МІНСК, 27 чэр – Sputnik. Беларускія ВНУ пачынаюць сёння прымаць дакументы ў абітурыентаў, якія паступаюць па мэтавым накіраванні, паведамляе Sputnik.
Выпускнікі школ гэтай катэгорыі могуць прыносіць свае дакументы ў ВНУ да 2 ліпеня. У перыяд з 4 па 10 ліпеня ў вышэйшых навучальных установах краіны пройдуць унутраныя ўступныя іспыты, а само залічэнне мэтавікоў адбудзецца да 12 ліпеня.
Для таго, каб падаць дакументы, абітурыентам-мэтавікам абавязкова трэба мець адпаведны дагавор, падпісаны самім выпускніком, які паступае ў ВНУ, і арганізацыяй, якая выступае заказчыкам кадраў.
Акрамя гэтага, каб паступіць на большасць спецыяльнасцей таксама неабходна, каб сярэдні бал дакумента аб адукацыі быў не ніжэй за 7. Але на найбольш запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці гэтае патрабаванне не распаўсюджваецца.
У гэтым годзе беларускія ВНУ маюць намер набраць каля 6,4 тысячы мэтавікоў, з іх каля адной тысячы – будучых педагогаў.
Завяршыўшы прыём абітурыентаў, якія паступаюць па мэтавым накіраванні, ВНУ пачнуць асноўны прыём. Так, з 12 па 17 ліпеня па большасці спецыяльнасцей будучых студэнтаў прымуць на бюджэтную форму навучання, а з 12 ліпеня па 1 жніўня – на платныя месцы.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"