З самай раніцы 9 мая ў сталіцы Беларусі мноства людзей прыйшло да плошчы Перамогі, каб ускласці кветкі да манумента і паўдзельнічаць у акцыях "Бессмертный полк" і "Беларусь памятае". Спачатку разлік з роты ганаровай варты ўсклаў вянок да абеліска ад імя прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.
Затым да помніка ўрачыста прайшлі вышэйшыя службовыя асобы, сярод якіх былі прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Дзмітрый Крутой, старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сяргеенка і іншыя.
Быў сярод іх і генэральны пракурор Андрэй Швед, які падзяліўся з журналістамі асабістай гісторыяй.
"У кожнай, напэўна, сям’і ёсць свая гісторыя. У мяне таксама ваявалі. Мой родны дзядуля, Сямён Рамановіч, ён …прайшоў вайну. Забіваў немцаў ужо з першых дзён акупацыі. Другі дзядуля знік без вестак. Прызываўся ў ліпені 1941 года. І таму, калі я сам прысутнічаю на раскопках, кожны раз лаўлю сябе на думцы, што раптам знойдзецца медальён майго дзеда, і я нешта даведаюся…", - распавёў Швед.
Масавае ўскладанне працягвалася больш за дзве гадзіны, і недзе ў сярэдзіне калоны карэспандэнты Sputnik сустрэлі сям’ю – муж, жонка і сын. Яны неслі партрэты двух падобных байцоў у пілотках. Адзін зусім юны, а другі – сталы мужчына з вусамі. Аказалася, гэта бацька і сын. Абодва з-пад Слуцка.
Пад канец вайны бацька сустракаў новае папаўненне ўжо на тэрыторыі Заходняй Еўропы, і раптам адзін з пачаткоўцаў кажа: "Добры дзень, тата!". Бацьку, на жаль, сур’ёзна параніла, ён доўга ляжаў у шпіталі, а сын дайшоў да Берліна.
З партрэтамі ішлі не толькі мінчане, але і госці горада, у тым ліку з Расіі, і ў кожнага – свая сямейная гісторыя.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"