь і Расія з 1 сакавіка перайшлі на "дамашнія" тарыфы ў роўмінгу, і гэты вопыт улічваецца ў пытаннях з роўмінгам на ўсёй прасторы ЕАЭС, куды таксама ўваходзяць Казахстан, Кыргызстан і Арменія.
"Сапраўды, вельмі сур’ёзны вынік, на які мы арыентуемся пры пабудове сістэмы справядлівага тарыфу на еўразійскай эканамічнай прасторы", - сказаў Ермаловіч журналістам у кулуарах ІІІ Беларуска-Расійскага турыстычнага кангрэса ў Мінску.
Міністр заявіў, што ЕЭК не рэгулюе тарыфы на мабільную сувязь, а толькі дае пляцоўку для таго, каб аператары самі паміж сабой дамовіліся аб зніжэнні кошту інтэрканэкту.
"І гэта ў канчатковым выніку павінна прывесці да істотнага зніжэння агульнага кошту паслуг галасавой сувязі, а ў перспектыве – і перадачы даных", - удакладніў ён.
Спачатку званкі, потым інтэрнэт
Ермаловіч адзначыў, што трэба як мага хутчэй вырашаць пытанне з адменай роўмінгу на галасавую сувязь унутры ЕАЭС, паколькі гэта адзін з важных фактараў для павелічэння турыстычнага патоку і камфортных умоў знаходжання замежных грамадзян у саюзе.
"Перадача даных – больш складанае пытанне, паколькі неабходна гарантаваць бяспеку перадачы інфармацыі, і мы над гэтым працуем. Тэрміны, калі мы пяройдзем да адмены роўмінгу пры перадачы даных, больш аддаленыя", - падкрэсліў міністр ЕЭК.
Вяртаючыся да тэмы стварэння адзінага справядлівага тарыфу ў ЕАЭС, ён паведаміў, што работа ў гэтым плане ідзе цяжка, аднак задача будзе вырашана.
"Мы будзем абмяркоўваць на бліжэйшым пасяджэнні калегіі (ЕЭК - Sputnik) гэтае пытанне, тэма застаецца пакуль у полі абмеркавання, пакуль рана гаварыць аб нейкіх тэрмінах. Але ўпэўнен, што мы прымем рашэнне", - сказаў на заканчэнне Ермаловіч.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"