МІНСК, 20 жні – Sputnik. Беларускі прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ад сябе асабіста і ўсіх беларусаў павіншаваў калегу з Венгрыі Тамаша Шуёка, прэм’ера гэтай краіны Віктара Орбана і ўсіх венграў з нацыянальным святам – Днём Святога Іштвана, паведаміла прэс-служба беларускага лідара.
У віншаванні прэзідэнту Венгрыі Лукашэнка назваў тое, што аб’яднае народы Беларусі і Венгрыі. Гэта падобныя падыходы да суверэнітэту і незалежнасці, а таксама клапатлівае стаўленне да нацыянальнай ідэнтычнасці, духоўнай спадчыны і сваіх традыцый. Усё гэта, на думку прэзідэнта, таксама стварае перадумовы для паглыблення культурна-гуманітарнага супрацоўніцтва дзвюх краін.
Кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў, што Мінск вельмі шануе імкненне Будапешта да міру і згоды ў Еўропе. Лукашэнка ўпэўнен, што абедзве краіны могуць унесці сумесны ўклад ва ўмацаванне рэгіянальнай бяспекі, ролі міжнароднага права і ўстойлівай стратэгічнай стабільнасці.
"Спадзяюся, што супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі будзе і ў далейшым развівацца на аснове прагматызму, узаемнай падтрымкі і даверу", - дадаў беларускі прэзідэнт.
Віншуючы Орбана, Лукашэнка адзначыў, што Дзень Святога Іштвана ўвасабляе глыбокія карані венгерскай дзяржаўнасці, духоўнае адзінства народа і яго гістарычную мудрасць.
Ён таксама падкрэсліў, што беларускі бок цэніць дружалюбныя і прагматычныя адносіны з Венгрыяй.
"Мы падтрымліваем каналы камунікацыі і працягваем узаемакарыснае супрацоўніцтва дзеля росту дабрабыту нашых грамадзян", - адзначыў беларускі лідар.
Ён таксама выказаў упэўненасць, што рэзультатыўны дыялог на афіцыйным узроўні, а таксама добразычлівыя сувязі паміж беларусамі і венграмі будуць прадаўжаць садзейнічаць пашырэнню двухбаковага ўзаемадзеяння, у тым ліку ў галінах атамнай энергетыкі, сельскай гаспадаркі, культуры і спорту, а таксама на пляцоўках міжнародных арганізацый.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"