МІНСК, 8 жні – Sputnik. Навукоўцы лічаць, што глабальнае пацяпленне ў Беларусі пачалося зімой 1989 года, паведаміла на прэс-канферэнцыі ў пятніцу вядучы інжынер-метэаролаг аддзела вывучэння змяненняў клімату службы метэаралагічнага і кліматычнага маніторынгу, фонду даных Белгідрамета Алена Камароўская.
"Кожныя 10 гадоў тэмпература паветра ў Беларусі павялічваецца на 0,4 градуса. Рост тэмпературы паветра адбыўся практычна ў кожным месяцы, але найбольш заўважна гэта ў зімовы перыяд", - сказала Камароўская.
Паводле яе слоў, прынята лічыць, што пацяпленне клімату ў Беларусі пачалося зімой 1989 года.
Яна падкрэсліла, што з моманту пачатку глабальнай змены клімату пачасціліся хвалі цяпла.
"І калі да пачатку перыяду пацяплення яны бывалі не ў кожным годзе, то апошнім часам яны сталі пачашчацца, і маюць вельмі вялікую даўжыню. Найбольш характэрнай з’яўлялася хваля цяпла 2010 года, якая доўжылася з сярэдзіны ліпеня да сярэдзіны жніўня", - сказала спецыяліст.
Менавіта ў гэты перыяд, звярнула ўвагу Камароўская, быў пастаўлены рэкорд па максімальнай тэмпературы паветра ў Беларусі. Ён склаў 38,9 градуса, такая рэкордная тэмпература была зафіксавана на метэастанцыі Гомель, удакладніла спецыяліст.
"Да гэтага рэкордам для Беларусі была тэмпература 38 градусаў на станцыі назірання ў Васілевічах у 1946 годзе. Гэта значыць, рэкорд утрымліваўся больш за 60 гадоў", - адзначыла прадстаўнік Белгідрамета.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"