Аварыя на Чарнобыльскай АЭС здарылася роўна 39 гадоў таму – 26 красавіка 1986 года. У гэты дзень на станцыі адбыўся выбух з выкідам у атмасферу вялізнай колькасці радыеактыўных рэчываў.
З-за таго, што ў раёне Чарнобыля ў той час дзьмуў заходні вецер, яны былі разнесены на тысячы квадратных кіламетраў. У выніку забруджванне распаўсюдзілася на значныя тэрыторыі Савецкага Саюза, якія зараз уваходзяць у склад Беларусі, Расіі і Украіны.
У Беларусі асабліва моцна пацярпелі Гомельская і Магілёўская вобласці. Так, у зону радыеактыўнага забруджвання трапілі 2,7 тысячы населеных пунктаў, дзе пражывалі больш за два мільёны чалавек, з найбольш пацярпелых раёнаў было выселена 137 тысяч, а ліквідавана амаль 500 вёсак.
Пазней, улічваючы цяжар наступстваў катастрофы на ЧАЭС і яе маштаб, беларускія тэрыторыі былі аб’яўлены зонай экалагічнага бедства, а на адселенай тэрыторыі быў створаны Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік (ПДРЭЗ). Сёння беларуская частка зоны адчужэння даступна для наведванняў і адкрыта для арганізаваных турыстычных груп. Гэтыя экскурсіі карыстаюцца папулярнасцю не толькі напярэдадні гадавіны катастрофы.
У зоне адчужэння ЧАЭС
© Photo : из архива Петра Филона
Гамяльчанін Пётр Філон першым прапанаваў турыстычны маршрут па зоне адчужэння і ў 2018 годзе пачаў вазіць туды турыстаў, а зараз яго аўтарскія праграмы па Хойніцкім, Брагінскім і Нараўлянскім раёнах лічацца афіцыйнымі маршрутамі па ПДРЭЗ.
Чаму турысты выбіраюць такі экстрэмальны кірунак для сваіх вандраванняў, якія эмоцыі яны адчуваюць у зоне адчужэння, а каго туды не пусцяць ні пад якой падставай, разбіраўся Sputnik.
Самае экстрэмальнае месца на планеце
"У першай палове года пік паездак з экскурсіямі ў беларускую частку зоны адчужэння звычайна прыпадае на гадавіну Чарнобыльскай аварыі, гэта значыць з канца красавіка і да майскіх свят. Таксама вялікі паток турыстаў адзначаецца ў кастрычніку і лістападзе, ужо шмат людзей запісваецца на экскурсіі восенню. Зімой і летам турыстаў звычайна значна менш", - расказаў экскурсавод, арганізатар тураў і фіналіст усерасійскага конкурсу "Маршрут построен – 2025" Пётр Філон.
Турысты ў зоне адчужэння ЧАЭС
© Photo : из архива Петра Филона
Ён таксама падзяліўся, што за ўсе гады сваёй працы, ён стаў "правадніком" у зону адчужэння для турыстаў з больш як 40 краін. Былі людзі з Малайзіі, Паўднёвай Карэі, Аўстраліі, Інданезіі, ЗША, Кітая, Ганконга, амаль з усіх краін Еўрасаюза. Аднойчы ў складзе групы быў нават турыст з В’етнама. Але найчасцей прыязджаю расіяне.
"На мінулым тыдні ў мяне была група, якая складалася з беларусаў і іспанцаў, таксама была беларуска-італьянская група, але беларусаў там было менш, чым італьянцаў. На гэтым тыдні таксама ў асноўным італьянцы. Справа ў тым, што ў мінулым годзе са мной у зону адчужэння ездзілі некалькі вядомых італьянскіх блогераў, якія вельмі цікава асвятлілі ў сваіх блогах гэтую паездку. Цяпер акрамя расіян да нас яшчэ прыязджае шмат італьянцаў", - распавёў эксперт па чарнобыльскай зоне.
Разам з тым, на думку арганізатара тураў, гэта вельмі спецыфічны турыстычны напрамак, і каб адпраўляцца ў такія паездкі, трэба быць не толькі аматарам, але і сапраўдным знатаком такога віду турызму.
У зоне адчужэння ЧАЭС
© Photo : из архива Петра Филона
"Гэта незвычайнае і зусім не банальнае падарожжа, падчас якога можна не толькі развеяць некаторыя міфы аб зоне (а некаторыя турысты да гэтага часу пытаюцца аб мутантах), але і пабольш даведацца аб наступствах аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Людзі прыязджаюць у гэтыя месцы і бачаць прыгожую прыроду, якая цалкам аднавілася пасля таго, як адтуль знік чалавек", - падзяліўся Пётр.
У кожнага свае эмоцыі
"У многіх турыстаў, у асноўным іншаземцаў, гэтыя экскурсіі выклікаюць станоўчыя эмоцыі і радасць ад падарожжа, таму што для многіх гасцей Беларусі паездка ў зону адчужэння – галоўная мэта наведвання краіны. Яны радуюцца, што ў іх усё атрымалася", - сказаў ён.
У зоне адчужэння ЧАЭС
© Photo : из архива Петра Филона
Што да беларусаў і расіян, то ў іх, паводле слоў субяседніка агенцтва, часцей узнікаюць сумныя эмоцыі: у гэтым месцы яны ўсведамляюць маштаб трагедыі на ЧАЭС і яе наступстваў.
"Для мяне асабіста зона адчужэння – гэта вялікі музей пад адкрытым небам мінулай эпохі СССР, таму што там вельмі шмат пакінутых артэфактаў той эпохі, а яшчэ гэта музей чалавечай памылкі і наглядная дэманстрацыя таго, якія наступствы з-за гэтага могуць быць", - падзяліўся экскурсавод.
У зоне адчужэння ЧАЭС
© Photo : из архива Петра Филона
Акрамя таго, для яго гэта не толькі праца, але і магчымасць актыўнага адпачынку: "Гэта цэлы дзень, праведзены на свежым паветры ў запаведніку, без машын і знешняга шуму. Мне заўсёды прыемна адпраўляцца ў гэтыя паездкі".
Не ўсё так проста
Аднак так проста ў беларускую зону адчужэння не трапіць, для гэтага трэба атрымаць спецыяльны пропуск, афармленнем якога займаецца адміністрацыя радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.
"Робіцца гэта цэнтралізавана, гэта значыць для ўсёй групы турыстаў, складанасцей у гэтым плане няма ніякіх. Але падаваць дакументы трэба загадзя, а не ў дзень паездкі, і чым раней, тым лепш. Пропуск афармляецца на працягу 5-7 дзён, гэта значыць падаваць дакументы пажадана за 10 дзён да паездкі. Ад турыста спатрэбіцца толькі пашпарт", - расказаў Пётр.
Уезд у зону адчужэння ЧАЭС
© Photo : из архива Петра Филона
Самастойна трапіць у зону адчужэння не атрымаецца – пропуск туды можна атрымаць толькі ў складзе турыстычнай групы ў рамках экскурсіі, іншыя варыянты выключаны.
Ёсць яшчэ адзін важны нюанс: дзецям у зону адчужэння нельга – пропуск выдаецца толькі асобам ва ўзросце ад 18 гадоў.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"