Дзень Перамогі

Сабраны з частак баявых машын: рэдкі танк-знішчальнік узнаўляюць у Беларусі

Група рэстаўратараў гісторыка-культурнага комплексу "Лінія Сталіна" са жніўня мінулага года працуе над стварэннем рэдкай баявой машыны – танка Т-34 з 57-міліметровай гарматай.
Sputnik
Усяго за гады Вялікай Айчыннай вайны было выпушчана 14 такіх танкаў, але з розных прычын іх далейшую вытворчасць вырашылі не наладжваць. Першыя 10 экзэмпляраў сышлі з канвеера ў Харкаве восенню 1941-га і адразу адправіліся на фронт. Яны прынялі ўдзел у наступленні на Калінін (цяпер – Цвер).
Танкі добра паказалі сябе, але ўсе былі страчаны ў баях. Спроба пачаць серыйны выпуск Т-34-57 была зроблена ў 1943-м, на гэты раз выкарыстоўвалася мадыфікаваная гармата ЗІС-4. Тым не менш, вытворчасць не развярнулі, выпусціўшы ў ліпені і жніўні чатыры машыны. Гэта звязана з тым, што прыярытэт аддалі гармаце з калібрам 85 мм.
Хадавую копію менавіта рэдкага экзэмпляра Т-34 з 57-міліметровай зброяй узнаўляюць майстры пад Мінскам. Аб цяжкасцях у стварэнні танка і аб справе ўсяго жыцця у матэрыяле Sputnik.

Ад "паўтаратонкі" да КВ-1

Усяго на "Лініі Сталіна" зараз ёсць 26 адзінак гусенічнай і 24 колавай рарытэтнай тэхнікі – усе машыны на хаду і маюць багатую гісторыю. У тым ліку ёсць легендарныя танкі БТ-7 і КВ-1, нямецкія самаходкі StuG III розных мадыфікацый, савецкая Су-76. Нейкую тэхніку перадалі на "Лінію" пошукавікі, недзе дапамаглі Мінабароны, МУС і Дзяржпагранкамітэт. Некаторую бронетэхніку стваралі з нуля, але частка гісторыі ў іх усё ж ёсць – сістэмы ўзбраення, трыплексы, рычагі з рэальных машын.
Ваенная тэхніка на "Лініі Сталіна"
"Мы выкарыстоўваем усе тыя элементы, якія знаходзім на палях бітваў", - расказаў выканаўчы дырэктар гісторыка-культурнага комплексу Аляксандр Мятла.
Ён дадаў, што ўсё ўзбраенне дэактывавана, але здольнае страляць халастымі піратэхнічнымі зарадамі. Гэта патрэбна для таго, каб тэхніка выглядала рэалістычна падчас маштабных рэканструкцый.
Ваенная тэхніка на "Лініі Сталіна"

Пабудова танка

Над аднаўленнем танка Т-34-57 працуе група з чатырох рэстаўратараў: Аляксандр Мікалуцкі, Уладзімір Якушаў з сынамі Аляксеем і Максімам. Зборка адбываецца па чарцяжах, калі патрэбна дапамога ў вырабе якіх-небудзь дэталей, звяртаюцца на заводы. Там не адмаўляюць.
Аднаўленне танка Т-34-57
У ангары, дзе будуецца Т-34-57, кіпіць праца: майстры ўстанаўліваюць дэталі ўнутр машыны. Сам танк лёгка пазнаць па доўгім і тонкім ствале гарматы ЗІС-4.
Машына будуецца на базе савецкага сярэдняга артылерыйскага цягача АТС-59. Каб габарыты адпавядалі, яго прыйшлося разрэзаць і наварыць дадаткова 20 сантыметраў металу паміж трэцім і другім катком. З камплектуючымі дапамаглі пагранічнікі – яны перадалі рухавік ЯМЗ. Такі ж выкарыстоўваецца ў транспарцёры-цягачы МТ-ЛБ. Матор ужо ўстанавіілі ў танк. Ён хоць і важыць каля 1,4 т (арыгінальны больш чым у два разы лягчэй), але мае шэраг пераваг, у тым ліку і большы мотарэсурс.
Аднаўленне танка Т-34-57
Аляксандр Мятла прызнаўся, што была ідэя ўзяць дэталі ад экзэмпляраў першых выпускаў Т-34.
"Каробку старую, бартавыя (экраны - Sputnik), але рэсурсы іх вельмі абмежаваны. Яны і так ужо паляжалі ў зямлі і вельмі зношаныя. Да таго ж першыя карбкіі былі не вельмі ўдалымі, часта ламаліся, галоўны фрыкцыён ужо таксама зношаны", - растлумачыў ён.
Таму было прынята рашэнне аблягчыць тэхніку на 14 тон (да 20 тон замест 34) і ўзнаўляць так, каб танк як мага даўжэй праслужыў. Бо галоўная задача тэхнікі – гэта не стаяць у ангары, а ўдзельнічаць у рэканструкцыі баёў 1941-1945 гадоў.
Аляксандр Мятла

Усё жыццё робім танкі

У ангары, дзе робяць танк, ненадоўга спыняецца праца, ёсць крыху час, каб пагаварыць з адным з тых, хто частку свайго жыцця прысвяціў аднаўленню тэхнікі. Аляксандр Мікалуцкі, як і астатнія тры рэстаўратары, родам са Шклова. Займаецца аднаўленнем тэхнікі ўжо 25 гадоў і зараз не ўяўляе сваё жыццё без любімай справы. Ён прызнаўся, што найбольшую асалоду атрымлівае, калі бачыць вынік сваёй працы на хаду, падчас рэканструкцый, на пастаментах.
Аляксандр Мікалуцкі
"Мы ганарымся тым, што робім, бо пакідаем тую памяць, якую зараз увесь час імкнуцца перапісаць. А мы хочам, каб гэтая памяць ніколі не была перапісаная", - дзеліцца майстар.
Ён пачаў займацца аднаўленнем тэхнікі з 1998 года. Паднімалі яе з балот, рэк, азёр і па крупінках збіралі ў адзіны механізм. У жніўні мінулага года каманда рэстаўратараў пачала работу над Т-34-57 і ўжо амаль завяршыла яе.
Аднаўленне танка Т-34-57
"Атрымліваецца, за дзевяць месяцаў мы зробім "трыццацьчацвёрку". У асноўным у нас на тэхніку сыходзіць паўгода, але тут у нас тэрміны зацягнуліся з-за таго, што танк рэдкі. Таму тут некаторыя цяжкасці ўзніклі з устаноўкай патрэбнага вугла пліты, бранемаскі. Гэта добра, што пошукавікі паднялі браняпліты аднаго з Т-34. Вось дзякуючы гэтаму мы цалкам ідэнтычна аднавілі люк мэханіка кіроўцы. Гэта самая цяжкая частка, бо мы хацелі зрабіць так, каб машына адпавядала таму часу", - падзяліўся майстар.
Аднаўленне танка Т-34-57
У рабоце спецыялісты выкарыстоўваюць тэматычную літаратуру, чарцяжы, дапамагае і інтэрнэт. Дзякуючы гэтаму копіі знешне не адрозніваюцца ад арыгіналаў.
У духу эпохі на танк устанаўліваюць скрыні з інструментамі, мацуюць тросы, ламы, рыдлёўкі. Рэстаўратары плануюць пачаць хадавыя выпрабаванні ўжо ў пачатку мая, а цалкам гатовы танк праедзе па "Лініі Сталіна" ў чэрвені.
Аднаўленне танка Т-34-57

Маштабныя планы

Выканаўчы дырэктар гісторыка-культурнага комплексу Аляксандр Мятла дадае, што ідэй для будучай тэхнікі маса. Напрыклад, у планах зрабіць трэнажоры танкаў, якія можна ставіць у класы, каб дзеці са школы маглі вывучаць тэхніку і праводзіць баявое зладжванне.

"Хочам зрабіць гэта ў рарытэтным стылі, напрыклад, Т-26 і Pz-II. Гэта значыць, там экіпажы працуюць і адзін супраць аднаго ваююць. Гэта цікава. Да таго ж працягнем займацца рэканструкцыямі", - сказаў ён.

Танк Т-26 на "Лініі Сталіна"
Цяпер на "Лініі Сталіна" ў год разам з МУС, Мінабароны і ДПК праводзяцца каля 14 маштабных рэканструкцый перыяду ВАВ. Такія мерапрыемствы наглядна паказваюць падзеі тых гадоў і, вядома, нараджаюць цікавасць да гісторыі.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Дзень Перамогі
Палеская цвярдыня: як Мазырскі ўмацаваны раён адвёў нацыстаў ад Масквы