МІНСК, 12 мая – Sputnik. У Беларусі дастаткова шмат рэгіёнаў, у якіх дзейнічаюць абмежаванні на наведванне лясоў – нягледзячы на адчувальнае пахаладанне і перыядычныя ападкі, гэта вынікае з даных інтэрактыўнай карты Мінлясгаса рэспублікі.
Так, у Мінскай вобласці ўсяго тры раёны лічацца цалкам адкрытымі для наведвання лясных масіваў: гэта Пухавіцкі, Старадарожскі і Чэрвеньскі. Астатнія рэгіёны Міншчыны да гэтага часу пад абмежаваннямі з-за трэцяга класа пажарнай небяспекі.
Аналагічная сітуацыя склалася яшчэ ў дзвюх абласцях – Гродзенскай і Гомельскай, дзе таксама толькі па тры раёны афарбаваны на карце зялёным колерам, гэта значыць яны з’яўляюцца адкрытымі. У Гродзенскай вобласці гэта Бераставіцкі, Ваўкавыскі і Свіслацкі, а ў Гомельскай – Жлобінскі, Мазырскі і Рагачоўскі.
У Брэсцкай вобласці пяць "зялёных" раёнаў (Брэсцкі, Жабінкаўскі, Камянецкі, Кобрынскі, Маларыцкі), столькі ж і ў Віцебскай (Браслаўскі, Верхнядзвінскі, Гарадоцкі, Докшыцкі і Полацкі). У астатніх рэгіёнах гэтых дзвюх абласцей да гэтага часу дзейнічаюць абмежаванні з-за рызыкі лясных пажараў.
У Магілёўскай вобласці адкрытых раёнаў значна больш – 8, гэта Бялыніцкі, Бабруйскі, Быхаўскі, Кіраўскі, Клічаўскі, Круглянскі, Магілёўскі і Шклоўскі. У іншых раёнах вобласці дзейнічае трэці клас пажарнай небяспекі і абмежаванне на наведванне лясных масіваў.
У час абмежаванняў забаронена раскладваць у лясах вогнішчы, арганізоўваць і праводзіць турзлёты, школьныя экскурсіі і іншыя масавыя мерапрыемствы, заязджаць на машынах. Гэта толькі часовыя меры, яны могуць быць зняты са змяненнем умоў надвор’я.
Парушальнікам забароны можа пагражаць штраф – да 12 базавых велічынь (504 руб.). Калі парушэнне стала прычынай сур’ёзнага пажару (была знішчана ці пашкоджана частка лесу), штраф можа даходзіць да 30 базавых (1 260 руб.).
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"