МІНСК, 18 чэр – Sputnik. Адразу чатыры новыя старонкі з’явілася ў Кнізе рэкордаў Беларусі. Аб асаблівасцях сваіх дасягненняў пераможцы расказалі ў мультымедыйным прэс-цэнтры Sputnik Беларусь.
Беларусы працягваюць здзіўляць дасягненнямі ў самых розных сферах. Напрыклад, калектыву прадпрыемства "Гроднаводаканал" належыць рэкорд "Самы буйны падземны водазабор па колькасці артэзіянскіх свідравін".
Як адзначыў дырэктар "Гроднаводаканала" Сяргей Сарока, да гэтага рэкорду ішлі не адно дзесяцігоддзе. У наступным годзе прадпрыемства адзначыць сваё 150-годдзе. Але сапраўдны імпульс развіцця пачаўся з утварэннем суверэннай і незалежнай Беларусі. Напрыклад, раней для патрэб буйнога абласнога цэнтра ваду часткова бралі з Нёмана.
"Ужо больш за 20 гадоў у нас вада бярэцца для грамадзян толькі з падземных крыніц. Калі гаварыць аб рэкордзе, то на адным падземным водазаборы размешчана 52 свідравіны глыбінёй каля трохсот метраў. Магутнасць водазабору складае 90 тысяч кубічных метраў за суткі", - расказаў Сарока.
Ён асабліва падкрэсліў высокую якасць вады. І нават прызнаўся, што дома не выкарыстоўвае бытавыя фільтры для вады і практычна не купляе ваду ў бутэльках.
"Вось многія кажуць чаму, калі мы кіпяцім ваду, у чайніку застаецца асадак. Але асадак – гэта солі, тое, што павінна быць у нармальнай, у добрай жывой вадзе. У прапушчанай праз бытавыя фільтры гэтага няма. Гэта значыць, вада пазбаўляецца карысных уласцівасцей. Таму я выкарыстоўваю ваду з-пад крана", - падзяліўся Сарока.
Не вадой адзінай
Іншае дасягненне таксама звязана з трубамі, але па іх цячэ не вада, а прапампоўваецца прыродны газ. Рэкорд "Самы працяглы надземны газаправод высокага ціску дыяметрам 1020 мм" належыць прадпрыемству "Віцебскаблгаз".
Рэкардсмен Кнігі рэкордаў Гінэса Кірыл Шымко і намеснік дырэктара "Віцебскаблгазу" Уладзіслаў Васільеў
© Sputnik / Сергей Пушкин
"Мы забяспечваем газам тэрыторыю Віцебскай вобласці. У нас эксплуатуецца больш за 7 тысяч газаправодаў. Але той, які трапіў у Кнігу рэкордаў Беларусі, сапраўды ўнікальны. Яго даўжыня 15 кіламетраў. Ён сілкуе магутны вытворчы вузел горада Полацк, дзе размешчаны, напрыклад, такія прадпрыемствы, як "Нафтан", - распавёў намеснік дырэктара "Віцебскаблгазу" Уладзіслаў Васільеў.
У рамках мерапрыемства спецыяльныя сертыфікаты ўручыў сусветна вядомы беларускі асілак, рэкардсмен Кнігі рэкордаў Гінэса Кірыл Шымко.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"