Таемнасць купальскіх песень: "Дзе ты, Купала, ноч начавала?.."

З даўніх часоў у таямнічую ноч на Купалле вясковая моладзь збіралася вакол вогнішча і спявала традыцыйныя купальскія песні. Якія старажытныя матывы чуюцца ў народных спевах – чытайце ў матэрыяле Sputnik.
Sputnik
Песні – неад’емная частка не толькі жыцця беларуса, але і народнага абрадавага цыкла. Здаўна на Купалле з адмысловымі спевамі дзяўчыны збіралі зёлкі, звівалі іх у вяночкі, варажылі ды вадзілі карагоды вакол вогнішча.
Купальскае вогнішча звычайна ладзілі каля ракі або поля, на выгане каля вёскі або нават на галоўнай плошчы мястэчка. Хлопцы збіралі галлё, салому і раскладвалі высокі агонь. Лічылася, што калі пераскочыць праз яго, полымя ачысціць усё дрэннае, што было дагэтуль, і прынясе ўдачу.
Галоўныя матывы купальскіх песень – каханне, і, зразумела, будучы ўраджай. Жыта ўжо стаіць высокае, наліваюцца каласы, а кароткія ночы – самыя цёплыя ў годзе. Спявалі на Купалле і жартаўлівыя песні, у якіх можна заўважыць не толькі абрадавыя сюжэты, але і звесткі пра штодзённае жыццё і зносіны беларусаў.
Купальскія песні сабраў у сваёй манаграфіі ў 70-я мінулага стагоддзя беларускі фалькларыст Арсень Ліс*. Sputnik прыводзіць некаторыя з гэтых песень у скарачэнні – мабыць, вы нават ведаеце матыў?
"Пойдзем, дзевачкі, / У зялёны гай..."

"Сягонне Купалле,
А заўтра Ян,
Пойдзем, дзевачкі,
У зялёны гай.

У зялёным гаі
Начаваць будзем,
Зялёны вяночкі
Віць будзем".

"Пляла вяночкі шаўком, шаўком / На Йвана Купала…"

"Ішла Купала сялом, сялом,
Закрыўшы вочкі пяром, пяром
На Йвана Купала.

Закрыўшы вочкі пяром, пяром,
Вітала хлопцаў чалом, чалом
На Йвана Купала.

Вітала хлопцаў чалом, чалом,
Свяціла ночкі агнём, агнём
На Йвана Купала.

Свяціла ночкі агнём, агнём,
Пляла вяночкі шаўком, шаўком
На Йвана Купала…"

"На гэту ночку вясёлу: / Будуць музыкі іграці…"

"Сядзіць Купалка на плоце,
Уся яе галоўка ў залоце
Да просіць у бога пагоды:
– Ой, дай жа, божа, пагоды
На гэту ночку вясёлу:
Будуць музыкі іграці,
Будуць дзеўкі гуляці,
Малодачкі спяваці…"

"Гэту ночку мне не спаці, то-то-то!.."

"Звала Купала Іллю на йгрышча, то-то-то!
– Хадзі, Іллішча, ка мне на йгрышча, то-то-то!
– Не маю часу, Купалачка, то-то-то!
Гэту ночку мне не спаці, то-то-то!
Трэба жыта ўсяго пільнаваці, то-то-то!.."

"Як улетку на Купалу / Ішлі дзеўкі табуном..."

"Як улетку на Купалу
Ішлі дзеўкі табуном,
Пілі мядок стаўбуном…

Ішлі хлопчыкі граніцаю
Да пілі мёд шкляніцаю…"

"Гэта, дзевачкі, не зелле, / Гэта ваша вяселле…"

"А на Купалле на Яна
Дзевачкі зелле капалі.
Яны капалі, не зналі,
Да караля паслалі.
Кароль зелле не пазнаў,
Да каралевы адаслаў.
Каралева зелле пазнала
I да дзевачак адаслала.
– Гэта, дзевачкі, не зелле,
Гэта ваша вяселле…"

"– Нашто красачкі, рана, рана? / – Я й вянкі віці, рана, рана…"

"Ты, Купаленька, рана, рана
Да дзе ты была, рана, рана,
Да што ты рабіла, рана, рана?
– Ды ў бары была, рана, рана,
Я краскі збірала, рана, рана.
– Нашто красачкі, рана, рана?
– Я й вянкі віці, рана, рана…"

"Начавала ночку на зялёным лужочку…"

"Дзе ты, Купала, ноч начавала:
Ці з Мікітам пад карытам,
Ці з Цімошкам пад лукошкам?
– Не з Мікітам пад карытам,
Не з Цімошкам пад лукошкам, –
Начавала ночку на зялёным лужочку…"

"...А за доўгім сном, / Купала на Йвана"

"Купала на Йвана,
А чый лён за балотам?
Купала на Йвана,
За балотам няполаты,
Купала на Йвана.
– Верачкі лён за балотам,
Купала на Йвана.
– А зачым ён не полаты?
Купала на Йвана…

– Ні за сім, ні за тым,
Купала на Йвана,
А за доўгім сном,
Купала на Йвана".

"Купальна ночка невялічка, / Да не выспалася дзевачка..."

"Купальна ночка невялічка,
Да не выспалася дзевачка,
Да ягадкі рвала – драмала,
Перабірала – заснула,
Прыехаў дзеціначка – не чула,
Махнуў хустачкаю – не адмахнуў,
Пакаціў персцянём – не дакаціў,
Злез з коніка – сам пабудзіў!.."

*Песні цытуюцца ў скарачэнні паводле кнігі Арсеня Ліса "Купальскія песні" (Мінск, 1974).
"...Зялёны вяночкі / Віць будзем"
Таксама на Sputnik:
Папараць-кветка, вянкі і вогнішча: як святкавалі Купалле пад Гроднам
Купалачка, або Нашы стравы каля вогнішча
"Купалле" ў Александрыі: тысячы гасцей адзначаюць свята традыцый – відэа